Дарогамі адселеных вёсак

0
315
26 красавіка сусветная супольнасць адзначала сумную дату – Міжнародны дзень памяці пра Чарнобыльскую катастрофу. У народзе назва старажытнага горада Чарнобыль стала атаясамлівацца з тымі несуцяшальнымі падзеямі: узрыў рэактара 4-га энергаблока, выпадзенне радыеактыўных ападкаў і адсялення пацярпелых ад радыяцыі жыхароў населеных пунктаў.
Дарогамі адселеных вёсак
Многія землякі сталага ўзросту памятаюць вясну 1986 года, звычайна згадваюць, як садзілі бульбу, рыхтаваліся да першамайскай дэманстрацыі. Але для некаторых чарнобыльская трагедыя стала асабістым болем, бо жыццёвы шлях гэтых людзей непасрэдна праходзіў праз зону адчужэння і адсялення. Сваімі ўспамінамі падзяліўся з намі Пётр Багдановіч, які адным з першых забяспечваў парадак на адселенай тэрыторыі.
Пётр Сцяпанавіч нарадзіўся ў вёсцы Астражанка Лельчыцкага раёна. Мужчына з цеплынёй згадвае родныя мясціны і гады маленства. Ды і расказаць, вядома, ёсць пра што: населены пункт тады быў цэнтрам сельсавета і жыццё ў часы развітога сацыялізму там літаральна бурліла. “Сям’я наша была вялікая, бацькі працавалі на “падсечцы” ў “Хімлясгасе”. Дарэчы, за шчырую працу бацька атрымаў ордэн “Знак Пашаны”. Карацей, я, сельскі хлопец, у гады юнацтва схіляўся, вызначаючы свой далейшы лёс, паміж службай у сілавых структурах і прафесіяй, блізкай да прыроды”. У рэшце Пётр, скончыўшы школу, вырашыў спачатку адслужыць у арміі. Але да прызыву было крыху менш за год, таму малады чалавек перабраўся да сваякоў у Петрыкаў і ўладкаваўся ў мясцовую ПМК.
З 1976 па 1978 год юнак служыў у Савецкай Арміі. А потым паступіў на дзённае аддзяленне Буда-Кашалёўскага саўгас-тэхнікума. “Скончыўшы навучальную ўстанову, я быў накіраваны ў родныя мясціны, у Лельчыцкі раён, дзе адпрацаваў 4 гады. У гэты ж час я стаў студэнтам сельскагаспадарчай Акадэміі.
Тады я быў ужо чалавекам сямейным: нарадзілася дачка. Трэба было абзаводзіцца ўласным жыллём. У гаспадарцы, вядома, будаваліся дамы для маладых спецыялістаў, але нас было нямала і чакаць запаветных квадратных метраў трэба было даволі доўга. Мы падумалі і вырашылі перабрацца ва ўжо знаёмы мне горад Петрыкаў. Там жа атрымаў прапанову службы ў міліцыі. Дарэчы, прапанова гэтая не гарантавала працаўладкавання, бо ажыццяўляўся даволі пільны адбор з некалькіх кандыдатур. Памятаю, што петрыкаўскія праваахоўнікі нават прыязджалі ў мой былы працоўны калектыў, цікавіліся маімі прафесійнымі і асабістымі якасцямі і толькі тады, калі калегі далі станоўчыя рэкамендацыі, маю кандыдатуру ўзгаднілі”, –падзяліўся ўспамінамі мужчына.
Так, з мая 1985 года пачалася служба Пятра Багдановіча ў ДАІ на пасадзе інспектара Дарожнага нагляду, які зараз называецца Дарожна-паставой службай.
Праз год здарылася чарнобыльская трагедыя. Першапачаткова савецкае грамадства не інфармавалі пра здарэнне. Але ва Упраўленні ўнутраных спраў пачалі фарміравацца атрады для аховы маёмасці народнай гаспадаркі і прыватнай уласнасці. Такі атрад камплектаваўся звычайна з супрацоўнікаў розных падраздзяленняў, дзе кожны ажыццяўляў праваахоўную дзейнасць у межах сваёй кампетэнцыі.
