Дзве гульні, адно ачко, нуль забітых мячоў

0
193

У нядзелю, 21 красавіка, “Шахцёр” прымаў у госці мінскі “Энергетык”, а тыднем раней “калійшчыкі” спрабавалі свае сілы ў выязным матчы ў Астраўцы. Увогуле, за дзве гульні камандзе ўдалося здабыць толькі адно ачко, не забіўшы пры гэтым ніводнага мяча. Але не ў лічбах справа: гульню “салевікоў” нібы суправаджаюць прывіды мінулага – памылкі леташняга сезона.

Пункт прызначэння – горад атамшчыкаў
Другі тур першай лігі Чэмпіянату Беларусі па футболе праходзіў на Гродзеншчыне, у горадзе Астравец. Сустрэча абяцала быць цікавай, бо ўжо на трэцяй хвіліне футбаліст “Шахцёра” ўдала падставіў нагу пад навешаны са штрафнога мяч. Снарад аказаўся ў сетцы, але рэферы паказаў, што нападаючы “салевікоў” знаходзіўся ў становішчы па-за гульнёй.
Далей асаблівай вастрыні каля варот абодвух каманд не назіралася. Барацьба за мяч разгортвалася ў асноўным у цэнтры поля, у моманты нешматлікіх штурмаў брамнікі адыгрывалі даволі надзейна. Калектывы пайшлі на перапынак з сухім нічыйным лікам. Заўзятары ж, пэўна, разлічвалі, што ў другой палове матча футбол будзе больш яскравы і багаты на барацьбу з вострымі штурмамі варот.
Але ход гульні ў другім тайме змяніўся не істотна. На апошняй 10-хвілінцы ўласна ў мяне з’явілася думка, што нічыя, пэўна, найбольш заканамерны вынік зыходу сустрэчы, дзе каманды выглядаюць даволі роўна. Аднак сталася інакш: за тры з паловай хвіліны да заканчэння асноўнага часу, гаспадары вырвалі перамогу з мінімальным лікам 1:0 у “Шахцёра”. Трапны навес са штрафнога, неблагі падбор і хуткі ўдар у створ. “Калійшчыкі” застаюцца ў турнірнай табліцы без ачкоў на сваім рахунку з-за вядомай па мінуламу сезону недапрацоўкі: няўмення надзейна завяршыць фінальны адрэзак матча.

Вільготны дзень з сухім лікам
У нядзелю жоўта-чорныя прымалі на петрыкаўскім стадыёне мінскі “Энергетык”. Зорку з неба гэтая каманда ў сезоне 2024 года схопіць наўрад ці, тым больш, што леташнія штрафныя меры за дагаворныя гульні абумовілі пакаранне і сёлета: чэмпіянат каманда пачала з актывам у -10 ачкоў.
Надвор’е ў той дзень не радавала: вецер і дождж не вабіў і прыхільнікаў футбола. Распачалі каманды сярэднім тэмпам, але футбалісты “Шахцёра” хутка перайшлі да контратакі і імкліва перамясціліся на палову поля саперніка, каб праверыць з дальняй дыстанцыі варатара. Працягам яшчэ хвілін пяці кіпер гасцей быў патурбаваны яшчэ раз у час стандарту. Але ўдар быў даволі просты і асаблівых складанасцяў з абаронай варот не выклікаў.
Чым бліжэй сустрэча падыходзіла на фарватару, тым больш сціплы футбол назіраўся на полі. Так, пэўным чынам бракавала паказаць якасную гульню абедзвюм дружынам надвор’е, але і тэхнічных памылак хапала: недакладныя пасы, страта мяча ў простых сітуацыях, занадта прамалінейныя атакі – усё гэта не давала камандам стварыць нават задзелу для нейкага выніку, а мяч курсіраваў пераважную большасць часу як раз паміж штрафнымі пляцоўкамі сапернікаў.
У другой палове сустрэчы склалася ўражанне, што каманды наўпрост не маюць магчымасці як-небудзь асвяжыць свае сілы. Дынаміка станавілася яшчэ больш павольнай, адносную небяспеку можна было чакаць ад футбалістаў толькі ў час стандартаў, але і тут усё ніяк не ладзілася.
Адзіная інтрыга, якую маглі сапраўды адчуваць заўзятары, што вырашылі застацца ў той дзень дома і паглядзець трансляцыю ў інтэрнэце: ці ўзнавіцца сігнал са стадыёна, бо тэхніку падмачыла дажджом. На вялікі жаль, такой вільготнасці электроніка не вытрымала і другі тайм, за выключэннем некалькіх хвілін, трансліраваць было не магчыма. Але скажу шчыра, гледачы трансляцыі амаль нічога не страцілі. Гульню складана было назваць выразнай: не хапала трапнасці, іншым разам тэхнікі і хуткасці, ды і дождж сваю работу зрабіў. Магчыма зыход матчу магла б вырашыць адна атака, калі б адна з каманд сабрала ўсе свае сілы і рушыла да варот апанента. Але сіл, мабыць, хапала толькі на абарону і самыя простыя камбінацыі. Калектывы літаральна дацягнулі да фінальнага свістку і разышліся сухой нічыёй 0:0, запісаўшы ў свае актывы па першаму ачку.
Наступны матч “Шахцёра” супраць дубля “БАТЭ” адбудзецца ўжо сёння, 27 красавіка, на петрыкаўскім стадыёне “Прыпяць”. Пачатак сустрэчы ў 14 гадзін.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о