Чаго чакаюць жанчыны 8 сакавіка?

0
284

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня мы пацікавіліся ў прадстаўніц цудоўнай паловы: чаго чакаюць жанчыны ў свята?

Чаго чакаюць жанчыны  8 сакавіка?Валянціна ТУРАВЕЦ:
– У восьмы дзень сакавіка я адзначаю двайное свята – Міжнародны жаночы дзень і дзень нараджэння. Аднойчы ў гэты час даводзілася быць на курсах павышэння кваліфікацыі – выходзіла ў горад на святочныя мерапрыемствы. Некалькі разоў адзначала свята ў гасцях у дзяцей, што жывуць на Салігоршчыне.
Але часцей прымаю гасцей дома, гатую стравы да святочнага стала, чакаю блізкіх. У жаданні, каб усё прайшло як след, адчуваю хваляванне. Кожны год, напярэдадні гэтага дня, я супакойваю сябе, але пазбавіцца традыцыйнай заклапочанасці не магу. Таму б я пажадала сабе 8 сакавіка менш турбавацца і адчуваць больш асалоды ад свята. Мяркую, многія жанчыны мяне зразумеюць.

Чаго чакаюць жанчыны  8 сакавіка?Паліна БЫЧКОЎСКАЯ:
– Шчасце, часам, складаецца з прыемных дробязяў. Цудоўна пачаць 8 сакавіка з букета кветак і на працягу дня атрымліваць віншаванні ад блізкіх людзей. Лічу, што Міжнародны жаночы дзень павінен быць адным з сямейных святаў, прынамсі для мяне бавіць час сярод родных, у дамашняй атмасферы цеплыні, клопату, успамінаў з дзяцінства будзе вельмі прыемна.
А завяршыць дзень я планую разам з сяброўкамі – нам ёсць што абмеркаваць, чым падзяліцца. Вядома, не ўсе дарагія мне людзі знаходзяцца побач, не з усімі ёсць магчымасць сустрэцца асабіста. Таму на працягу свята буду тэлефанаваць і прымаць званкі з віншаваннямі – гэта таксама вельмі прыемна, калі за сотні кіламетраў ты можаш пачуць голас і сказаць цёплыя словы блізкаму чалавеку.

Чаго чакаюць жанчыны  8 сакавіка?Валянціна ЧЫРЫЧ:
– Мяркую, што любой жанчыне будзе прыемна атрымаць кветкі.Як раз да гэтага дня муж вернецца з камандзіроўкі і я перакананая, што любы абавязкова з’явіцца з салодкімі пачастункамі для ўсё сям’і, бо чакаю ў госці дачок з зяцямі і, канечне, унучак. Будзем вельмі радыя сустракаць і гасцей – заўсёды прыемна прымаць віншаванні і зычыць блізкім людзям самага найлепшага.
А зрэшты, галоўны падарунак я ўжо атрымала, і ён не прымеркаваны да святочнай даты – бо я адчуваю сябе шчаслівай жонкай, маці і бабуляй, бо родныя людзі радуюць мяне ўвесь час.
Хацела б павіншаваць усіх жанчын з надыходзячым Міжнародным жаночым днём і пажадаць зямлячкам здароўя, дабрабыту і ўсяго найлепшага – прамовіла жанчына з шчырай усмешкай, трымаючы на руках унучку Мілану.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара і з асабістага архіва Паліны Бычкоўскай.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о