Эксперт-крыміналіст складанасцяў не баіцца

0
497

Сёлета 22 красавіка Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь адзначае 11 гадоў з моманту яго ўтварэння. Днямі мы сустрэліся са спецыялістам гэтай галіны, каб падрабязней даведацца пра тонкасці прафесіі.

Эксперт-крыміналіст складанасцяў не баіццаЭксперт-крыміналіст – вельмі цікавая, насычаная, але досыць рэдкая прафесія. Збіраць і даследаваць доказы з месца злачынства – занятак не для кожнага. Магчыма, таму адмыслоўцаў у гэтай вобласці не так шмат. Асабліва рэдка сярод іх можна сустрэць прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва.

Наталля Сланчаўскас – дзяўчына смелая. Складанасцяў не баіцца, таму і выбрала сябе адпаведную спецыяльнасць, хаця і прызнаецца: не адразу прыйшла да працы эксперта-крыміналіста.

Наталля Сяргееўна скончыла Акадэмію МУС па спецыяльнасці “Юрыст”. Пра работу расказала так: “Эксперт-крыміналіст – гэта спецыяліст па зборы і даследаванні доказаў з месца злачынства. Але за гэтай пасадай хаваецца шырокае кола абавязкаў, бо крыміналістыка – навука, якая даследуе заканамернасці і асаблівасці механізму злачынства, прычыну яго ўзнікнення і спосабы ўтойвання злачынцамі слядоў. Акрамя гэтага, яна распрацоўвае і выкарыстоўвае спецыяльныя сродкі і метады збору, даследавання, аналізу сабраных рэчавых доказаў”.

Гераіня артыкула пералічыла якасці, якімі павінен валодаць эксперт-крыміналіст: “Быць уважлівым, мець добры зрок, слых, памяць, лагічнае мысленне. На месцы здарэння трэба весці сябе акуратна, думаць, нібы патэнцыйны злачынец, у сваёй галаве канструяваць сітуацыю, як ён дзейнічаў, да якіх прадметаў мог дакрануцца, якой часткай цела. І шмат іншых дробязяў, якія можна яшчэ доўга пералічаць”.
Наталля Сяргееўна прывяла прыклад, як у апошні час хутка змагла раскрыць злачынства. Крадёж адбыўся ў гарадскім пасёлку Капаткевічы.

“Мужчыны ўзламалі кіёск і выкралі вялікую колькасць матэрыяльных каштоўнасцяў, у асноўным цыгарэты. Па гарачых слядах адбіткаў рук і далоняў мы выйшлі на віноўнікаў”.

Суразмоўца скончыла сустрэчу такімі словамі: “Мы працуем з экспертам-крыміналістам Мікалаем Таргонскім у цеснай звязцы. Работа падразумявае ненарміраваны працоўны дзень, дзяжурствы. Але мы ведаем: тое, што здаецца многім простай справай, то раскрывае добрую палову злачынстваў. І мне асабліва хочацца сказаць дзякуй майму настаўніку, Дзмітрыю Говіну, які верай і праўдай служыў у экспертна-крыміналістычнай сістэме, сёння на заслужаным адпачынку, за тое, што не шкадаваў ведаў і стаў маім правадыром у свеце раскрыцця злачынстваў”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о