Чуткі пра тое, што недзе на поўначы нашага раёна жыве каваль, працы якога выклікаюць у землякоў захапленне, даходзілі да журналістаў раённай газеты даўно. Завітаўшы па рэдакцыйных справах “у тыя мясціны” захацелася пазнаёміцца з уладальнікам такога даўняга і асаблівага  рамяства і на свае вочы пабачыць яго работы.
Сяргей Сакавец – асоба вядомая і паважаная як на малой радзіме, так і за яе межамі. За яго карпатлівую, тонкую працу, якая патрабуе нямала фізічнай і творчай аддачы і ўпрыгожвае культурныя і грамадскія месцы  Лучыцкага і Навасёлкаўскага сельскіх Саветаў, людзі дзякуюць кавалю добрым словам.

Гаспадар молата і накавальні

– Заедзьце да нашага храма, паглядзіце на кованыя вароты,  якія зрабіў майстар, а ў двары мясцовага лясніцтва якая прыгажосць, – пачала пералічваць заслугі земляка жыхарка Кашэвічаў.
У размове з жанчынай мы даведаліся, што ўмелец пражывае ў Новагалоўчыцах, і, як сказала субяседніца, “дом яго пазнаеце самі і адразу”. Так і выйшла. Сапраўднага майстра здалёк відаць па справах. Вароты і брамка – першае, што ўбачылі мы з работ Сяргея Уладзіміравіча. Велічная кованая агароджа пазначалася дэкаратыўнасцю і мастацкай задумай і, напэўна, магла б стаць візітнай карткай каваля. Наш знаёмы аказаўся надзвычай гасцінным гаспадаром і сціплым да пахвалы чалавекам.
– Ну што асаблівага ў маім захапленні? У кожнага ёсць свая любімая справа, – канстатаваў каваль і запрасіў на кубак кавы.
Рэчы, якія акружалі нас, гаварылі пра вялікі эстэтычны густ гаспадара, яго ўменне сваімі рукамі рабіць вакол сябе прыгажосць і камфорт, пра неверагодную працаздольнасць. Ганак па баках упрыгожаны мудрагелістымі жалезнымі завіткамі, і такі ж дэкор маюць стол, лаўка, агароджа для кветніка, у хаце – падсвечнікі, элементы быту і дэкору – кругом адчувалася рука майстра.
– Сам я родам з Казахстану. Ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве цікавасці да працы з жалезам не заўважаў за сабой. Бацькі працавалі на чыгунцы і не мелі дачынення да кавальскай справы, – успамінае наш знаёмы. – Жыццёвы шлях, як ва ўсіх юнакоў савецкага часу: школа, вучоба, служба ў войску. У нейкі момант з жонкай, якая для мяне сапраўдны сябра, апора і родны чалавек вырашылі прыехаць на радзіму маіх бабулі і дзядулі ў вёску Кашэвічы.
У Беларусь суразмоўца вярнуўся з сям’ёй, у якой падрасталі дачка і два сыны. Пачалі абжывацца, шмат працавалі і выкарыстоўвалі любую магчымасць, каб палепшыць дабрабыт.
– Ужо ў даволі свядомым узросце я згадзіўся на прапанову паехаць на заробак у Расію. Працаваў у цаху каваных вырабаў. Менавіта ў той перыяд з’явілася жаданне, інтарэс да дадзеннай справы, – працягвае майстар. – Працаваў у суседняй краіне недзе гады два, а калі вярнуўся ў Беларусь – справу не кінуў, назапасіўся неабходным інструментам, абсталяваў месца ў двары і ў вольны час пачаў увасабляць у жыццё намаляванае ва ўяўленні, пасля пакладзенае на ліст паперы.
З-пад яго ўмелых і моцных рук з’яўляліся  жалезныя ружы, наборы для камінаў, паштовыя скрыні, элементы мэблі, агароджы.
Пытаюся ў Сяргея Уладзіміравіча, ці перадае ён сваё майстэрства дзецям.
– Праяўляе цікавасць сын малодшы, авалодвае майстэрствам зяць, – дзеліцца  суразмоўца. У мяне падрастаюць дзве ўнучкі і ўнук – вучань Навасёлкаўскай сярэдняй школы, які ў вольныя хвіліны заўсёды разам са мною і скажу шчыра, ён – мая надзея ў працягу маіх спраў.
Задавальненне ад знаёмства з новагалоўчыцкім кавалём  было ў мяне шчырым. Той факт, што землякі нашы працавітыя, таленавітыя і надзейныя знайшоў яшчэ адно пацверджанне. А яшчэ было радасна ад таго, што справы нашых дзядоў і прадзедаў не забытыя і перадаюцца маладым пакаленням. Як вечны і неацэнны скарб.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о