Апытанне: Што для жыхароў Петрыкаўшчыны значыць вечар сустрэчы школьных сяброў

0
520

Вечар сустрэчы школьных сяброў адкрывае каляндар падзей лютага. Свята гэтае не мае афіцыйнага статусу. Тым не менш, яно заслугоўвае ўвагі, бо штогод праходзяць сустрэчы выпускнікоў школ, вучылішчаў, каледжаў, ВНУ. Дзень сустрэчы выпускнікоў, які праводзіцца традыцыйна ў першую суботу лютага – адначасова вельмі радаснае і крыху сумнае мерапрыемства. Сёння мы вырашылі даведацца ў жыхароў Петрыкаўшчыны, што для іх значыць гэтая падзея.

Апытанне: Што для жыхароў Петрыкаўшчыны значыць вечар сустрэчы школьных сяброўНадзея ДАРАГАКУПЕЦ, маладая маці:
– Ляскавіцкую школу я скончыла ў 2011 годзе. Прайшло ўжо 13 гадоў, як празвінеў апошні званок для нашага выпуску.
Як мы толькі не бавілі час, асабліва ў 11 класе. Памятаю, калі стала студэнткай, пачаўся мой першы семестр, кожны дзень успамінала школу. Відаць, цяжка было прыняць, што дзяцінства ўжо прайшло.
Сёння з радасцю сустрэлася б з аднакласнікамі. З многімі ўжо вельмі даўно не бачылася.
Першыя 6 гадоў пасля выпускнога мы кожны год сустракаліся ўсім класам. Пасля ўжо радзей бачыліся – ва ўсіх з’явіліся сем’і, дзеці, складана стала ўсіх сабраць. Апошні раз збіраліся на дзесяцігоддзе выпуску, было весела!
Для мяне вечар сустрэчы выпускнікоў – добрая традыцыя, якая дае магчымасць узгадаць бесклапотны школьны час, які застаўся ў мінулым.

Апытанне: Што для жыхароў Петрыкаўшчыны значыць вечар сустрэчы школьных сяброўГенадзій ДЗЕМІДЗЕНКА, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Капаткевіцкай сярэдняй школы:
– Школьны час быў самым цудоўным у бесклапотным дзіцячым і падлеткавым жыцці. Нягледзячы на тое, што ў нас часта мяняўся класны кіраўнік, клас быў вельмі дружным. Стварылася, як мне падаецца, моцная кампанія, якая трымала разам усіх астатніх.
Галоўны ініцыятар сустрэч – аднакласніца Алена Харамецкая. Яна звычайна ўсім тэлефануе і прызначае месца сустрэчы. Вядома, мы сустракаемся выключна ўлетку, на ўлонні роднай ракі, рыхтуем пікнік з шашлыком.
Заўсёды адзначаем буйныя юбілеі. У 2022 годзе адзначалі 40-годдзе з дня заканчэння школы.
Сустрэча выпускнікоў мае важнае для мяне значэнне. Гэта магчымасць душэўна паразмаўляць з людзьмі, з якімі разам раслі, сталелі. Успомніць маладыя гады, падзяліцца думкамі пра жыццё, пажартаваць.

Апытанне: Што для жыхароў Петрыкаўшчыны значыць вечар сустрэчы школьных сяброўЖанна ПІНЧУК, педагог дадатковай адукацыі ў Петрыкаўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі:
– Я скончыла сярэднюю школу № 2. Паходы, турыстычныя злёты, уборка ўраджаю – школьнае жыццё кіпела! А збор макулатуры і металалому – сапраўдная квэст-гульня, у добрым сэнсе гэтага слова.
Нашае пакаленне вырасла на грамадска-карыснай дзейнасці, ад таго, напэўна, мы так адрозніваемся ад сучаснай моладзі. Праца збліжала нас, мы падтрымлівалі адзін аднаго з аднакласнікамі ва ўсім. І савецкая адукацыя была самай лепшай.
Мы з падзякай ставімся да настаўнікаў, па магчымасці наведваем іх. Некалькі гадоў таму прыходзілі ў госці на юбілей да настаўніцы пачатковых класаў – Клаўдзіі Рыгораўны Будовіч. Яна чалавек яшчэ таго савецкага пакалення, заклала ў нас асновы высокай маралі.
Хай мы і не сустракаемся з аднакласнікамі кожны год, сустрэча выпускнікоў – светлае свята. Маладому пакаленню, мне здаецца, яно яшчэ больш патрэбнае, чым калісьці, каб дзеці былі больш дружнымі і паважлівымі адзін да аднаго.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о