“Мой край родны – часціца Радзімы вялікай”

0
1438

На гэтым тыдні для навучэнцаў гарадскіх школ была праведзена дыялогавая пляцоўка, прымеркаваная да 85-годдзя прысваення статусу горада Петрыкаву і гарадскога пасёлка – Капаткевічам.

“Ведаць гісторыю мястэчка, дзе нарадзіўся – значыць быць сапраўдным патрыётам сваёй зямлі”, – такімі словамі пачала дыялог з падрастаючым пакаленнем навуковы супрацоўнік Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Галіна Занкевіч. Гэтую думку Галіна Уладзіміраўна пранесла праз усё сваё выступленне, расказваючы навучэнцам пра гістарычныя вехі Петрыкава і Капаткевіч з 1925 і 1938 года, часу, калі былі прысвоены ім статусы горада і гарадскога пасёлка адпаведна. Гаворачы пра даваенную гісторыі населеных пунктаў, былі адзначаны факты развіцця рэгіёну: у горадзе наладжана праца вытворчасці цэглы, у Капаткевіцкім раёне адкрываліся школы, дамы культуры, бібліятэкі. Планы былі парушаны з пачаткам Вялікай Айчыннай. У 1941 годзе тэрыторыя населеных пунктаў была захоплена фашысцкімі войскамі. Адзначалася дзейнасць 130-й Петрыкаўскай, 120-й і 125-й Капаткевіцкіх партызанскіх брыгад, якія часта ратавалі мірнае насельніцтва ад расстрэлаў, вывазу ў нямецкае рабства. За гады акупацыі Капаткевічы былі амаль поўнасцю спалены, забіта 112 мірных жыхароў, на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 287 грамадзян. У Петрыкаве карнікі па-зверску расстралялі сотні яўрэяў, многія землякі перажылі здзек і рабства ў Германіі. У ліпені 1944 года горад і пасёлак былі вызвалены ад захопнікаў. Пачалася арганізацыя работы школ, адкрыты бальніцы, адноўлена праца Петрыкаўскага суднабудаўнічага завода, Капаткевіцкага будаўніча-мантажнага ўпраўлення. У 50-х пастаўлена вытворчасць жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі, наладжана вырошчванне кукурузы, кок-сагызу. 25 снежня 1962 года Капаткевіцкі раён быў ліквідаваны, яго землі далучаны да Петрыкаўскага. Навуковы супрацоўнік расказала пра ўраджэнцаў Петрыкава, Капаткевічаў – уладальнікаў высокіх дзяржаўных узнагарод, пра ветэранаў вайны, жыхароў, якія пераадолеўшы нямала цяжкасцей і выпрабаванняў, сваімі добрымі справамі, працоўнымі здзяйсненнямі праславілі нашу малую радзіму.

“Мой край родны – часціца Радзімы вялікай”
Навуковы супрацоўнік Галіна Занкевіч, галоўны захавальнік фонду гісторыка-краязнаўчага музея Марына Лук’янава падрыхтавалі выставу з наглядным матэрыялам

Новы дзень прыносіць нам адкрыццё новых гарызонтаў, мы ганарымся пераўтварэннямі ў рэгіёне. Петрыкаў упэўнена рухаецца да звання другога шахцёрскага горада Беларусі, а Капаткевічы ўключаны ў план рэканструкцыі і добраўпарадкавання населенага пункта. На сённяшні дзень наша задача захаваць і прымножыць дасягнутыя вынікі і зрабіць нашы мястэчкі больш прыгожымі і камфортнымі для пражывання, славіць мір і спакой у роднай Беларусі.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о