З людзьмі і для людзей

0
719

Не так даўно выпадак звёў мяне з зямлячкай, знаёмства з якой пакінула ў маёй памяці незгладжальны след. Новая знаёмая адрознівалася асаблівай сціпласцю, мудрасцю і разуменнем. Жанчына знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але не выбрала ўмераны лад жыцця: вядзе заняткі па лячэбнай фізкультуры з наведвальнікамі аддзялення комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Петрыкаўскага ТЦСАН, займаецца агародніцтвам, піша карціны, ведае на памяць многія вершы. Імя нашай гераіні – Людміла Зубар.

З людзьмі і для людзей
Людміла Зубар (у цэнтры паміж першым і другім радам) з групай наведвальнікаў заняткаў па лячэбнай фізкультуры

Людміла Пятроўна з першых хвілін знаёмства дала зразумець: асаблівых прычын пахвалы на свой адрас яна не бачыць. Жыве, як павінен жыць чалавек: па сумленні, з Богам у душы, з любоўю да бліжняга. Нарадзілася гераіня на Гомельшчыне, але калі была малой дзяўчынкай бацькі пераехалі на Поўнач, у горад Аленягорск, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва гераіні. Там атрымала педагагічную адукацыю па спецыяльнасці “Настаўнік фізічнай культуры”. Першае месца працы было на Урале, у Пермскай вобласці. Але маладому спецыялісту захацелася вярнуцца на Беларускае Палессе. Патэлефанавала ў Петрыкаў бабулі, ад якой атрымала згоду на пераезд.

– Петрыкаўшчына прыняла мяне як дачку. Тут я ўдасканальвалася ў прафесіі настаўніка, сустрэла свайго будучага мужа і стварыла сям’ю, – успамінае Людміла Пятроўна. – Калі ў сям’і чакалася папаўненне, вырашылі, што нараджаць паеду да бацькоў на Поўнач: маці там працавала фельчарам-акушэрам, а муж у гэты час праходзіў службу ў Афгане – не хацелася заставацца ў важны перыяд жыцця без падтрымкі самых блізкіх.

Суразмоўца расказала, што калі дзіця падрасло, яна прайшла курсы інструктара па лячэбнай фізкультуры і масажу. Па прыездзе да іх мужа, было прынята рашэнне некаторы час пажыць і папрацаваць у Аленягорску. У выніку дванаццаць з паловай гадоў жанчына адпрацавала інструктарам па лячэбнай фізкультуры ў адной з медустановаў. Методыкі, падыходы і магчымасці гэтага напрамку захапілі яе яшчэ тады, у маладыя гады. Цікавасць перарасла ў прафесійнае запатрабаванне. Па вяртанні на Петрыкаўшчыну справу не кінула: вяла заняткі ў Клубе юных маракоў і не думала, што калі пойдзе на заслужаны адпачынак, яе майстэрства будзе асоба запатрабавана.

– У цэнтр, практычна з моманту яго адкрыцця, мяне прывяла знаёмая, Раіса Будзіловіч. Прый-шла – як просты наведвальнік. Праз пэўны час прапанавалі правесці, у якасці валанцёра, занятак па лячэбнай фізкультуры. Паспрабавала, убачыла жаданне людзей палепшыць праз фізічныя практыкаванні сваё здароўе, эмацыянальны стан, стаць больш упэўненым у сабе, адчуць сваё цела – з тых часоў і займаюся патрэбнай справай, – дзеліцца суразмоўца. – На сённяшні дзень, звычайна, я праводжу заняткі з групай два разы на тыдзень, якія доўжацца гадзіну. Як гаворыцца: “На што вучыўся, на тое і спатрэбіўся”. Зразумела, што рыхтуюся да сустрэчы з наведвальнікамі, дагэтуль вывучаю спецыяльную літаратуру, прапаную нешта сваё.

Людміла Пятроўна, расказваючы пра сябе не хавае: усякага бывала ў жыцці і радаснага і сумнага. У дні, калі на душы было цяжка – узялася за аловак і пэндзлік. Яе настаўнік у дадзеным захапленні, наш зямляк Уладзімір Лапета, раскрыў ёй свае сакрэты майстэрства.

Створаныя ёю карціны ўпрыгожваюць дом, куды прыязджае сын з сям’ёй, прыходзяць сябры. Дом, у якім вельмі ўтульна ад бязмежнага цяпла гаспадыні.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о