Вось і распачаўся чэмпіянат Беларусі па футболе – на пазамінулых выхадных стартавалі спаборніцтвы ў другім дывізіёне сезона 2022. І пакуль каманды набіраюць спартыўныя кандыцыі, нам з аматарамі самай масай гульні будзе карысна разабрацца ў акалічнасцях сёлетняга турніру.

Узгадваем дарогу да стадыёна
Намаганнямі паўабаронцы Вадзіма Курловіча “Шахцёр” параўноўвае лік – 2:2

“Агалосьце ўвесь спіс, калі ласка…”
Федэрацыя футбола на гэты раз у правядзенні чэмпіянату першай лігі абмежавалася, у параўнанні з леташнім сезонам, толькі двума кругамі сустрэч. Так, кожны клуб згуляе з апанентамі на выяздзе і дома, урэшце выступіўшы ў 24-х матчах.
Што да колькасці каманд, то іх у гэтым годзе 13-ць – на адну больш, чым у мінулым. Гэта значыць, што з-за няцотнай колькасці ўдзельнікаў, на працягу чэмпіянату кожны калектыў двойчы прапусціць адзін гульнявы дзень турніру.
Дывізіён пакінулі дзяржынскі “Арсенал”, бабруйская “Белшына”, магілёўскі “Дняпро” – клубы выступяць у гэтым сезоне ў вышэйшай лізе, а таксама сталічныя “Крумкачы”, якія вырашылі спусціцца ў трэці дывізіён.
Разам з тым, прапіску ў першай лізе атрымалі пяць дружын: “Смаргонь” перайшла з “вышкі”, а “Астравец”, рагачоўскі “Макслайн”, “Асіповічы” і “Маладзечна” скарысталіся пуцёўкай павышэння ў класе, дзякуючы ўдалым выступленням у трэцім дывізіёне.
Астатнія ўдзельнікі ўжо знаёмыя вам па мінулым сезоне і мы будзем узгадваць іх па ходзе дыстанцыі турніра.
Калі казаць уласна пра “Шахцёр”, то каманда значна аднавілася: поўнасцю змяніўся трэнерскі штаб, на чале якога стаў 29-гадовы Станіслаў Сувораў. Састаў варатароў быў цалкам пераўкамплектаваны і прыкладна напалову аднавіўся калектыў палявых ігракоў. Дарэчы, пераважная большасць навабранцаў трапіла ў петрыкаўскі клуб з “дубля” салігорскага “Шахцёра”.
У госці да першага саперніка
Пачынаць чэмпіянат давялося з даволі моцным апанентам, якому некаторыя прадказваюць чэмпіёнства першай лігі ў гэтым годзе. Наваполацкі “Нафтан”, сапраўды, умее здзівіць гульнёй, але характарыстыка гэта спрацоўвала летась у абодва бакі.
На маё сціплае меркаванне, кожны ў гэтым матчы пабачыў тое, што захацеў, тым больш, што і нічыйны вынік пакідаў падставы для дыскусій. Уласна я назіраў адносна вязкую гульню ў сярэднім тэмпе, што даволі доўга не мела вострых момантаў, а калі такія і з’яўляліся, то атакі альбо не мелі лагічнага завяршэння, альбо бракаваў іх узровень выканаўчага майстэрства.
“Шахцёр” у гэтым футбольным паядынку хоць і адкрыў лік, дзякуючы трапнаму ўдару са штрафнога таджыкскага легіянера Саідхаджы Мухамадшарыфі на 39-й хвіліне, але часцяком калійшчыкі адыгрывалі другім нумарам: распачыналі марудныя атакі са зваротнымі перадачамі варатару і доўга не маглі замацавацца на палове поля гасцей. Часам нават здавалася, што жоўта-чорныя “паплылі” маральна, бо менавіта на гэта паказвалі звышнасцярожанасць, аглядкі назад і нерашучасць у атацы.
