Аб’яднаныя бабулінай песняй

0
750

Аб’яднаныя бабулінай песняй

Здаецца кожны ўяўляе сабе сельскі вакальны калектыў. Без фальклорных ансамбляў не абыходзіцца не адно буйное мерапрыемства на Петрыкаўшчыне. Але далёка не кожны разумее, што за рэпертуарам вясковых артыстаў хаваецца, нібы не заўважная частка айсбергу, істотная духоўная складаючая. Гэта і захаванне нашай нацыянальнай культуры, і перадача народных твораў падрастаючаму пакаленню, і аб’ядноўваючая місія. Пра гэта і шмат чаго іншага мы пагутарылі з загадчыцай філіялу “Чалюшчавіцкі сельскі Дом народнай творчасці” Тамарай Піліпенка і культурным арганізатарам установы культуры і мастацкім кіраўніком Народнага фальклорнага калектыву “Зарачаначка” Аленай Кароткай.

– Што да гісторыі нашага калектыву, то створаны ён быў з мясцовага народнага хору ў далёкім 1985-м годзе, калі было пабудавана сучаснае памяшканне клуба. Вядома, з таго часу састаў ансамблю ўжо абнавіўся. У 2008 годзе наш калектыў быў ганараваны званнем Народнага – распачынае гутарку Тамара Георгіеўна.

– Зараз “Зарачаначка” аб’ядноўвае жанчын розных прафесій. Спяваюць і танчаць у нас, апрача работнікаў культуры, медыкі, настаўнікі, людзі паважанага ўзросту. Але асабліва прыемна адзначыць, што каля паўгода таму да нас прыядналіся і школьніцы. Так, Аксану Ветрыш прывялі ў ансамбль яе бабулі – салісткі нашага калектыву. А Аксана запрасіла ў “Зарачаначку” сваю сяброўку Дар’ю Мазай. Дашы напачатку мы прапанавалі ролю вядучай, але музыкальныя дадзеныя дзяўчынкі і цікавасць да народнай музыкі не прымусілі чакаць чарговай прапановы ўжо ў якасці вакалісткі.
Аксана і Дар’я хутка ўліліся ў калектыў, наведваюць Дом народнай творчасці, нават калі няма рэпетыцый. Ды і на сцэне гэтыя дзеці літаральна пераўвасабляюцца ў сапраўдных артыстаў.

Акрамя гэтага, некалькі месяцаў таму да нас далучыліся і два педагогі-філолагі Таццяна Шурпач і Алена Ярмак. Мы вельмі ўдзячныя жанчынам з тое, што яны знайшлі час для нашай агульнай творчасці, бо добра разумеем, што дзень у настаўнікаў распісаны літаральна па хвілінах, – падзялілася Алена Фёдараўна.

Толькі за апошні час “Зарачаначка” радавала сваім выкананнем гараджан і гасцей райцэнтра на мерапрыемствах, прысвечаных 500-годдзю Петрыкава і Дню народнага адзінства. Акрамя гэтага калектыў выязджаў з канцэртнай праграмай у суседні рэгіён – з творчымі падарункамі артысткі завіталі ў горад Жыткавічы. У гастрольным графіку бліжэйшага часу выступленні з нагоды Дня маці ў пасёлку Муляраўка і, канешне, у родных Чалюшчавічах.

На пытанне, як зацікавіць вяскоўцаў, арганізаваць творчую работу калектыву, які налічвае 14 чалавек, работнікі культуры адказваюць шчырай усмешкай. Па ўсім відаць, што для маіх суразмоўцаў такога пытання не стаіць. Але праз непрацяглую паўзу я атрымліваю глыбокі і вобразны адказ:

– Мы адчыняем вокны і шчыра спяваем нашыя спрадвечныя песні. Людзі чуюць матывы, вядомыя ім яшчэ з калыскі ад бабуль. Пэўна тады чалавек і адчувае наша адзінства як беларусаў, як палешукоў, як аднавяскоўцаў і жадае мець дачыненне да агульнай культуры, – падзялілася Тамара Піліпенка.

– А калі прапаноўваеш зямлячкам наведаць калектыў, дапамагчы, аздобіць нашыя вакальныя партыі новымі галасамі, нам, вядома, не адмаўляюць, – дадала Алена Кароткая.

Але галоўнае, на думку жанчын – добразычлівая атмасфера. “Калі б мы, як вяскоўцы, не паважалі адзін аднаго, дык і ў ансамблі ладу не было б. Я вам шчыра скажу, што чалюшчавіцкія людзі – лепшыя, якіх я сустракала ў жыцці”, – шчыра выказалася Тамара Георгіеўна.

Што да рэпертуару, то “Зарачаначка” выконвае папулярныя савецкія шлягеры, народныя песні славянскіх краін і, вядома, мясцовыя фальклорныя песні і танцы. Работнікі культуры падбіраюць некалькі песень і прапаноўваюць іх калектыву, дзе на агульным савеце вакалісткі вырашаюць, ці ўключаць кампазіцыю ў рэпертуар. Сярод крытэрыяў можна адзначыць складанасць партый і музычнага суправаджэння, а таксама густы слухачоў.

Потым пачынаецца творчая работа, да якой нярэдка прыцягваюцца музыканты. Песню часам трэба апрацаваць, раскласці на галасы ці транспаніраваць у суседнюю танальнасць.

Дарэчы, жанчыны асцярожна падзяліліся, што неўзабаве ў “Зарачаначцы” можа з’явіцца і гарманіст, але ўвагі на гэтым не канцэнтравалі, каб, мабыць, не спужаць артыстычную ўдачу.

– Што да планаў, то мы будзем і надалей радаваць творчасцю жыхароў Чалюшчавічаў, а таксама навакольных малых вёсак Вялікага Поля і Другой Слабодкі. Заўсёды адкрытыя да прапаноў.

Зараз мы вучым новыя для калектыву песні “Ой арэ Сэмэн поле”, “Дож ідзе” (назвы пазначаны з захаваннем аўтэнтычнай палескай фанетыкі – заўвага рэдакцыі), “У каморы”, “Ой аралі хлопцы ніву”.

Але калі паглядзець на нашу мэту больш шырока, намагаемся, каб нашыя мясцовыя песні спявалі і землякі, вучылі ім сваіх дзетак і ўнукаў. Дарэчы, на выступленнях гэтыя акапэльныя кампазіцыі карыстаюцца асаблівай папулярнасцю.

Трэба заўважыць, што ў напрамку захавання нашай духоўнай спадчыны мы пачалі ладзіць сустрэчы з дзецьмі малодшага ўзросту. Раз на месяц мы навучаем іх нашым мясцовым танцам. Малыя з цікавасцю займаюцца, часам слухаюць так уважліва, што ў зале стаіць поўная цішыня. Гэта, вядома, радуе нас, надае сіл у творчай дзейнасці.

Згадзіцеся, прыемна адчуваць, што традыцыі нашыя не толькі шануюцца, але і пераймаюцца, – падвялі вынік гутаркі жанчыны.

Нам застаецца павіншаваць работнікаў культуры Пет-рыкаўшчыны з прафесійным святам. Жадаем моцнага здароўя, дабрабыту, невычэрпнай творчай энергіі, цудоўных пачынанняў, яскравых выступленняў і ўдзячнага гледача. Няхай і надалей бабуліна песня льецца па-над малой радзімай!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота з архіва калектыву.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о