Як любіць бавіць вольны час наша моладзь?

0
379

Юнацтва – самая цікавая і энергічная пара нашага жыцця, напоўненая новымі ўражаннямі, адкрыццямі, а часам і расчараваннем. Аднак наша жыццё – гэта не толькі імкненне да поспеху, а і адпачынак. Сёння мы звярнуліся да падлеткаў устаноў адукацыі з пытаннем: дзе і як яны любяць бавіць вольны час?

Як любіць бавіць вольны час  наша моладзь?Аліна АПАНОВІЧ, вучаніца 11 класа гімназіі:
– Больш за ўсё люблю ў сонечнае зімовае надвор’е прайсціся з сябрамі па вуліцах нашага горада, якія ўпрыгожаны рознакаляровымі агнямі. Мне здаецца, зіма – самая казачная пара года, напоўненая разнастайнымі святочнымі выставамі, канцэртамі, акцыямі – усё гэта робіць халодны перыяд такім насычаным. Традыцыйна мы бавім час з сяброўкамі на маладзёжнай дыскатэцы. Калі тэмпература надвор’я ніжэй на нуль, то ў выхадны дзень магу паглядзець камедыйны фільм пад кубак гарачай гарбаты.
Насамрэч, вольнага часу ў выпускніка не так ужо і шмат: падрыхтоўка да экзаменаў, тэсціравання, паступлення, трэба вызначыцца з прафесіяй. Я наведваю розныя факультатывы, каб больш дасканала паглыбіцца ў прадметы, бо калі не ўкласці сілы сёння, можна чагосьці не атрымаць заўтра.

Як любіць бавіць вольны час  наша моладзь?

 

Уладзіслаў ЯЦКА, вучань 11 класа гімназіі:
– Заходы, світанкі, прагулкі і размовы ля вогнішча. Больш за ўсё люблю бавіць час, асабліва летнія канікулы, у вёсцы ў бабулі. Цішыня, спакой, ніякіх клопатаў. Разам з траюраднай сястрой гуляем па Сярэдняй Рудні. Вядома, у горадзе таксама хапае забаў. Думаю, картынг было б выдатна адкрыць.

 

 

Як любіць бавіць вольны час  наша моладзь?Кацярына ТАЛЕЦКАЯ, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 1:
– Вядома, значную частку вольнага часу займае падрыхтоўка да экзаменаў і тэсціравання, хачу атрымаць найвышэйшы бал. Таксама шмат увагі надаю грамадскаму жыццю школы: падрыхтоўка да свят, акцый, канцэртаў, валанцёрская дзейнасць. Паміж гэтымі справамі стараюся не забывацца пра музычную школу, таму паўтараю вывучаныя творы і стараюся знайсці новыя.
З сябрамі імкнёмся прайсціся па гарадскому парку ў выхадны дзень. Пажадана, каб у горадзе было больш маладзёжных мерапрыемстваў, вельмі падабаецца папулярны фармат гульняў з сюжэтнай лініяй, якая складаецца ў рашэнні розных галаваломак і лагічных заданняў – квэсты.

 

Як любіць бавіць вольны час  наша моладзь?Раман РУБЛЕЎСКІ, вучань 10 класа сярэдняй школы № 1:
– Свой вольны час люблю праводзіць у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, на спартыўных секцыях і за ігрой на гітары. Як і многія школьнікі нашай установы займаюся валанцёрскай дзейнасцю.
Вось ужо 7 гадоў наведваю царкву. Мне гэта падабаецца. З’яўляюся ў нейкім родзе паслушнікам. Адкуль гэта пайшло? Спачатку хадзіў з бабуляй за кампанію, а потым сам зацікавіўся. Падабаецца мне свята Вялікадня, Хрышчэння і іншыя. Духоўнае жыццё – гэта маё.
Не магу сказаць, што ў горадзе патрэбны нейкія новыя маладзёжныя мерапрыемствы, мне падаецца дастаткова таго, што ёсць. Хоць бы на гэтыя паспець!

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара і Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о