Узрост – не падстава забываць пра актыўны лад жыцця

0
84

У нядзелю, 14 красавіка, спартыўная зала ДЮСШ поўнілася ветэранамі фізічнай культуры і спорту, што ў чарговы раз выйшлі на старт спартакіяды, па выніках якой вызначыцца састаў зборнай раёна, будзе бараніць спартыўны гонар Петрыкаўшчыны на абласных спаборніцтвах. Нагадаем, што абласны ветэранскі спартыўна-фізкультурны рух адзначае сёлета сваё 20-годдзе.

Узрост – не падстава забываць  пра актыўны лад жыццяМерапрыемства пачалося з валейбольнай таварыскай сустрэчы паміж дружынамі з Петрыкава і Капаткевічаў. Ураджэнцы райцэнтра ўрэшце перамаглі ў матчы працягам дзвюх партый, але госці прадэманстравалі нядрэнную гульню. Здавалася, калі б у пасялкоўцаў было крыху больш часу, яны б абавязкова знайшлі сілы, каб паспрабаваць пераламаць зыход гэтага сяброўскага паядынку. Лепшымі валейбалістамі ў той дзень былі прызнаныя Алена Харамецкая з Капаткевічаў і Андрэй Крот з Петрыкава.

У час афіцыйнага адкрыцця турніру ўдзельнікаў віталі галоўны суддзя спаборніцтваў Жан Дубіна, дырэктар ДЮСШ Валянціна Урбанчык і намеснік старшыні Петрыкаўскага раённага Савета ветэранаў, старшыня райарганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Мікалай Жукоўскі, якія пажадалі спартсменам здароўя, жыццёвай энергіі і прыемных стартаў.

З прыемнай місіяй завярнуўся да прысутных старшыня пярвічнай арганізацыі ГА “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна” Аляксей Каюкала, які ўручыў падзякі абласной ветэранскай фізкультурна-спартыўнай арганізацыі Кацярыне Хамец і сям’і Галіны і Уладзіміра Вабішчэвічаў. У сваю чаргу Аляксей Міхайлавіч атрымаў ад Валянціны Мікалаеўны падзячны ліст ад райвыканкама.
Пачалася актыўная частка мерапрыемства. Жанчыны і мужчыны спаборнічалі ў чатырох відах спорту. Каля сталоў, дзе вызначалі наймацнейшых шашыстаў і шахматыстаў, панавала атмасфера сканцэнтраванасці, часам было чуваць абмеркаванне камбінацый. Крыху гучней было каля мішэні дартса. Тут некаторыя ўдзельнікі спадзяваліся на ўдачу, іншыя мелі больш істотны досвед у дысцыпліне. А вось каля сталоў для настольнага тэнісу была самая адчувальная энергетыка: быў заўважны высокі ўзровень майстроў малой ракеткі, ды і азарту з эмоцыямі спартсменам было не пазычаць.

Спаборніцтвы па більярдзе праходзілі сярод прадстаўнікоў моцнай паловы. Паводзіны більярдыстаў адрозніваліся: нехта поўнасцю аддаваўся гульне, быў выключна сабраным і разважлівым, іншыя атрымлівалі асалоду ад стасункаў з сапернікамі, згадвалі былыя часы.

Пасля некалькіх гадзін спаборніцтваў прыхільнікі актыўнага ладу жыцця паважанага ўзросту сабраліся на ўрачыстую цырымонію падвдзення вынікаў. Так, перамогу сярод шахматыстаў святкавалі Раіса Будзіловіч і Уладзімір Літош. Лепшым чынам праявілі сябе ў шашках Людміла Зубар і Юрый Юніцкі. Не было роўных у настольным тэнісе Аксане Кавальчук і Дзмітрыю Антанішыну. Самымі трапнымі ў дартсе аказаліся Аксана Скрабец і Сяргей Корж, а сярод більярдыстаў перамогу святкаваў Аляксандр Ліпінскі.
Жадаем нашай зборнай поспехаў на абласных стартах, якія адбудуцца напрыканцы красавіка!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о