Усё часцей юных хлопцаў і дзяўчат можна сустрэць з цікавай прыладай у руках. Дарослым яшчэ цяжка зразумець, чым такая “цацка” небяспечная для падлеткаў. Сёння мы ўзнялі вострую тэму спажывання нікацінавай прадукцыі.


Вострая тэма: падлеткі і вэйпыІлья Абель, загадчык паліклінікі УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ”:

– Электронная цыгарэта (вэйп, e-цыгарэта, POD, аднаразка) – гэта параўнальна новы спосаб спажывання нікацінавай прадукцыі, які стаў з’яўляцца на еўрапейскім і амерыканскім рынках з 2004 года.

Вэйпінг або выкарыстанне парагенератараў на сённяшні дзень лічыцца даследчыкамі больш бяспечнай альтэрнатывай курэння цыгарэт і тытунёвай прадукцыі. Але гэты від спажывання нікатыну малавывучаны з-за дарагіх даследаванняў, розных металаў для выпарнікаў, тэмператур выпарэння, сыравінных кампанентаў (гліцэрына (VG), прапілен гліколя (PG), нікаціна і араматызатараў).

Улічваючы маю спецыялізацыю ўрача-оталарынголага, я досыць доўга і ўважліва сачыў за ўсімі сучаснымі сусветнымі даследаваннямі выкарыстання электронных парагенератараў. Высновы, якія я змог для сябе зрабіць: вэйпінг, як і курэнне, – небяспечная для жыцця шкодная звычка, для кагосьці, магчыма, захапленне, якое хутка перарасце ў нікацінавую залежнасць.

Любы від спажывання нікацінавай прадукцыі небяспечны з пункту гледжання развіцця перадракавых і ракавых працэсаў верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў.

На маю думку, галоўная праблема выкарыстання электронных парагенератараў крыецца ў араматызаваных вадкасцях з рознымі густамі, якія прывабліваюць   дзяцей і падлеткаў.

Лічу, што трэба максімальна абараніць дзяцей і падлеткаў ад гэтага небяспечнага “захаплення”. І ўся адказнасць найперш ляжыць на бацьках.

Зусім нядаўна бачыў гумарыстычны выступ аднаго коміка, у якім ён падняў гэтую праблему: “Бацькам складаней вызначыць паліць іх дзіця ці не, з-за адсутнасці паху згарэлага тытуню, але ў той жа час дзіўна, калі кожны дзень ад дзіцяці пахне вішнёвым ці клубнічным водарам”.

УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ” сумесна з ДУ “Петрыкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” бу-дзе прыкладаць максімальныя намаганні для прапаганды здаровага ладу жыцця, праводзіць тлумачальныя гутаркі з моладдзю і жыхарамі раёна пра шкоду спажывання тытунёвай прадукцыі, у тым ліку і электронных цыгарэт.

Вострая тэма: падлеткі і вэйпыНаталля Ходзька, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Петрыкаўскага райвыканкама:

– Сярод школьнікаў існуе меркаванне, на вэйпы “падсаджваюцца” толькі тыя, хто паліць даўно. Гэта не дакладна, гэтыя ж школьнікі (на ўмовах ананімнасці) прызнаваліся, што акрамя вейпаў нічога больш не курылі. На пытанне “Навошта наогул пачалі?” адказвалі: “А што?! У мяне ўсе сябры параць”.

Маладыя людзі слухаюць сваіх сяброў і пачынаюць думаць, што гэта ўсё бяспечна. Лічу, што галоўнай перашкодай на шляху распаўсюджвання вейпінгу сярод школьнікаў з’яўляецца дастаткова высокі кошт на дэвайсы і вадкасці для іх.

Акрамя гэтага, што менавіта намяшана ў вадкасці для вэйпаў праверыць цяжка. Нярэдка тавар аказваецца пратэрмінаваным або няякасным. Мы ўжо маем прыклад, дзе непаўналетняя дзяўчына з Мінска купіла вэйп, у выніку ўсё яе “захапленне” скончылася смяротным зыходам.

Ёсць шмат здаровых спосабаў атрымаць асалоду ад жыцця. І іх значна больш, чым кепскіх. Самы просты і даступны з іх – зносіны з блізкімі людзьмі. Размаўляючы з сябрамі, мы можам абмеркаваць  нашы праблемы, падзяліцца радасцямі і нягодамі.

Велізарную карысць можа прынесці нам спорт, ён не толькі дастаўляе задавальненне, але і дапамагае расслабіцца і зняць напругу.

 

Вострая тэма: падлеткі і вэйпыДзмітрый ШАМРА, вучань 11 класа ДУА “Сярэдняя школа № 1 горада Петрыкава”:

– У мяне таксама стаўленне да вэйпу і электронных цыгарэт адмоўнае, не бачу сэнсу ва ўжыванні гэтых сродкаў. Па-першае, ты псуеш сваё здароўе з ранніх гадоў, што адаб’ецца ў будучыні. Па-другое, бессэнсоўнае марнаванне грашовых сродкаў. Цяпер маладому пакаленню цікавы ўвесь свет, які яго атачае, таму яны імкнуцца паспрабаваць усё ў гэтым жыцці. Не варта адмаўляць уплыў з боку аднагодкаў, бо ў падлеткавым узросце многія слухаюць не дарослых, а сяброў, якія ўсяляк спрабуюць прынізіць або абразіць таго, хто “не ў тэме”. Я раю сваім аднагодкам больш прыслухоўвацца да меркавання старэйшых і мець сваю галаву на плячах.

 

 

Вострая тэма: падлеткі і вэйпы

 

Юлія ПАЛУЯН, выпускніца школы:

– Маё стаўленне да курэння розных парагенератараў вельмі негатыўнае. Нягледзячы на тое, што гэта дрэнна паўплывае не толькі на здароўе, але і на нервовую сістэму, моладзь працягвае курыць. Яны думаюць, што такім чынам можна вылучыцца ў грамадстве, быць у цэнтры ўвагі, альбо проста не адрознівацца ад сваіх сяброў. А на маю думку, яны не выглядаюць крутымі ў грамадстве, хутчэй выклікаюць жаль, губяць сваё здароўе ў такім раннім узросце.

 

 

 

Наталля ПЕТРУШЭНКА. Фота аўтара і А. ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о