Матэрыялу, каб расказаць пра сённяшняга героя, кажучы шчыра, мне хапала яшчэ да сустрэчы з суразмоўцам. Людзі, што ведаюць Анатолія Лебусава, выказваюцца пра мужчыну выключна станоўча і як пра чалавека, і як пра былога кіраўніка. “І зваршчык ад Бога! Некалькі разоў на вытворчасці здараліся складаныя зварачныя работы, што нават самыя вопытныя спецыялісты з пячаткамі-клеймамі не маглі рады даць. Тады дырэктар пераапранаўся, браўся за апарат і выконваў працу выдатна, на зайздрасць і навуку сваім спецыялістам”, – адзначыў адзін з былых падапечных мужчыны.

22 лістапада Анатолій Міхайлавіч адзначыў сваё 75-годдзе. Мужчына, што выглядае значна маладзейшым за свае гады, гасцінна запрасіў мяне на кубак гарбаты, пачалася размова:
– Родам я з Бялыніцкага раёна, што на Магілёўшчыне. У часы майго дзяцінства школы налічвалі па некалькі класаў, з якімі займаўся адзін настаўнік. Таму ў першы клас я пайшоў у вёсцы Вялікі Трылесін, потым вучыўся ў родным Запакуллі, а пасля – у Свяцілавічах. З 6-га класа ездзіў на вучобу ўжо ў райцэнтр. Бацькі мае працавалі ў калгасе. Тата ў Вялікую Айчынную вайну быў партызанам, але расказваў пра тыя часы мала. Доўгі час я не ведаў, што ўсю яго вялікую сям’ю колькасцю ў 21 чалавек, як родных байца партызанскага атрада расстралялі паліцаі з ліку вясковых. У апошні момант нейкі немец адвёў з месца расстрэлу трох маленькіх сясцёр бацькі, якім было дзевяць, чатыры і два гадкі, і аддаў суседзям. Жудасную сітуацыю на доўгія гады абцяжарваў той факт, што мае цёткі лічылі вінаватым у расстрэле родных мена-віта бацьку, – падзяліўся цяжкай гісторыяй суразмоўца.
Пасля сканчэння базавай школы юны Анатолій вырашыў, што надышоў час атрымліваць прафесію і паступіў у Мінскае ПТВ № 32. Вучоба давалася лёгка і на другім годзе навучання Анатолій Лебусаў, разумеючы неабходнасць адукацыі, паралельна наведваў вячэрнюю школу. У авалоданні справай зваршчыка юнаку вельмі паспрыяла практыка – за два гады ён папрацаваў на 4-х аб’ектах. Дапамагалі кемлівыя куратары, з другога боку хапала работы ў святочныя дні на аварыйных выкліках. Магчыма, іншыя дзяліліся б такімі ўспамінамі з пачуццём пэўнага цяжару, але Анатолій Міхайлавіч рэзюмаваў, што справу сваю любіў і атрымаў выдатны вопыт для далейшага працоўнага шляху.
Далей было працаўладкаванне ў філіяле трэста Хіммантажа ў Оршы, дзе таксама хапала работы. Потым – служба ў арміі з афіцэрскімі курсамі. Пасля дэмабілі-зацыі Анатолій Лебусаў працаваў бліжэй да малой радзімы, на заводзе жалезабетонных канструкцый у Магілёве. Але жаданне далейшага навучання не знікла. Бацькі цалкам падтрымалі сына і праз пару гадоў падрыхтоўкі малады чалавек паступіў на дзённае аддзяленне Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, дзе і пазнаёміўся з будучай жонкай Валянцінай Мікалаеўнай.
Скончыўшы ВНУ, зладзілі вяселле. Валянціна па накіраванні была размеркавана на родную Петрыкаўшчыну – у мышанскі саўгас. Анатолій – у вядомую па першым месцы працы Оршу. А праз год сям’я накіравалася ў горад Северадзвінск – кадравых афіцэраў тады не хапала і лейтэнанта Лебусава прызвалі ў вайсковы атрад будаўнікоў на пасаду намесніка камандзіра па палітычнай і асветніцкай рабоце.
Праз два гады вызначанага тэрміну службы вырашылі перабрацца ў Петрыкаўскі раён. “Тут родныя жонкі, а да таго – шыкоўная прырода, можна і паляваць, і рыбачыць”, – патлумачыў выбар мужчына. Працаўладкаваўся майстрам у ПМК-110, неўзабаве атрымаў прапанову заняць пасаду намес-ніка старшыні райвыканкама па будаўніцтве – начальніка Упраўлення капітальнага будаўніцтва.
