Знайшлі шчасце ў родных мясцінах

0
270

Днямі ў Мазыры прайшоў занальны этап рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года-2024”, на якім Петрыкаўшчыну прадстаўляла сям’я Марыі і Аляксандра Сігай. Маладыя людзі не раз былі героямі публікацый “Петрыкаўскіх навін”, бо вопыт удзелу ў падобных конкурсах у іх ужо істотны, але на гэты раз мы вырашылі больш даведацца менавіта пра жыццёвы шлях землякоў і выбар сцяжыны лёсу, што вядзе іх да шчасця. Забягаючы наперад адзначу: нягледзячы на малады ўзрост, расказаць субяседнікам было што.

Знайшлі шчасце ў родных мясцінахАляксандр і Марыя родам з аграгарадка Пціч. Пасля заканчэння школы абодва навучаліся ў Мазыры. Малады чалавек, атрымаўшы адукацыю, адслужыў у арміі, а затым працаваў на чыгунцы. Марыя згадвае: “Скарыў мяне мой любы, вядома, не толькі знешнасцю. Не звярнуць увагу на статнага высокага мужчыну з карымі вачыма, было немагчыма. Ён вельмі прыгожа заляцаўся, адарыўшы мяне цеплынёй і пяшчотай. Я тады навучалася ва ўніверсітэце і мы вырашылі жыць разам. Неўзабаве згулялі вяселле і ў нас нарадзіўся першынец Арцём, які зараз навучаецца ўжо ў 6-м класе”.
Калі дзяўчына сканчвала ВНУ надышоў час вызначацца з будучыняй. Пара вырашыла вярнуцца ў родныя мясціны, дзе іх чакаў дом, які застаўся Марыі ад продкаў.
“Будынак са сваёй гісторыяй, даўжынёй не менш, чым у стагоддзе. Тут нарадзілася мая прабабуля, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны была партызанкай. У гэты час, дарэчы, жытло занялі немцы, якія знялі страху і ператварылі хату ў бліндаж”, – расказвае гаспадыня.

Знайшлі шчасце ў родных мясцінахПасля вайны дом адбудавалі і тут зноў забурліла жыццё. А ў лёсавызначальным для сям’і Сігай 2017-м годзе пабудову чакала сур’ёзная рэканструкцыя, дзе ў поўнай меры гаспадар праявіў свае будаўнічыя здольнасці. Хутка нарадзілася другое дзіця – Максім, жанчына пачала працаваць педагогам-арганізатарам у Пціцкай сярэдняй школе, Аляксандр шчыраваў на чыгунцы.

Маладыя людзі кажуць, што вялікія гарады асабліва іх ніколі не прываблівалі. Іншая справа – родная вёска: тут і блізкія, што падтрымліваюць і надаюць жыццёвых сіл, і з дзяцінства знаёмыя мясціны, і родны кут, які чакаў свайго гаспадара. А гаспадар, між іншым, мае залатыя рукі і ніякай працы не баіцца. Марыя атрымлівае задавальненне ад працы на зямлі, якой, між іншым, тут даволі вялікая плошча. Пара згадвае: “Першапачаткова мы жартавалі, што гэта будзе наш маёнтак, але з цягам часу сапраўды адчулі ўсю істотнасць і ўнутраны змест такога паняцця. Зараз мы ўсведамляем: ствараем не проста дом, а сваё, так бы мовіць, радавое гняздо, куды ў будучыні прыедуць нашыя дзеці ўжо з уласнымі сем’ямі, дзе будзе досыць месца і навакольнай прасторы ўсім”.

Гледзячы на энергічную сям’ю, што за ўсе справы бярэцца разам, дзе пануе разуменне і ўзаемадапамога, не прымусілі сябе чакаць і прапановы ўдзелу ў тэматычным мерапрыемствах. У тым жа 2017 годзе, сям’я ўпершыню паспрабавала сябе ў конкурсе “Уладар сяла”. Потым адбыўся невялічкі перапынак, але прычына тут самая паважлівая: муж і жонка ў трэці раз спазналі шчасце бацькоўства, калі нарадзілася дачушка Вераніка, якой у маі споўніцца тры гадкі.

У 2023 годзе сям’я Сігай перамагла ў раённым этапе конкурсу “Уладар сяла”, а на абласным узроўні, на сцэне ў Чачэрску, заняла тады ганаровае 2-е месца.

“У гэты раз, на занальным этапе конкурсу “Сям’я года-2024”, мы не ўвайшлі ў лік пераможцаў, але галоўнае, што пасля мерапрыемства ў нас з’явілася шмат ідэй, якія мы абавязкова ператворым у рэчаіснасць. Так, мы і надалей будзем займацца сваім радаводам. Нам захацелася стварыць адпаведную кнігу, дзе б знайшла месца ўся вядомая нам інфармацыя пра нашых продкаў, бо пакаленні змяняюцца і пачынаеш адчуваць адказнасць: калі ты не раскажаш дзецям пра сваіх сталых сваякоў, то адкуль яны будуць ведаць гісторыю ўласнага роду? Яшчэ на конкурсе трэба было прадставіць свой сацыяльна-значны праект. Урэшце мы вырашылі, што возьмемся распрацоўваць інтэрактыўную карту нашага наваколля, дзе пачэснае месца знойдзецца помнікам і пахаванням часоў Вялікай Айчыннай вайны. На падставе такой карты можна будзе рабіць падарожжы і тэматычныя віктарыны пра веданне роднага краю.

Самая буйная наша мэта – скончыць рамонт у доме, на ўчастку ажыццявіць свае гаспадарскія ідэі. А вось пасля ўжо можна бу-дзе прыняць удзел у конкурсе на лепшы падворак”, – падзялілася планамі сям’я Сігай.
Мы жадаем землякам далейшай невычарпальнай жыццёвай энергіі. Няхай усе члены сям’і будуць здаровымі, а ў вашым вялікім доме і надалей заўсёды пануе цеплыня, узаемаразуменне і дабрабыт. Упэўненыя, усе планы будуць рэалізаваныя, бо вы разам!

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о