Штомесячная даплата да заработнай платы – дадатковы бягучы даход

0
373

Работнікі, якія падлягаюць прафесійнаму пенсійнаму страхаванню, у якіх спецыяльны стаж работы да 1 студзеня 2009 года складае менш за палову патрабаванага для назначэння пенсіі па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы або пенсіі за выслугу гадоў, або не маюць такога стажу да названай даты, маюць права выбару спосабу кампенсацыі за работу з асаблівымі ўмовамі працы. Якія нюансы выбару, што трэба ведаць пра прафесійнае пенсійнае страхаванне – з гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да начальніка Петрыкаўскага раённага аддзела Гомельскага абласнога ўпраўлення Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Святланы Леанідаўны АНАНЬЕВАЙ.

– Так, работнік мае права абраць прафесійнае пенсійнае страхаванне ці штомесячную даплату да заработнай платы.
Пры выбары работнікам ППС працадаўца працягвае выплачваць унёскі на ППС. Адпаведна, у яго фарміруецца прафесійны стаж і права на датэрміновую і (або) дадатковую прафесійную пенсію.
У выпадку выбару штомесячнай даплаты да заработнай платы, работнік атрымае дадатковы бягучы даход замест права на прафесійную пенсію ў будучым.
Штомесячная даплата да заработнай платы праводзіцца работадаўцам на падставе пісьмовай заявы работніка, – паведаміла Святлана Ананьева.
Як пазначыла ў час размовы начальнік раённага аддзела ФСАН, рашэнне аб праве канкрэтнага работніка на даплату прымаецца работадаўцам па выніках вывучэння дакументаў, якія пацвярджаюць спецыяльны стаж гэтага работніка.
Таксама трэба звярнуць увагу, што з 1 ліпеня 2021 (справаздачны перыяд 2021 год) у індывідуальных асабовых рахунках застрахаваных асоб назапашваюцца звесткі і пра перыяд атрымання штомесячнай даплаты да заработнай платы замест прафесійнага пенсійнага страхавання. Уведзены новы код віду дзейнасці – “ПРАФДАП”. Ён запаўняецца па застрахаваных асобах, якія працуюць на аснове працоўнага дагавора (код катэгорыі застрахаванай асобы “01”) для справаздачных перыядаў, пачынаючы з 1 студзеня 2021 года. Пры запаўненні формы ПУ-3 па такіх работніках неабходна адлюстраваць перыяд атрымання ўказанай даплаты з 1 студзеня 2021 года.
Па інфармацыі Святланы Ананьевай, у мэтах павышэння матэрыяльнага забеспячэння работніка па дасягненні агульна-ўстаноўленага пенсійнага ўзросту, частка атрыманых грашовых сродкаў у выглядзе даплаты да заработнай платы можа быць накіравана ім для ўдзелу ў новым відзе страхавання – добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі.
Так, работнікі, якія выбралі штомесячную даплату да заработнай платы замест прафесійнага пенсійнага страхавання і выказалі жаданне ўдзельнічаць у добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі, могуць часткова выкарыстоўваць яе для назапашвання гэтай пенсіі.
Права ўдзельнічаць у новым страхаванні прадастаўляецца работнікам, за якіх работадаўцамі выплачваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы, але не пазней, чым за тры гады да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.
Пры гэтым, як паведаміла ў час размовы начальнік раённага аддзела ФСАН, будзе задзейнічаны механізм дзяржаўнага суфінансавання будучай назапашвальнай пенсіі. У выпадку ўдзелу работніка ў гэтай праграме, работадаўца абавязаны будзе заплаціць дадатковы ўзнос на назапашвальную пенсію суразмерна тарыфу ўзносу выбранага работнікам, але не больш за 3%.
– Напрыклад: выхавальнік дашкольнай адукацыі абраў штомесячную даплату да заработнай платы, памер якой не можа быць меншы за суму ўзносаў на ППС, належных да выплаты ў бюджэт фонду (4% ад аб’екта для іх налічэння). Пры гэтым з 1 кастрычніка ён удзельнічае ў добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі, выбраўшы тарыф узносаў 3%. Да гэтых 3% працадаўца абавязаны будзе выплаціць яшчэ 3%, гэта значыць, штомесяц на дадатковую назапашвальную пенсію будзе накіроў-вацца 6 % (3 % за кошт сродкаў работніка і 3% за кошт сродкаў работадаўцы).
Такім чынам, у работніка, акрамя дадатковага штомесячнага бягучага даходу, можа назапашвацца і дадатковая назапашвальная пенсія. Пагадзіцеся, гэта сур’ёзная падтрымка! – дадала ў завяршэнне размовы Святлана Леанідаўна.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о