У 1987-м на Петрыкаўшыне з’явіліся планы ўзвядзення завода па вытворчасці дробных сценавых блокаў з ячэістага сіліката-бетону. Анатолій Міхайлавіч прапанаваў сваю кандыдатуру ў якасці кіраўніка аб’екта. Але да запуску вытворчасці было яшчэ багата работы: перш за ўсё трэба было сабраць каманду апантаных справай спецыялістаў, распрацаваць “з нуля” ўсю дакументацыю, падрыхтаваць будаўнічую пляцоўку.
“Скажу прама – людзі мне трапляліся шчырыя: калектыў падабраўся надзейны, ды і на вышэйшых узроўнях у Гомелі і Мінску я сустракаў паразуменне. Пэўна, і час наклаў свой адбітак: выконвалі мы агульную справу і наша прадукцыя была вельмі запартабаванай, калі распачалася буйная будоўля жылой плошчы для перасялення насельніцтва з тэрыторый, што пацярпелі ад радыяцыі пасля Чарнобыльскай трагедыі”.
Завод запрацаваў напачатку 1990-х гадоў. Трэба адзначыць, што сама ідэя апраўдала сябе: такія ж вытворчыя аб’екты, створаныя ў той час у Бабруйску, Бярозе і Любані, паспяхова вырабляюць сваю прадукцыю і па сённяшні дзень.
Час унёс свае карэктывы. Справа ў тым, што завод сілікатных блокаў сілкаваўся ад кацельні керамзітавага заводу. З развалам Савецкага Саюза керамзіт стаў незапатрабаваны, магутнасці прастойвалі, у той час як вытворцы сіліката-бетону атрымлівалі ўсё новыя і новыя заказы. Вось і атрымалася, як у тым мультыплікацыйным фільме – біты вёз нябітага: кацельня керамзітчыкаў прастойвала, бо не было працы, у той час як сілікатчыкі, застаўшыся без энергіі, не маглі задаволіць увесь попыт на свае вырабы. Урэшце, у 1998 годзе два вытворчыя аб’екты было вырашана аб’яднаць, але, знянацку, месца на аб’яднаным прадпрыемстве Анатолію Лебусаву не знайшлося.
Мужчына адправіўся на заробкі ў Расію, потым перабраўся ў Мінск і ўладкаваўся ў галіну ЖКГ. Праз пэўны час быў прызначаны начальнікам цеплавога ўчастка ў пасёлку Гатава. У падпарадкаванні было 6 чалавек, але часам зноў трэба было брацца за зварачны апарат.
У 2013-м годзе, адпрацаваўшы 6 гадоў на пенсіі, Анатолій Лебусаў вярнуўся на Петрыкаўшчыну.
“Кажуць што вы ніколі не павышалі голас на сваіх работнікаў?”, – запытаўся я. “Тут усё проста: у жыцці мне сустракаліся людзі, што ўважліва слухалі і разумелі мяне, а я заўсёды намагаўся пачуць іх. Вось і ўсё. Пэўна, гэта з дзяцінства – я вырас у самай звычайнай працоўнай сям’і, дзе было ўзаемаразуменне і падтрымка. Гэтую прастату мы з жонкай намагаліся несці праз усё жыццё і навучыць ёй дзяцей: ніколі не гналіся за пасадамі і статусам, насупраць, шчыра сябравалі з надзейнымі, а не з “карыснымі” людзьмі. Мелі намер працаваць так, каб потым не сорамна было глядзець людзям у вочы. Дарэчы, мы і зараз падтрымліваем адносіны з многімі калегамі-працаўнікамі, гутарым пры сустрэчы, цікавімся жыццём. Бывалі, канешне, розныя моманты, але з вышыні сваіх гадоў скажу – спрэчкі ды расчараванні трэба адпускаць і пакідаць не ў душы, а ў мінулым. Без крыўды і злосці нашмат лягчэй ісці па жыцці.
Што да працы, то яе трэба наўпрост палюбіць. Як? Быць дасведчаным у сваёй спецыяльнасці. Калі цікавіцца, развівацца ў прафесійным напрамку, то і справа палюбіцца”, – падзяліўся Анатолій Лебусаў.
Нам застаецца павіншаваць юбіляра з 75-годдзем і сказаць дзякуй за шчырую размову. Здароўя вам і вашым родным, Анатолій Міхайлавіч.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о