– Так, 9 мая, я, Віктар Чорны, Васілій Жукавец і Валерый Шабалтас накіраваліся на Нараўляншчыну. Міліцыянеры, што прыбывалі ў зону адсялення раней, знаходзіліся там адносна кароткі тэрмін, бо на чалавечы арганізм мацней уздзейнічала радыяцыя менавіта ў першыя дні пасля выбуху. Мы знаходзіліся ў Чарнобыльскай зоне 10 дзён.
Зранку ажыццяўлялі аб’езд вёсак па вызначаным маршруце, а калі, праз 12 гадзін, вярталіся ў Нароўлю, неслі службу па падтрыманню правапарадку ў райцэнтры ў вечаровы час. Скажу шчыра, тымі днямі абстаноўка ў горадзе значна змянілася. Па-першае, у райцэнтры з’явілася мноства праезджых грамадзян і транспартных сродкаў: нехта ўязджаў з адселеных вёсак, іншыя прыязджалі з розных куткоў краіны каб забраць сваякоў. Па-другое, у народзе з’явіліся чуткі, што гарэлка нібыта зніжае шкоднае дзеянне радыяцыі і, асабліва ў вечаровы час, у крамах за моцным алкаголем выстройваліся цэлыя чэргі. Не трэба казаць, што ўжываючы спіртное далёка не ўсе вызначаліся належнымі паводзінамі, – згадвае Пётр Сцяпанавіч.
Складана было зразумець, як кажа суразмоўца, і саму небяспеку, што несла радыяцыя. Звонку нічога не змянілася: тое ж паветра, квітнеюць сады, радуе вока сакавітымі фарбамі зеляніна. А навокал – нікога. Стаіць на мех-двары сельскагаспадарчая тэхніка, красуюцца на паліцах сельскіх крам тавары, чакаюць дзяцей садкі і школы, на свойскіх падворках гаспадары распачалі будоўлі: нехта ўзводзіў хлеў, іншы гараж ці лазню, але хутка знікла жыццё на гэтай зямлі.
– Аднойчы мы сустрэлі на мяжы палетку дзядулю з бабуляю. Шчыра скажу, вельмі здзівіліся, калі пабачылі людзей. Мы ім казалі, што нельга тут знаходзіцца, што небяспечна гэта для здароўя. А яны нам: “Дзетухны, мы хутка сыдзем, вось толькі бульбу пасадзім і пойдзем, бо не варта, каб зямля пуставала…”. Вось такое стаўленне было ў людзей да роднай зямлі і да радыяцыйнай пагрозы. Яно і зразумела, бо радыяцыя не бачная, толькі дазіметр мог надзейна вызначыць яе інтэнсіўнасць, таму мы заўсёды і рухаліся па чарнобыльскай зоне з гэтымі прыладамі, кожны дзень пралі сваю форму, а медыцынскіх прэпаратаў нам выдалі напярэдадні вялікую жменю на кожнага, – падзяліўся мужчына.
Наступствы трагедыі не прайшлі хутка. Потым міліцыі хапала работы ўжо ў сваім раёне. Пачалося перасяленне, у вёсках пачалі з’яўляцца цэлыя вуліцы навасёлаў. Вядома, трэба было назіраць за парадкам, каб паміж мясцовым і прыезджымі не ўзнікла канфліктаў. Асаблівая ўвага надавалася сельскім клубам, дзе збіраліся грамадзяне, а таксама транспартным сродкам, бо з’явілася іх у вёсках даволі шмат і не кожны вадзіцель меў адпаведнае пасведчанне і тэхнічны пашпарт на свайго жалезнага каня.
Тыя апусцелыя ад людзей мясціны не раз сніліся Пятру Сцяпанавічу. Пасля службы ён працаваў у Петрыкаўскім лясгасе, не змяняючы перакананню звязаць працоўны шлях з прыродай. Мужчына адзначае, што Чарнобыльская трагедыя павінна стаць для чалавецтва не толькі памятнай датай, але і змястоўным урокам, каб мы заўсёды ведалі, якія непапраўныя памылкі можа прынесці нават выключна стваральная мэта.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о