Цудоўны пачатак… паражэнне!.. Што замінае “Шахцёру”?

0
519

Апошнія два матчы петрыкаўскага “Шахцёра” пачыналіся даволі ўдала: клуб з берагоў Прыпяці адкрываў лік, але потым страчваў ініцыятыву, прапускаў і цярпеў паражэнне. Пра сустрэчы з “Астраўцом” і “Мала-дзечна”, гульню “калійшчыкаў” і перспектывы ў другім дывізіёне гэтага сезона ў нашым аглядзе.

Цудоўны пачатак… паражэнне!..  Што замінае “Шахцёру”?Мінулая перамога: усмешка Фартуны ці поспех? Кропкі над “і” паставіў “Астравец”
Паспяховае выступленне ў гасцявой гульні ў Віцебску супраць моцнай каманды дазволілі спа-дзявацца, што “Шахцёр”, урэшце, знайшоў кірункі для паляпшэння сваёй гульні. Паўтару думку мінулага артыкула: “калійшчыкі”, пры ўсёй павазе, не паказалі нічога звышнатуральнага, хутчэй прадэманстравалі якасны футбол тымі сіламі, што мелі ў распараджэнні. Але, улічваючы ўзровень першай лігі, можна адзначыць, што і гэтага цвёрдага, хрэстаматыйнага мінімуму магло б хапіць для ўпэўненай гульні з сярэднякамі турніру. Ці здолеў замацаваць “Шахцёр” поспех у хатняй сустрэчы?
Шосты тур для жоўта-чорных праходзіў 8 мая на стадыёне “Прыпяць”, у госці да каманды завіталі футбалісты з клуба “Астравец”. Пачыналася гульня на-дзвычай спрыяльна да радасці мясцовых заўзятараў: ужо на 4-ай хвіліне навес з левага флангу ў цэнтр прыняў, апрацаваў і адправіў мяч у сетку Арсеній Чакур. Пры высокай шчыльнасці футбалістаў у штрафной “Астраўца”, нападаючы на дзіва застаўся пасярод вялікай прасторы, літаральна сам-насам з варатаром: хлёсткі ўдар – 1:0.
Згадваючы малады ўзрост каманды можна было спадзявацца, што гэтыя хлопцы зараз толькі на адным куражы падвояць перавагу, але замест гэтага прыйшлося назіраць даволі стрыманы футбол. А на 20-ай хвіліне лік параў-няўся пасля вуглавога. Прасцейшага “матылька” і ўявіць складана: навес бліжэй да ўратарскай і нападаючы з “Астраўца” адпраўляе галавой мяч бліжэй да лініі варот, бо апека “Шахцёра” бяз-дзейнічае – 1:1.

Гаспадары намагаліся адказаць, але ў першым выпадку далёка адпушчаны мяч у выхадзе сам-насам дазволіў варатару адправіць снарад на вуглавы. А высокі навес са стандарту дазволіў прачытаць траекторыю мяча і нейтралізаваць нападаючага “салевікоў”, сустрэўшы яго “адзін у чатыры”.

Быў небяспечны момант і ў “Астраўца”. Абаронцы “калійшчыкаў” усё перапраўлялі мяч галовамі ў паветры сваёй штрафной, пакуль той не трапіў акурат на нагу нападаючага гасцей: моцна, але не дакладна – над перакладзінай прагучаў небяспечны свіст.
Другая палова пачалася з атакі “Шахцёра”, але з левага флангу наўпрост не было на каго зрабіць перадачу, спазніўшыся асістэнт прабіў “у натоўп” і мяч адрэкашэціў хіба не да паловы “калійшчыкаў”. “Астравец” жа атрымаў неблагі шанец: штрафны пад небяспечным да варот кутом быў выкананы нават лепей, чым планавалася: пасля ўдару мяч трапіў у галаву аднаго з футбалістаў сценкі і змяніў траекторыю, варатар Мікіта Доўнар з гэтай прычыны позна адрэагаваў і скачок да круглага быў з фатальным спазненнем – 1:2 на 55-ай хвіліне.

Праз дзесяць хвілін прысутныя назіралі яшчэ адзін гол-прыгажун: глыбокі закід да цэнтру з аўту, перадача галавой да дальняй штангі і замыканне другім крананнем у вароты – 1:3.

А яшчэ праз пяць хвілін абарона “Шахцёра” ўвогуле атрымала аплявуху. Праход па левым флангу па дузе скіраваны да варот сустрэў супраціўленне толькі аднаго абаронцы гаспадароў. Нападаючы “Астраўца” лёгка абыграў апанента і хутка, пакуль астатнія ігракі калійнай дружыны намагаліся самкнуцца перад сапернікам, адправіў мяч праміж ног кіпера 1:4!

