Скрыжаванні лёсаў

0
796

Кажуць, чытаючы кнігі, мы можам пражыць некалькі жыццяў. Калі перавесці гэтую фразу на мову журналістыкі, то яна будзе гучаць так: сустракаючыся з героямі нашых публікацый, слухаючы гісторыі лёсу, мы пражываем не адно жыццё. Сёння якраз адна з такіх гісторый, якая кранае сэрца, незалежна ад таго, пісьменнік ты, журналіст ці чытач.

Таццяна Назарэнка нарадзілася ў вёсцы Чалюшчавічы. Калі маці выйшла замуж, яны пераехалі ў Церабаў, дзе дзяўчынка скончыла школу. Пасля таго, як атрымала педагагічную адукацыю, прыехала працаваць дырэктарам пачатковай школы ў вёску Баянаў. І тут затрымалася на 11 гадоў. Затым яе перавялі ў родную школу. Увогуле, педагагічны стаж жанчыны склаў 39 гадоў.

– Я ўсё жыццё пражыла ў вёсцы, – пачала мая суразмоўца. – Разам з мужам мы выгадавалі траіх дзяцей. Старэйшыя зараз жывуць і працуюць у Маскве, малодшы – у Мазыры.
Здаецца, звычайная гісторыя, якіх шмат на Петрыкаўшчыне, але не ўсё так проста.

– Маё жыццё ўмоўна можна падзяліць на дзве часткі, – працягнула жанчына. – Першы муж атрымаў вялікую дозу радыяцыі, калі выбухнула Чарнобыльская АЭС. З-за гэтага здароўе яго значна пагоршылася. Ён памёр 12 гадоў назад. Гэта быў вельмі складаны для мяне час. Не ведала, як жыць далей. Здавалася, што ўсё скончана. Калі губляеш чалавека, з якім пражыў шмат гадоў, нарадзіў дзяцей, свет нібы становіцца бясколерным.

Фарбы ў жыццё мне вярнуў сябар. Уладзімір Мурачоў таксама страціў жонку. Яна хварэла доўгі час. Гора аб’яднала нас. Першапачаткова мы проста дапамагалі адзін аднаму: садзілі агарод, вырошчвалі дрэвы, упрыгожвалі прыдамавую тэрыторыю кветкамі.

У нейкі час мы зразумелі: жыць разам – гэта нашае выратаванне, тым больш, што ўзрост у нас быў сталы. А хто яшчэ працягне табе руку дапамогі, як не чалавек, якога ты ведаеш усё жыццё, які належыць да пакалення, для якога ўзаемадапамога была на першым месцы.

Маё жыццё не ўвесь час было шчаслівым, яно было напоўнена ўзлётамі і падзеннямі, расчараваннямі і натхненнямі, забыццём і верай. І сёння мне хочацца падзякаваць Усявышняга за тое, што другую частку жыцця я змагла пражыць шчасліва.
Мая гераіня цяжка ўздыхнула і працягнула:

Скрыжаванні лёсаў– Уладзімір пайшоў з жыцця 14 лютага бягучага года. Страта такога чалавека – неверагоднае гора для сям’і. Ён таксама пражыў жыццё з вырбаваннямі. Яго брат Сяргей знік без вестак недзе ў Данецку.
Уладзімір Якаўлевіч быў неверагодна дысцыплінаваным, начытаным, далікатным, акуратным ва ўсім чалавекам, з высокімі маральнымі якасцямі. Парадак у яго быў і на працы, і ў доме. Нават ужо ў пенсійным узросце ён трымаў спіну прама, модна апранаўся. Здаецца, такія людзі нараджаюцца адзін раз у стагоддзе.
За сваё жыццё кім толькі ён не паспеў папрацаваць: і трактарыстам, і кранаўшчыком, і матарыстам матавоза, і слесарам па рамонце аўтамабіляў, і механікам, і экскаватаршчыкам. Стаж яго працы склаў 62 гады, і на пенсіі працаваў 17 гадоў. Яго вельмі паважалі калегі.

Па словах маёй суразмоўцы, жыццё пражыць – не поле перайсці. Доўгі час жанчына жыла ў забыцці, без веры ў Бога. Савецкі час наклаў свой след на жыццёўспрыманне.

– Цяпер, азіраючыся назад, хачу сказаць, што нам трэба жыць у ладзе з Усявышнім, выконваць ягоныя запаведзі, верыць і спа-дзявацца на лепшае. Мая задача на сёння – пражыць як мага больш, каб сваім унукам дапамагчы выбраць правільны шлях, пазбегнуць памылак.
Наш дыялог скончыўся настаўленнем Таццяны Цярэнцьеўны: жывіце, дзеці, з Богам. Няхай ён бласлаўляе вас на ўсе добрыя справы!

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о