Ужо на гэтых выхадных распачынаецца турнір сярод каманд другога дывізіёна Чэмпіянату Беларусі па футболе. Згодна з жараб’ёўкай, “Шахцёр” згуляе першы матч на хатняй арэне супраць “Маладзечна”.

У міжсезонні ў калійнай дружыне адбылося нямала змен. Зараз каманда будзе выступаць ужо ў статусе дубля салігорскага “Шахцёра”, з-за чаго немалую частку дамашніх сустрэч правядзе на салігорскім стадыёне. Гэта нагода для вас, паважаныя чытачы, пільна сачыць за навінамі нашага выдання, дзе мы будзем анансаваць матчы, якія адбудуцца ў Петрыкаве.

Калектыў у гэтым сезоне ўзначаліў 32-гадовы Дзмітрый Данілевіч. У якасці асістэнта выступіць добра вядомы мясцовым аматарам футбола былы нападаючы петрыкаўскага “Шахцёра” Аляксей Хадневіч.

На этапе падрыхтоўкі да чэмпіянату каманда правяла 12 сустрэч. Усе спарынгі з прадстаўнікамі вышэйшай лігі жоўта-чорныя прайгралі, саступіўшы салігорскаму “Шахцёру” з лікам 0:6, дзяржынскаму “Арсеналу” – 1:3, “Слуцку” – 2:3. У 5-ці матчах з сапернікамі па першай лізе “калійшчыкі” перамаглі ў 3-х: з “АБФФ U17” – 3:1, дублем мінскага “Дынама” – 2:0, “Астраўцом” – 2:0. Сустрэча з гомельскім “Лакаматывам” скончылася баявой нічыёй 1:1, а гульня супраць пінскай “Хвалі” – паражэннем 0:1. У 4-ох падрыхтоўчых паядынках з калектывамі другой лігі “Шахцёр” выйшаў пераможцам, двойчы адолеўшы дубль магілёўскага “Дняпра” з лікамі 1:0 і 3:0, “Асіповічы” – 2:0, і разграміўшы “Unixlabs”, аформіўшы чатыры безадказныя галы.

Першы тур для “Шахцёра” прой-дзе ў гэтую нядзелю, 7 сакавіка, на петрыкаўскім стадыёне “Прыпяць”. Пачатак сустрэчы ў 15 гадзін. Не прапусціце старт турніру, тым больш, што гульняў у гэтым сезоне на нашай арэне будзе менш, чым раней.
Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о