Жоўта-чорныя здолелі адказаць толькі напрыканцы сустрэчы. Штурм выглядаў нязграбна, але ўрэшце агульнымі намаганнямі з-за створанай уласнымі сіламі мітусні, круглага ўсё ж удалося ўціснуць у вароты на 89-й хвіліне. Чарговыя тры ачкі выпісваюцца з петрыкаўскай касы на карысць гасцей з Гродзеншчыны.

Прамень надзеі ў горадзе Сонца
“Маладзечна”, калі паглядзець у турнірную табліцу, застаецца, як і летась, у ліку сярэднякоў. Але, мяркуючы па выніках, у гэтай каманды неблагі патэнцыял. Каб самастойна ў гэтым пераканацца, зазірніце ў гісторыю сустрэч каманды гэтага сезону.
Тым не менш, шанец прывезці з Міншчыны хоць бы адно ачко 13 мая заставаўся, пры ўмове, што “Шахцёр” упэўнена распачне, адпрацуе ў абароне, кемліва распарадзіцца наяўнымі момантамі ў варот саперніка і не збавіць тэмпу і бадзёрасці да фінальнага свістку.

Сустрэча распачыналася, ужо нібы па традыцыі, надзвычай спрыяльна для “калійшчыкаў”. Грубасць у абароне ад гаспадароў на 4-ай хвіліне была пакарана 11-мятровым. Але рэалізаваць яго Андрэй Дзенісюк не здолеў: напрамак палёту мяча ў левы ніжні кут брамы быў прачытаны варатаром “Маладзечна”.
На 11-й хвіліне госці разыгралі ўзорны штрафны: закід з далёкай дыстанцыі падтрымаў галавой абаронца “калійшчыкаў” Павел Дубоўскі, адкрыўшы лік у матчы. Да канца першага тайма “Шахцёр” захоўваў за сабой ініцыятыву, больш валодаў мячом, але гаспадары стварылі некалькі небяспечных момантаў.
У другой палове запал “салевікоў” даволі хутка пачаў знікаць. А як інакш, калі “Маладзечна” параўнала лік ужо на 46-й хвіліне?! Акрамя гэтага, прымаючы бок умацаваўся спрытным форвардам: на поле пасля перапынку выйшаў былы нападаючы “Шахцёра”, любімец петрыкаўскай публікі, які зараз бароніць гонар каманды з горада Сонца, Ігар Моніч. Менавіта дзякуючы яго кемлівай і філіграннай перадачы пяткай на 54-й хвіліне гаспадары і святкавалі чарговы гол.
Часу заставалася багата, розніца ў ліку была мінімальнай, але жоўта-чорныя не выкарысталі сваёй магчымасці. Некалькі ўдалых момантаў нівеліраваліся ці то тэхнічным бракам, ці то намаганнямі мясцовага варатара. Ды і на што разлічваць: “салевікі” амаль не адыгрываюць на “другім паверсе”, ці варта ў такой сітуацыі чакаць якасных удараў галавой з навесу ў час стандартаў?.. “Калійшчыкі” заўважна хвалююцца ў чужой штрафной, калі не адчуваюць колькаснай перавагі. Не раз можна было пабачыць з пачатку сезона і нейкае бяздзеянне ў час абароны. Колькі часу на трэніроўках было страчана на даволі сумнеўныя напрацоўкі: гэтыя падманныя разбегі перад мячом у час штрафных, штучныя аўтсайды, што амаль не прывялі да голу ў свае вароты… Ці не трэба звярнуць увагу на фундаментальныя для футбола рэчы – тут, часам, флангаваму з мячом няма каму аддаць перадачу, бо асістэнты не паспелі ў штрафную…

Чарговае паражэнне, а потым і прапушчаная гульня пакідаюць “Шахцёр” на 15-м, альбо трэцім з канца месцы ў турнірнай табліцы. Перавага над “Нівой” і “Асіповічамі” толькі па розніцы забітых і прапушчаных: усе тры клубы маюць на рахунку па тры ачкі.
Застаецца толькі спадзявацца, што перапынак у два тыдні пайшоў на карысць падрыхтоўкі да наступнай сустрэчы – дамашняга матчу з “Асіповічамі”, калі можна будзе папоўніць скрынку сваіх балаў.
Гульня пройдзе на стадыёне “Прыпяць” 28 мая, у нядзелю, у 18:30. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о