Сезон распачаўся з паражэння

0
256

Сезон распачаўся з паражэння

У нядзелю, 7 красавіка, петрыкаўскі стадыён “Прыпяць” прымаў першы хатні матч “Шахцёра” супраць “Маладзечна”.

Адразу адзначым, што напачатку сезона складана сказаць, якая каманда падрыхтавана да спаборніцтваў лепей. Так, састаў “калійшчыкаў”, у параўнанні з годам мінулым, істотна не змяніўся. Больш за тое, каля дзясятка футбалістаў трапілі ў заяўку “Шахцёра” салігорскага, таму будуць мець магчымасць выступаць у элітным дывізіёне беларускага чэмпіянату. “Маладзечна” ж сёлета папоўнілася 15-цю футбалістамі, нядрэнна паказаўшы сябе ў падрыхтоўчых гульнях.

Прагучаў гімн і з прамовай да прысутных звярнулася загадчык сектару спорту і турызму райвыканкама Алена Грэнко, адзначыўшы, што нягледзячы на вынік сустрэчы, перамагае, урэшце, беларускі футбол, а Петрыкаўшчына заўсёды рада сустракаць гасцей. Прадстаўнікі каманд і судзейская брыгада атрымалі ад адміністрацыі раёна караваі – сімвал гасціннасці і пашаны.

Матч распачынаўся ў сярэднім тэмпе. Але складалася ўражанне, што ігракі гасцей хутчэй намагаюцца прызвычаіцца да гаспадароў, у той час як “салевікі” наўпрост шукалі сваю гульню. Адчувалася нейкая няўпэўненасць і мітусня. Разам з тым, бракавалі свой футбол на фінальным этапе штурмаў варот і маладзечанскія нападаючыя.

Бліжэй да сярэдзіны першай паловы сустрэчы адказваць пачалі і жоўта-чорныя. Імклівая атака Станіслава Стэфановіча і стандарт ад паўкруга штрафной пляцоўкі з патрапленнем мяча ў перакладзіну плёну не прынеслі, але заўзятараў “Маладзечна” прымусілі пахвалявацца. Каманды пайшлі на перапынак з сухім лікам, але галоўнае, што ўрэшце мы пабачылі парытэт на полі. Адзінае пытанне, што ўзнікала на фарватары сустрэчы: які трэнерскі штаб дасць лепшыя ўстаноўкі свайму калектыву на працяг гульні.

Доўга чакаць не прыйшлося: паслугу гасцям на 47-й хвіліне аказалі гаспадары – за грубую гульню ў абароне ў час вуглавога “Шахцёр” быў пакараны пенальці. Трэба заўважыць, што кіпер “калійшчыкаў” Ігар Малашчыцкі ўгадаў бок кірунку круглага і адбіў снарад, але першымі на падборы аказаліся госці, якія і развязі другой спробай мяч і варатара – двайны падарунак ад абароны “салевікоў” у выглядзе парушэння і неахайнай гульні пасля выратавання варот.

Сцэнарый першай паловы нібы паўтарыўся. Жоўта-чорныя яшчэ доўга не маглі перайсці да выразнага нападзення, а на 62-й хвіліне іх браму выратавала перакладзіна. Праз чатыры хвіліны прысутныя ўсё ж пабачылі штурм варот “Маладзечна”: да штрафной сваім фірменным манерам шпарка рухаўся Стэфановіч. Але бліжэй да левай штангі нападаючага “падкасілі” і рэферы паказаў на 11-мятровую кропку. Прабіць запаветны мяч узяўся сам Станіслаў. Удар быў не моцны, але і пра стаўку на нейкую ювелірную дакладнасць казаць не выпадала: варатар угадаў напрамак, працягнуў рукі да мяча і снарад адскочыў, а абарона перавяла круглага на вуглавы. Зноў работа на падборы адыграла не на карысць гаспадароў…

Гульня крыху запаволілася і адна з апошніх атак маладзечанцаў, на апошняй хвіліне асноўнага часу, выглядала напачатку не асабліва вострай: імклівы праход левым флангам, перадача да варот, дзе ўжо знаходзіліся тры абаронцы “Шахцёра”, але мяч паляцеў акурат да нападаючага гасцей, які пераправіў яго ў сетку ў скачку адным крананнем – 0:2.

Хоць многія і казалі, што на гэты раз камандзе з берагоў Прыпяці не пашанцавала, але, пераасэнсоўваючы гульню, мне падаецца, што ў той дзень каманда з сталічнага рэгіёну выглядала крыху мацней: больш упэўнена яна дзейнічала на ўсіх лініях, не саступала ў хуткасці і тэхніцы. Але гэтай перавагі не хапіла б для перамогі. Іншая справа, што чарговым сапернікам зноў удалося адыграць на памылках апанентаў… Няўжо, як і напачатку мінулага сезона, “Шахцёр” зноў будзе “прывозіць” у свае вароты пенальці і стандарты з-за грубай гульні ці выдаленняў? Акрамя гэтага, каманда ніколі не магла пахваліцца канкурэнтнай барацьбой на падборы, у тым ліку – на другім паверсе. Такім чынам мы налічылі як мінімум два напрамкі, па якім калектыву трэба ўпарта працаваць, хоць спіс хіб футбола “калійшчыкаў”, вядома, нашмат большы. Тым не менш, пэўны падмурак у “салевікоў”, здаецца, ёсць – гэта ўжо не мінулагоднія юнакі.

Што да старту канкурэнтаў па другім дывізіёне, то без ачкоў у першым туры засталіся “чыгуначнікі”, “Слонім”, дубль “Дынама”, “Хваля”, “Баранавічы”, “Бумпром”, “Белшына” і “Энергетык”. “Орша” і дубль “Тарпеда-БелАЗ” разышліся нічыёй. А вось “Астравец”, “Ліда”, “Ніва”, дубль “БАТЭ” і зборная АБФФ U-17 святкавалі перамогу.

Пра дату і час наступнай сустрэчы мы паведамім загадзя на старонках раёнкі, на сайце і ў сацыяльных сетках “Петрыкаўскіх навін”, сачыце за навінамі. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о