13 сакавіка адзін з самых выбітных спартсменаў Петрыкашчыны Вячаслаў Часнакоў адзначыў сваё 90-годдзе. Скажам шчыра, гады бяруць свае і з гэтай прычыны мы вырашылі не турбаваць юбіляра сваімі пытаннямі, а задалі іх яго, можна сказаць, мала-дзейшым таварышам па спорце. Суразмоўцы шчыра дзяліліся ўспамінамі і эмоцыямі, таму прапануем вашай увазе іх адказ на пытанне: “Якім быў для акружаючых Вячаслаў Мітрафанавіч?”.

Чалавек бязмернай волі і бясконцага пазітыву

Аляксей Каюкала:

– Нарадзіўся Вячаслаў Часнакоў ва Украіне, але лёс закінуў яго да нас і, як аказалася, назаўсёды. Гэты чалавек адрозніваўся тым, што заўсёды ўмеў ставіць перад сабой мэту і ўсімі сіламі дасягаць яе. Так, ён неаднаразова выступаў у саставе зборнай БССР на сялянскіх спартыўных гульнях, дзе стаў срэбраным прызёрам у 1960 годзе. Пра цудоўную фізічную форму гаворыць яго рэкорд у 199 сантыметраў у скачках у вышыню перакідным і 11,4 секунды на стамятроўцы.

Але аповяд пра нашага героя быў бы няпоўным, калі не ўзгадаць, колькі высокакласных спартсменаў ён падрыхтаваў. Менавіта яго выхаванцы сталі чэмпіёнамі вобласці па валейболе, сталі чацвёртымі ў першынстве рэспублікі і пятымі ў першынстве спартыўнага таварыства “Ураджай”. Умовы для заняткаў спортам былі далёкімі ад ідэальных, але нашыя хлопцы і дзяўчыны літаральна “грамілі” ўсіх гасцей, што наведвалі Петрыкаўшчыну ў рамках валейбольных спаборніцтваў. А мы, малыя хлопчыкі і дзяўчынкі, беглі на стадыён, каб падтрымаць нашых спартсменаў  і бясконца ганарыліся імі.

З 1969 па 1976 гады Вячаслаў Часнакоў узначальваў спортка-мітэт раёна. На жаль, некалькі гадоў назад наш герой трапіў у ДТЗ і з гэтага моманту яго здароўе стала пагаршацца.

Мы, ветэраны спартыўнай галі-ны, часцяком наведваем Вячаслава Мітрафанавіча, віншуем са святамі, значнымі датамі. І ў гэты юбілей пажадалі нашаму аксакалу спорту здароўя, шчасця, дабрабыту і актыўнага даўгалецця. Да 100 гадоў засталося не так ужо і багата, мы з радасцю павіншуем нашага героя з гэтай круглай лічбай!

Сяргей Шпак:

– Гэта чалавек з вялікай літары. Мы, вядома, лічылі яго работу ўзорнай, бо, акрамя прафе-сійных якасцяў, Вячаслаў Часнакоў меў пазітыўны характар, падбадзёрваў у любой сітуацыі. Другая адметная рыса спартсмена – дапамога. Вячаслаў Мітрафанавіч падтрымліваў усіх, хто меў у гэтым патрэбу. Дзякуючы гэтай дапамозе, людзі самі па сабе станавіліся больш упэўненымі, адчувалі, што пастаўленыя мэты ім па плячы, што яны не могуць расчараваць людзей, якія на іх спадзяюцца.

Пэўна, не трэба казаць, што наш герой быў спецыялістам найвышэйшага класа. Праз адказныя адносіны да спорту і яго любові да справядлівасці, як на спартыўнай пляцоўцы, так і ў жыцці, гэты чалавек станавіўся для нас прыкладам. Нельга не адзначыць і яго настаўніцкія якасці – пад кіраўніцтвам Вячаслава Часнакова працаваць было лёгка, бо ўсё было дасканала патлумачана і абмеркавана, а неабходная парада, здавалася, прыходзіла раней, калі мы адчувалі ў ёй патрэбу.

Чалавек бязмернай волі і бясконцага пазітыву
Абласная спартакіяда школьнікаў.
У цэнтры Часнакоў В.М. і Кузьменка Г. В. г. Рагачоў 1963г.

Лілія Гросвальд:

– Вячаслаў Часнакоў звонку выглядаў вельмі акуратна, а як чалавек адрозніваўся добрынёй, шчырасцю і вясёлым характарам. Апошняя рыса дапамагала ўсім: добрае слова, жарт, усмешка дапамагалі знаходзіць у сабе сілы ў любой сітуацыі. Я лічу гэтую якасць агульначалавечай, але ў спорце прыўзняты настрой, напэўна, мае найбольшую важнасць.

Калі гаварыць пра асацыяцыі, то спартсмены таго пакалення выклікаюць у мяне ўспаміны моцных сяброўскіх сувязяў. Яны заўсёды баранілі не толькі спартыўны гонар нашага раёна, а і падтрымлівалі адзін аднаго. Мабыць з-за гэтай узаемадапамогі Петрыкаўшчына заўсёды якасна выглядала на спартыўнай арэне, а людзі, што прытрымліваліся актыўнага ладу жыцця, лічыліся ўзорам паводзінаў.

Віктар Іваноў:

– У гэтым чалавеку спалучыліся некалькі вельмі важных якасцяў: як спартсмен, Вячаслаў Часнакоў меў мэтанакіраванасць, як чалавек – быў вельмі добразычлівым, а як кіраўнік – меў надзвычай высокія арганізатарскія здольнасці. Узгадваючы гэтага чалавека, у маёй свядомасці з’яўляюцца ўспаміны пра валейбольныя спаборніцтвы, што ла-дзіліся кожныя выхадныя на спартыўнай пляцоўцы ў парку. А таксама футбольныя штогадовыя турніры, прымеркаваныя да свята працы 1 мая. Днямі мы ці ўдзельнічалі ў спартыўных гульнях, ці назіралі за спортам. І вось, уявіце, у перапынках ці пасля спаборніцтваў, перад намі паўставаў сапраўдны настаўнік, старэйшы таварыш, які быў не толькі выдатным спартсменам, але і сапраўднай душою кампаніі. Мы чулі мноства цікавых і павучальных гісторый, разам шчыра смяяліся з яго анякдотаў. З прычыны такіх чалавечых адносін да падрастаючага пакалення Вячаслаў Мітрафанавіч, вядома, стаў для нас сапраўдным кумірам.

Памятаю, ён прыходзіў на пляж: спартыўны, падцягнуты, лавіў на сабе позіркі прысутных. А калі ныраў, то з’яўляўся з-пад вады ўжо каля другога берага ракі. І нават гэты невялікі факт гаворыць пра здольнасці сапраўднага спартсмена.

Менавіта дзякуючы Вячаславу Часнакову слова “спорт” стала для нас не пустым гукам, а сапраўдным заняткам, што выклікала павагу і захапленне цэлага пакалення.

Станоўча, што і па прашэсці часу, ужо знаходзячыся на заслужаным адпачынку, наш Мітрафанавіч ніколі не забываў нас, заўсёды па-бацькоўску звяртаўся, узгадваў мінулыя гады. Яму ўжо 90 гадоў – а ўсе мае ўспаміны пра гэтага чалавека выключна пазітыўнага характару.

Запісаў Арцём ГУСЕЎ.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о