Сёння — Дзень чыгуначніка

Чыгунка. Пэўна, кожны чалавек уявіць, пачуўшы гэтае слова, нешта патаемнае, глыбокае. Яно і не дзіва: сум развітання і радасць спаткання з роднымі. Шлях да чагосьці новага, пакуль неспазнанага. Сталае пакаленне, пэўна, яшчэ больш чула ставіцца да чыгункі. На паўстанках сярод родных мясцін меў завяршэнне адзін этап жыцця, а праз некалькі гадзін, на вялікіх вакзалах буйных гарадоў, пачынаўся новы. Моладзь прыязджала вучыцца, спецыялісты – уладкоўвацца на працу. А колькі цікавых суразмоўцаў можна сустрэць за час дарогі ў цягніку ці дызелі, колькі жыццёвых гісторый пачуць!..

Зразумела, што за камфортнымі ўмовамі і дакладным паведамленнем ужо больш за паўтары сотні гадоў стаіць праца кваліфікаваных кадраў. І сёння мы раскажам вам пра аднаго з такіх спецыялістаў.

Генадзій Кавальчук працуе дарожным майстрам 16-й калодкі Калінкавіцкай дыстанцыі шляху. У яго падпарадкаванні 3 брыгады агульнай колькасцю – 17 чалавек. Галоўная задача спецыялістаў – падтрыманне спраўнага тэхнічнага стану чыгункі і стрэлачных пераводаў. У простай фармулёўцы хаваюцца многія этапы добраўпарадкавання шляхоў чыгуначнага паведамлення па замене рэяк, шпалаў, выпраўцы шляхоў па ўзроўні, шаблоне, у плане. Шчыра кажучы, такія брыгады выконваюць, напэўна, самыя энерганасычаныя і важкія працы на чыгунцы.
– Калі казаць прасцей, наша задача – зрабіць усё неабходнае, каб чалавек, што едзе ў цягніку, піў гарбату і яна не выплёсквалася яму на калені, – з усмешкай адзначыў Генадзій Леанідавіч.

Калі любіш сваю справу – усе цяжкасці па сілах
Генадзій Кавальчук 35 гадоў працуе дарожным майстрам 16-й калодкі Калінкавіцкай дыстанцыі шляху

Зараз яго падначаленныя абслугоўваюць чыгунку ад Пціцкага маста і да Аголіцкай Рудні. Агульная працягласць дыстанцыі – 26 кіламетраў. Пра сваіх работнікаў суразмоўца кажа з павагай: людзі працуюць аддана, кемліва і пільна. За якасць іх працы хвалявацца не варта. Адносіны ў калектыве склаліся добрыя, таму праблемы з неўкамплектаванасцю кадраў няма. Мяркуйце самі: у найбольш вопытнага работніка Васілія Сыцько працоўны стаж у брыгадзе налічвае 37 гадоў. Акрамя яго, майстар адзначае працу Вячаслава Захарчэні, Сяргея Шурхі, Фёдара Прыкоты, Сяргея Сарокіна, Аляксея Рабчанкі, Уладзіміра Булкі, Аляксанда Зенчанкі.
– Але наракаць на астатніх не выпадае, усе ў калектыве працуюць сумленна, па простым бацькоўскім прынцыпе “сказана – зроблена”.
У час спёкі брыгады пачынаюць працаваць а 5-й гадзіне. Калі сонца падымаецца высока, перапынкі ў працы падаўжаюцца. Зразумела, работнікі забяспечваюцца пітной вадой. Пасля таго, як усе неабходныя работы выкананыя, якасць чыгункі правярае спецыяльны шляхавымяральны вагон. Дарэчы, ён праходзіць не толькі па адноўленых участках, а па ўсёй чыгуначнай сетцы шляхоў Петрыкаўшчыны два разы на месяц.
– Пасля выканання неабходных работ, да нас пытанняў не ўзнікае. Разумееце, мы адказныя за жыцці людзей, і нават страшна ўявіць, што пасля нашых работ шляхі не будуць адпавядаць патрабаванням бяспекі. Усё трэба рабіць пільна і якасна, наша справа памылак не даруе. У гэты ж час шляхавымяральны вагон вызначае іншыя месцы на чыгунцы, дзе патрэбна наша ўмяшальніцтва, – адзначае спецыяліст.
Генадзій Кавальчук – ураджэнец Курыцічаў. Яго матуля прысвяціла жыццё галіне гандлю, бацька ўсё жыццё працаваў у курыціцкім саўгасе “Бальшавік” кіроўцам. Яшчэ школьнікам Генадзій прыглядаўся да спецыяльнасці токара і калі агучыў свае намеры бацькам, тата пераканаўча адзначыў: “Добрую прафессію ты абраў для сябе, сынок. Без працы не застанешся і заўсёды будзеш запатрабаваным”.
Пасля вучобы малады спецыяліст працаваў у некалькіх прадпрыемствах і ў 1986 годзе ўладкаваўся на чыгунку. Мужчына ўцягнуўся, яму спадабалася. Самаадданая праца не засталася не заўважанай, і праз пэўны час Генадзій Кавальчук быў прызначаны на пасаду майстра. Праўда, сучасныя рэаліі патрабавалі мець спецыялісту адпаведную адукацыю. Так, у 50-гадовым узросце Генадзій Леанідавіч скончыў Аршанскі чыгуначны тэхнікум.
На пытанне пра цяжкасці працы, чыгуначнік адказвае проста: “Справа ў тым, што калі чалавеку не падабаецца яго занятак, ніякім чынам яго не прымусіш выконваць свае абавязкі якасна і адказна. Прынамсі, мне так здаецца. Таму, усе цяжкасці можна пераадолець, калі любіш тое, што робіш.
Віншую з надыходзячым прафесійным святам і жадаю калегам і іх сем’ям здароўя, спакою і дабрабыту”, – адзначыў Генадзій Кавальчук.
Мы далучаемся да віншаванняў і дзякуем Генадзію Леанідавічу за шчырую гутарку.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о