Навагодні настрой: ёлка, канікулы, традыцыі… і не толькі

0
466

Усё вакол нагадвае пра хуткі надыход Новага года: упрыгожаныя вітрыны, абмеркаванне святочнага меню, чэргі за падарункамі – Петрыкаўшчыну паглынула святочная мітусня. Нягледзячы на меркаванне скептыкаў, што святкаванне Новага года гэта не больш чым умоўнасць, большасць людзей менавіта з боем курантаў звязваюць самыя вялікія чаканні ў сваім жыцці, таму важна здолець увайсці ў Новы год шчаслівымі, з усмешкай і ў добрым настроі.

Для тых, у каго навогоднія думкі яшчэ “не вельмі” і далёкія ад свята, прапануем паслухаць землякоў: якія ў іх “устаноўкі” ў пошуках святочнага настрою.

Навагодні настрой: ёлка, канікулы,  традыцыі… і не толькіАляксей Гурын, інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Петрыкаўскага РАНС:
– Новы год чакаю ў выдатным настроі. Для гэтага ёсць не адзін складальнік. Гэта будзе першая навагодняя ноч, якую я сустрэну ў якасці маладога спецыяліста. За плячыма – чатыры гады вучобы ва ўніверсітэце. Наперадзе – праца з калектывам, членам, якога я вельмі хацеў стаць. Чым не прычыны для радасці? Яшчэ надае патрэбны тонус тое, што на Петрыкаўшчыне жывуць мае родныя. Таму наперадзе цёплыя сустрэчы.
Для тых, каму складана настроіцца на святочны настрой, раю паглядзець уважліва вакол сябе: ацаніць старанне блізкіх, якія для нас гатуюць нашыя любімыя стравы, на калег, гатовых у любы момант падставіць сваё плячо, на родны горад ці вёску, дзе ўсё знаёма з дзяцінства. І добрыя думкі не прымусяць сябе чакаць.

 

Навагодні настрой: ёлка, канікулы,  традыцыі… і не толькіНадзея НОВІК, жыхарка пасёлка Муляраўка, пенсіянерка:
– Мне не шмат трэба для стварэння навагодняга настрою – дастаткова бачыць, што мае родныя здаровыя і ў іх усё добра. Таму кожны год на гэтыя дні еду да дзяцей і ўнукаў у Мінск. І прадчуванне сустрэчы мне даўно ўжо грэе душу.
На мой погляд, калі няма адчування свята, можна патэлефанаваць ці напісаць загадзя ўсім, каго планавалі павіншаваць у навагоднюю ноч. Напэўна, у большасці выпадкаў вы ў адказ пачуеце добрыя пажаданні – і гэта падыме эмацыйны стан.
Калі здарылася так, што свята вы будзеце сустракаць у адзіноце – усё роўна ўпрыгожце елачку і прыгатуйце хаця б сціплы святочны стол. Свята ёсць свята, незалежна ад таго, з кім і як вы яго сустракаеце.

Навагодні настрой: ёлка, канікулы,  традыцыі… і не толькіДзмітрый НЕКРАШЭВІЧ, вучань ДУ “Сярэдняя школа № 2 г. Петрыкава”:
– Свята чакаю на пазітыве і гэты хвалюючы стан пастараюся захаваць усе навагоднія і калядныя дні. Кожны дзень я знаходжу прычыны для добрага настрою. Іду ў школу праз плошчу, пагляджу на гарадскую ёлку, якая сёлета набыла асаблівы стыль – ужо ёсць нагода для добрых думак. Як і сустрэча з аднакласнікамі, удзел у мерапрыемствах, прагулкі з сябрамі па горадзе. Не буду хаваць, што для мяне, як, мусіць, для ўсіх навучэнцаў раёна, добры настрой у навагодні час прыносяць канікулы ў школе, што дазваляе адчуць свята ў поўнай меры.
На мой погляд, для настрою не трэба шукаць прычыну. Неабходна проста радавацца жыццю, дапамагаць людзям, весяліцца і жартаваць. Калі дарыць добры настрой навакольным – ён абавязкова прыйдзе і да цябе.

 

 

Навагодні настрой: ёлка, канікулы,  традыцыі… і не толькіНаталля ФАМІНА, загадчык філіяла “Церабаўскі сельскі клуб народных традыцый-бібліятэка”:
– Ведаю пару землякоў, якія не асабліва любяць гулянне на Новы год. Кажуць: чаго радавацца – на год старэй сталі. Я скажу так: кожны сам выбірае “фарбы” для настрою. У некаторых яны шэрыя, у другіх светлыя. Я стаўлюся да другіх і веру: надыходзячы год абавязкова будзе лепшы і больш радасны за папярэдні. Асаблівы стан мне надаюць сямейныя традыцыі, якія, можа і састарэлі ў сучасным грамадстве, але прыгадваюцца ў нашай сям’і штогод 31 снежня. Я рыхтуюся да іх, таму што ведаю: такія моманты аб’ядноўваюць. Напрыклад, адна з такіх: у нашым родзе сярод багацця страў на стале на Новы год абавязкова павінен быць кісель з аўсянкі. Раю кожнай сям’і ў такую чароўную ноч мець свае сямейныя звычкі і сакрэты – гэта надае неабходны тонус, задоўга да свята.
Паважанныя землякі, супрацоўнікі “Петрыкаўскіх навін” жадаюць усім добрага, святочнага настрою як у навагоднюю ноч, так і на ўвесь 2024 год. Няхай надыходзячы год будзе напоўнены для кожнага з вас запамінальнымі радаснымі падзеямі, а добрыя навіны на старонках нашага выдання заўсёды будуць побач.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о