Мы працягваем цыкл матэрыялаў, прысвечаных маладым людзям, якія з задавальненнем працуюць у Петрыкаўскім раёне.

Сяргей Кананчук прыехаў у Петрыкаўскі раён з вёскі Сямігосцічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Па словах хлопца, тут, на Палессі, ёсць усё неабходнае для жыцця сучаснага чалавека. Малады аграном знайшоў у зацішным кутку нашай малой радзімы сябе – праца па душы, з магчымасцю кар’ернага росту, жыллё, якім забяспечвае мясцовае прадпрыемства сваіх працаўнікоў, і, галоўнае, велічная прырода, якая нікога не пакідае абыякавым.

Чым вабіць Петрыкаўшчына аграномаў?
Дырэктар педагагічнага філіяла Аляксандр Чачоткін уручае нашаму герою дыплом другой вышэйшай адукацыі

– Я нарадзіўся і вырас у працоўнай сям’і. Бацькі ўсё жыццё займаліся і працягваюць займацца фермерствам, парнік 10 сотак маюць, 30 сотак адведзена на вырошчванне капусты.

Сяргей удакладняе, актыўны сезон працы на палях пачынаецца ў бацькоў з лютага, а заканчваецца ў кастрычніку. Не пакладаючы рук, бацькі працуюць ад світання да заходу. Перапынак толькі на тры месяцы. У гэтым годзе яны плануюць пасеяць 15 сотак салодкай кукурузы. Што паспеюць выгадаваць і прадаць, тым сабе на жыццё і зарабляюць.

– У мяне ўжо ў 9 класе быў уласны парнік з агуркамі на 3 соткі, а ў 11 класе – на 8 сотак, – працягвае герой. – З дзяцінства мне падабалася займацца вырошчваннем гародніны. Працаваць на зямлі я люблю.

Зразумела, пазіраючы, як працуюць мама і тата, Сергей пайшоў па іх слядах. І, увогуле, у яго сям’і з пакалення ў пакаленне ўсе працавалі на зямлі.

– Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Палескі дзяржаўны аграрны каледж на агранома. Вырашыў не спыняцца на дасягнутым і паступіў у Горацкую акадэмію на Агранамічны факультэт. У 2019 годзе паступіў завочна на выкладчыцкую дзейнасць асноўнай адукацыі, яе скончыў у 2021 годзе, затым быў размеркаваны ў ААТ “Агра-Ляскавічы” аграномам-аграхімікам, а ў лістападзе 2021 года стаў галоўным аграномам гэтага прадпрыемства. Задача – забяспечыць гаспадарку кармамі, зернефуражом, насенным матэрыялам.

– У маёй справе зусім няма дробязяў. Памылка ці пралік, у якой-небудзь частцы гэтай працы, можа ці перакрэсліць усе намаганні, ці істотна зменшыць канчатковы вынік. У сувязі з гэтым з ранняй вясны і да глыбокай восені аграном знаходзіцца ў пастаянным разумовым працэсе і сур’ёзным напружанні, – распавядае пра нюансы работы суразмоўца. – Аграном – гэта чалавек, які робіць усё магчымае для забеспячэння максімальнага ўра-джаю на полі. Ён і забяспечвае правядзенне пасяўной кампаніі, і абарону ад хвароб, насякомых, пустазелля і іншых шкоднікаў, і прымяняе ўгнаенні. Прасцей кажучы, робіць усё, пачынаючы ад узворвання поля і заканчваючы ўраджаем.
На пытанне, што найбольш падабаецца Сяргею ў яго працы, адказаў:
– Дамагацца вынікаў, працаваць з разумелымі людзьмі, даведвацца пра новае, ставіць вопыты.

Сяргей у сваёй рабоце імкнецца павысіць ураджайнасць з кожным годам. Кажа, пакуль гэта атрымоўваецца.

Генеральны дырэктар ДПУ “НП “Прыпяцкі” Юрый Апанавіч уручыў Сяргею і яго таварышам па кватэры (Андрэй Шчэмялёў працуе у нацпарку, Дзяніс Чарняўскі – у лясніцтве) пральную машыну.

– Вельмі, дарэчы, неабходна яна нам была. Так што дзякуй вялікі!
У канцы размовы Сяргей адзначыў, што агарагодак Ляскавічы знакаміты сваімі краявідамі, сюды прыязджаюць спецыялісты з розных куткоў Беларусі.
– Тут хапае месцаў для працы, ёсць, дзе і адпачыць. Пра планы на будучыню пакуль нічога скажу. Усё ж жыццё пераменлівае.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о