У мінулым годзе на базе Капаткевіцкага дома культуры была арганізавана таварыская матчавая сустрэча па 5-ці відах спорту. Тады ветэраны спорту і фізічнай культуры дамовіліся сустрэцца на Капаткевіцкай зямлі на будучых спаборніцтвах, што адбыліся роўна праз год – 18 снежня.
На цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў членскі білет пярвічнай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання “Ветэраны фізічнай культуры і спорту” быў уручаны Алене Харамецкай, а Аляксандр Пінчук атрымаў падзяку ад Гомельскай абласной арганізацыі.
Турнір сабраў 19 удзельнікаў з Капаткевічаў, Чалюшчавічаў і Петрыкава. Спаборніцтвы па 5-ці відах спорту прайшлі ў цікавай барацьбе. Згодна з рэгламентам, адзін удзельнік мог выступіць у двух відах праграмы.
У выніку перамогу святкавалі: у настольным тэнісе – Дзмітрый Антанішын, у більярдзе – Мікалай Коўгар, у шахматах і шашках – Мікалай Мазуркевіч, у дартсе – аўтар гэтых радкоў.
Узнагароджанне прызёраў прайшло ў традыцыйнай сяброўскай атмасферы, што стварылі для нас работнікі Капаткевіцкага дома культуры на чале з Ядвігай Суботка, за што выказваем артыстам вялікую падзяку.
Кожны з удзельнікаў у свой час бараніў спартыўны гонар сваёй школы, арганізацыі, прадпрыемства, раёна на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Некаторыя ўваходзілі ў састаў абласных і нават рэспубліканскіх каманд. Прыемна, што і сёння члены нашай “пярвічкі” падтрымліваюць актыўны лад жыцця.
Паважаныя ветэраны, жадаю вам моцнага здароўя і актыўнага даўгалецця, з надыходзячым Новым годам і Калядамі, да сустрэчы ў 2023 годзе!

Аляксей КАЮКАЛА,
кіраўнік ГА “Ветэраны фізічнай культуры і спорту
Петрыкаўскага раёна”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о