У другой палове сустрэчы гульня павесялела, але на 50-й хвіліне ў вароты гасцей быў прызначаны пенальці – 1:1. “Шахцёр” пачынаў прыходзіць у прытомнасць, з’явіліся атакі, застаўся нерэалізаваным выхад адзін на адзін з кіперам “Нафтана”, але вострыя моманты так і засталіся момантамі: мяч то не даходзіў да партнёраў, то ляцеў вышэй варот. Пад канец сустрэчы гаспадары відавочна страцілі сілы, але рэалізаваць перавагу ў фізічнай падрыхтоўцы за некалькі хвілін да свістка петрыкаўская дружына не здолела.
З “Асіповічамі” будзе лягчэй?
“Калійшчыкі павінны “забіраць” у гэтай гульні 3 ачкі!”, – менавіта такі прагноз было чуваць ад многіх мясцовых прыхільнікаў футбола. Зрэшты, гэтыя словы здаваліся сапраўды рэчаіснымі: “Асіповічы” не маюць вопыту выступлення ў першай лізе, гуляюць на выездзе, ды і фінансаванне “Шахцёра” з вынікаючым гульнявым патэнцыялам і магчымасцямі значна лепшае. Вынікі мінулай гульні гасцей таксама падказвалі: буйное паражэнне 0:3 ад “Баранавіч” – яшчэ адзін доказ аўтсайдзерскага становічга клуба ў гэтым паядынку.
Гульня пачалася згодна з лепшымі спадзяваннямі петрыкаўскіх заўзятараў: хуткі гол на 8-й хвіліне ў выкананні 18-гадовага Ягора Карпіцкага, што моцна прабіў са штрафной у левы бліжні кут варот, узрушыў прысутных.
“Шахцёр” адпавядаў статусу гаспадароў: ціснуў на штрафную асіпаўчан вострымі атакамі, але прапусціў пасля навесу са штрафнога, хіба што не ў час адзінага штурму варот асіпаўчанамі – 1:1 у сярэдзіне першага тайма. Шчыра кажучы, карціна астатняга часу першай паловы не змянілася, як і лічбы на табло.
У другім тайме назіраўся адносны парытэт, пакуль нападаючы гасцей не прадэманстраваў выдатную апрацоўку мяча насуперак нязручным умовам – 1:2 на 56-й хвіліне. Але жоўта-чорныя не далі часу на самоту сваім прыхільнікам і праз хвіліну, намаганнямі былога паўабаронцы рэчыцкага “Спадарожніка” Вадзіма Курловіча, параўналі лік.
Тэмпы не збаўляліся, “Шахцёр” раз за разам штурмаваў вароты. Здавалася, што перамога не прымусіць чакаць – гаспадарам трэба толькі прыстраляцца. Адбылося гэта на 72-й хвіліне, калі Карпіцкі, дацягнуўшыся да мяча, аформіў “дубль” – 3:2, а кропку ў матчы за 5 хвілін да канца асноўнага часу паставіў Дзяніс Кавалевіч. Паў-абаронца скарыстаўся памылкай варатара, які выбраў самы нязручны момант для выхаду сам-насам. У выніку пярэкід кіпера, мяч у сетцы, лік 4:2, свісток, перамога.
Наступны матч петрыкаўская дружына згуляе на выяздзе ў Оршы сёння, 23 красавіка ў 18 гадзін. Заўважым, што глядзець сустрэчы першай лігі стала куды зручней – трансляцыі цяпер вядуцца на канале Беларускай федэрацыі футбола ў “Youtube”. Даволі хутка з’яўляюцца і агляды матчаў. Гульня ў Петрыкаве адбудзецца 1 мая, у нядзелю. “Шахцёр” будзе прымаць мінулагодняга ўдзельніка вышэйшай лігі – футбольны клуб “Смаргонь”. Матч распачнецца ў 18 гадзін. Сустрэнемся на стадыёне, усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о