Не так даўно ў фінале Кубка раёна на полі фізкультурна-аздараўленчага комплекса “Прыпяць” сустрэліся “Курыцічы” – адзіны вясковы калектыў, які браў удзел у гэтым турніры, і каманда Петрыкаўскага рудакіравання “Гарняк”.

Кубак “на-гара”
Да пачатку гульні гісторыя супрацьстаяння налічвала два матчы ў рамках чэмпіянату раёна. У абедзвюх сустрэчах перамогі дабіваліся “гарнякі”, але ж матчы атрымліваліся заўсёды напружаныя, мелі шмат барацьбы і забітых мячоў – абедзьве гульні завяршаліся лікам 4:3. Такія папярэднія вынікі прадказвалі: варта чакаць гульні “нос у нос”.
Надвор’е ў суботу было зусім не сонечным, але ж даволі футбольным. Незадоўга да матча прайшоў дождж, які абільна паліў сінтэтычнае поле “Прыпяці”. Гэта надало руху мяча большую хуткасць і прывяло да павелічэння тэмпа гульні.
У пачатку сустрэчы ініцыятывай завалодаў “Гарняк”. Заўважалася, што “жоўта-чорныя” імкнуліся забіць у самым пачатку матча. Так і атрымалася: ужо на трэцяй хвіліне гульні, пасля перадачы з левага фланга, трапна злавіў варатара на супрацьходзе Павел Герасіменка. Другі гол у курыціцкую браму адбыўся на восьмай хвіліне: пасля падачы з вуглавога ігрок “Гарняка” застаўся без апекі абароны, падстроіўся пад мяч і накіраваў яго ў створ.

Пасля такога “халоднага душа” “Курыцічы” прачнуліся і пачалі намагацца ствараць моманты на палове поля “шахцёраў”. Тактыка “вяскоўцаў” у асноўным абапіралася на закіды мяча на ход хуткіх флангавых ігракоў атакуючай лініі. Але даць дакладную перадачу часта не атрымлівалася, у тым ліку з-за “хуткасці” газона, мяч ішоў празмерна хутка, і раз за разам перадачы траплялі не ў ногі нападаючых, а ў рукі варатара “калійшчыкаў”.

Павялічыць адрыў працаўнікам Беларуськалія ўдалося ў канцы першага тайма: той жа Герасіменка атрымаў мяч на ўдарнай пазіцыі, падпрацаваў яго і накіраваў у правы вугал курыціцкай брамы – 3:0.

У другім тайме забітых мячоў не было, але спроб хапала. Мячом валодалі ў асноўным “вяскоўцы”, якім трэба было адыгрывацца. Адзін раз вароты “Гарняка” выратавала штанга, у астатні ж час сваю прафпрыгоднасць даказвала абаронная лінія. “Курканы” гэта заўважалі і прадпрымалі спробы дальніх удараў, але поспеху такія стрэлы не прынеслі.

Матч завяршыўся “сухой” перамогай “Гарняка”, што зрабіла гэту каманду ўладальнікамі трафея. Пасля гульні каманды былі ўзнагароджаны дыпломамі, а трыумфатары атрымалі кубак. Кіраўніцтва аддзела спорту і турызму падзякавала ўсім датычным да правядзення турніра. Таксама быў анансаваны матч за Суперкубак раёна, дата якога будзе ўдакладнена, і турнір памяці Васілія Пінчука ў Чалюшчавічах, які плануюць правесці 9-га кастрычніка.

Ілья ШЭЛЕГ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о