У кафэ “Рэлакс” працуе адміністратарам наша зямлячка Анастасія Гадаева. Наведвальнікі ўстановы адзначаюць яе камунікабельнасць і камфорт у зносінах. Калегі гавораць як пра надзейнага і адказнага работніка, якая паказвае ва ўсім прыклад. Для мяне Анастасія яшчэ прыклад жыццялюбства, стойкасці і адданасці сямейным каштоўнасцям.

Заўсёды з павагай стаўлюся да людзей, якія сваёй працай, стараннем прабіваюць  дарогу ў жыцці. Здараецца ж так: дапамогі чакаць асабліва няма ад каго, а патрэбна ісці наперад  і стаць прыкладам, апорай для родных  людзей. Дзяцінства і юнацтва Анастасіі прайшло ў асяроддзі бабулі і сямі братоў і сясцёр. Гераіня не хавае, бацька ў яе жыцці не прысутнічаў, а  маці ў пэўны адрэзак часу саступіла з правільнага шляху. Яе яна не асуджае – шкадуе. У  выніку апісаных жыццёвых абставін унукаў да сябе забрала бабуля. Прытым жанчына, ужо пасля таго, як дачкі не стала, дабілася і забрала з дзіцячага прытулку самую малодшую чарырохгадовую ўнучку.

– Бабуля, Налецька Марыя Антонаўна, для ўсіх нас – святая, самы родны чалавек.  Яна прыклад сямейнай утульнасці і ласкі, дабрыні і адказнасці, – дзеліцца гераіня.

Пасля заканчэння  дзевяці класаў першай гарадской школы дзяўчына паступіла ў Жыткавіцкі ліцэй. Прафесія “Прадавец. Повар” дазваляла ёй лёгка працаўладкавацца на малой радзіме, але для большых перспектыў яна вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю ў Мазырскім універсітэце. Час вучобы ўспамінае як радасныя, цікавыя і насычаныя на падзеі гады, якія паўплывалі на станаўленне асобы. Атрымаўшы дыплом, мая знаёмая зрабіла важны крок у сваім жыцці: стварыла сям’ю з каханым чалавекам. Па спецыяльнасці папрацаваць не паспела: у маладой сям’і нарадзілася дачушка. Пра чатырохгадовую Дашу суразмоўца можа гаварыць доўга. Не хавае, што з мужам пестуюць малую. “Любая”, “лепшая”, “самая-самая” – толькі такімі словамі характарызуецца дзяўчынка.

– Усё неабходнае для развіцця, захапленняў, вучобы і баўлення вольнага часу ў нашай дачкі будзе, – сцвярджае зямлячка. – А самае галоўнае ў яе ёсць з нараджэння – бясконцая бацькоўская любоў.

Дачка не адзіны клопат у Анастасіі. Яна з’яўляецца апекуном малодшай сястры. Тая ў гэтым навучальным годзе заканчвае Петрыкаўскую школу-інтэрнат і трэба думаць пра яе далейшы лёс. Сястра не так даўно сур’ёзна хварэла, ёй патрэбен быў асаблівы догляд і давялося вяртаць роднага чалавека да звычайнага жыцця. У свае дваццаць сем год жанчына стала надзейнай апорай яшчэ для дзвюх сясцёр, студэнтак навучальных устаноў Мазыра, для якіх дом сястры стаў і іх домам.

Амаль усе браты і сёстры маёй гераіні абзавяліся сем’ямі і пайшлі на свой хлеб. На маё пытанне пра перажытыя жыццёвыя цяжкасці сям’і, суразмоўца адказвае  не раздумваючы:

– Дзякуй  Богу, мы ўсе здаровыя, рукі і ногі ёсць, галава на плячах таксама. А яшчэ прысутнічае жаданне працаваць, радавацца кожнаму дню і будаваць планы. Страшна, калі спакою ў краіне няма. Людзі гінуць і трывожна за дзяцей. А нам сёння – грэх скардзіцца.

Часам лёс прымушае чалавека прайсці праз выпрабаванні і бывае вельмі складана нешта прыняць і перанесці. Анастасія, на мой погляд, годна ідзе па жыцці: яна змагла знайсці адзі-нае правільнае  рашэнне – быць шчаслівай у кожным падараваным дні. А яшчэ мая знаёмая, нягледзячы на зусім не просты лёс, не ўмее жаліцца. Крочыць па жыцці ўпэўнена і цвёрда.  Гэта, магчыма, і ёсць сапраўдныя якасці моцнага духам чалавека.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о