Скобраўка. Недзіцячы лёс

0
349

11 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца памятная дата – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

У Другой сусветнай вайны многія месцы на карце Еўропы былі ператвораны ў жорны смерці, аб’екты масавага фізічнага знішчэння людзей. Толькі на тэрыторыі Беларусі налічвалася больш за 260 канцэнтрацыйных лагераў, у якіх былі знішчаны мільёны ні ў чым не павінных беларусаў. Многія жыхары Петрыкаўшчыны прайшлі праз жахі канцлагераў: адны выжылі ў тым пекле, другія загінулі ў печах, ад страты крыві, непасільнай працы, голаду. З кожным годам сведак мінулых жудасных падзей застаецца ўсё менш і ўспаміны тых землякоў, хто яшчэ з намі, нагадваюць пра страшныя старонкі нашай гісторыі. Адна з тых, каму пашчасціла выжыць – жыхарка райцэнтра Раіса Галіцкая.

Скобраўка. Недзіцячы лёс

– Страшныя падзеі Вялікай Айчыннай з памяці не выкінеш, не забудзеш – пачынае расказ Раіса Іванаўна. – Як толькі пачалася вайна бацька пайшоў на фронт. У сям’і падрастала чацвёра дзяцей – і ўвесь цяжар працы паў на маці. Перад вайной мы засяліліся ў новы дом. Але пажыць там не давялося: прыйшлі немцы і сказалі, каб мы з’ехалі, бо там будзе жыць іх урач. Мы падаліся да блізкіх людзей.
Зямлячка ўспамінае, што не адзін раз іх сям’і прыходзілася мяняць месца жыхарства, туляцца па людзях. У Петрыкаве, як і па ўсёй акупаванай Беларусі, фашысты забівалі яўрэяў, тых у каго родныя былі ў партызанах ці на фронце.

– Да сям’і сталі даходзіць чуткі, што акупанты адлоўліваюць дзяцей, а куды і для чаго – ніхто не мог сказаць. Днём стараліся не выходзіць на вуліцы, хаваліся дзе можна, – працягвае аповед жанчына. – Ноччу маці старэйшых дзяцей спаць клала пад ложкамі, а мне, самай малодшай, слала на падлозе пасярэдзіне пакоя з думкай, што калі і наведаюцца акупанты, то малую дзяўчынку не будуць чапаць.

Але выйшла ўсё інакш. У адну з начэй фашысты ўварваліся ў хату. Аббегшы пакоі, не раздумваючы схапілі гераіню і павезлі ў адзін з гарадскіх дзіцячых садкоў. Маці крычала і плакала, але ніхто на яе не звяртаў увагі. У памяшканні садка было шмат дзяцей. Усіх на машыне даставілі на чыгуначную станцыю “Капцэвічы”. У памяці жанчыны захаваліся страшныя моманты, калі малых грузілі ў вагоны. Дзеці плакалі, да станцыі прыйшлі бацькі, якія крычалі і прасілі не забіраць іх крывінак. Фашысты, каб не чуць крыкі і енк, уключылі моцна музыку. Тая музыка і чалавечыя крыкі і сёння стаяць у вушах вязня.
З Капцэвічаў на “таварняку” ма-ленькіх жыхароў Петрыкаўшчыны адправілі ў Мар’іну Горку, затым у Скобраўку, дзе акупанты арганізавалі лагер, каб браць у дзяцей кроў для сваіх параненых.

– Холад, голад, страх і хваробы – менавіта так я назаву часы палону. Думка адна: як трымацца і выжыць. Па прыездзе ў лагер дзяцей адразу адправілі капаць вялікі роў, як пасля стала вядома – для малых, што загінулі ад страты крыві, – дзеліцца былы вязень.

– З нашай групы ў некаторых непаўналетніх кроў пачалі браць адразу. Перад гэтым дзяцей добра кармілі і не адпраўлялі на працу. Іншых хлопчыкаў і дзяўчынак астаўлялі на пасля. Мяне вызначылі ў другую катэгорыю, што і выратавала мне жыццё. Дзесьці праз тры месяцы знаходжання ў няволі, савецкія войскі вызвалілі нас, бяздольных і напужаных. Нас направілі ў Гомель, затым – у Калінкавічы, адкуль мы дабраліся пешшу да Петрыкава.
Хутка скончылася вайна. Сям’я нанова адбудавала дом, аднавіла гаспадарку. Па словах гераіні, гэтыя цяжкасці пераадольваліся лёгка, бо ўся праца была на-кіравана на шчаслівае жыццё.
Раіса Іванаўна атрымала адпаведную адукацыю і прафесійнае жыццё аддала працы ў гарадскім аддзяленні сувязі. Выйшла замуж за земляка, удзельніка вайны, нарадзілі і выхавалі пяцярых дзяцей. Сёння род Галіцкіх працягваюць унукі, праўнукі і прапраўнукі. Усе яны ведаюць пра цяжкае мінулае сваіх продкаў і помняць наказ бабулі. “Мірнае жыццё – гэта вялікае шчасце, якое неабходна шанаваць, берагчы і перадаваць будучаму пакаленню”.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о