Сёння выратавальнікі-пажарныя адзначаюць сваё прафесійнае свята. Пра тое, чым жывуць людзі, што нясуць варту нашай бяспекі 24/7 мы пагутарылі з начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалаем Карабцом.

Калектыў – другая сям’я выратавальніка– Я мясцовы, нарадзіўся ў Петрыкаве. Мая маці, Наталля Мікалаеўна – медык, працуе ў педыятрычным аддзяленні ЦРБ, бацька, Юрый Феліксавіч – дарожны працаўнік ДРБУ-112. Базавую адукацыяю атрымаў у другой гарадской школе. Як раз у гэты час адкрылася тагачасная трэцяя школа, сучасная гімназія, дзе набіралі клас па профілі МНС. Гэта мяне зацікавіла, – паведаміў у час гутаркі Мікалай Юр’евіч.

Калектыў – другая сям’я выратавальніка Калектыў – другая сям’я выратавальнікаАдзін дзень вучэбнага тыдня прыпадаў на заняткі выключна па профілі. Ніякіх ільгот пры паступленні ў Гомельскі інжынерны інстытут МНС гэта не давала, таму юны Мікалай, як і ўсе абітурыенты, падцягваў фізіку, матэматыку, мову і, канешне, фізічную падрыхтоўку. Але два гады заняткаў нельга назваць дарэмнымі: веданне пажарнай справы дапамагло ў ВНУ. На профільных занятках хлопец ужо ведаў, пра што распавядае выкладчык.

– Я навучаўся на завочным аддзяленні і паралельна ўладкаваўся на службу выратавальнікам-пажарным. Веды і навыкі, што засталіся яшчэ са школы, значна дапамаглі мне ў першыя гады працы. Увесь набыты вопыт садзейнічаў паспяховаму навучанню ў ВНУ: 60-70% матэрыялу быў для мяне ўжо не новым. Часам здавалася, што да семінараў ці залікаў можна нават не рыхтавацца. Мае таварышы спас-цігалі тэорыю, у той час як я вывучыў яе ўжо ў школе, а служба дапамагла замацаваць неабходныя навыкі на практыцы. Таму я з цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадваю гады навучання ў школе і лічу, што класы, накшталт нашага, і зараз бы далі неблагі плён у прафарыентацыі ды і ў развіцці школьніка, як асобы, – падзяліўся выратавальнік.

У той час старэйшы брат Мікалая Вячаслаў якраз адслужыў у войску. За братэрскай размовай Мікалай прапанаваў Вячаславу паспрабаваць сябе ў якасці выратавальніка. І вось ужо браты поруч стаялі на варце бяспекі петрыкаўчан. Дарэчы, Вячаслаў таксам паспяхова скончыў Гомельскі інжынерны інстытут МНС.

Мікалай стаў старшым пажарным, потым – камандзірам ад-дзялення, а з заканчэннем ВНУ і атрыманнем звання лейтэнанта ўзначаліў пажарную варту. Праз пэўны час выратавальнік быў прызначаны начальнікам пажарнай часці, а затым – старшым інжынерам дзяржсістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.
Мікалаю Юр’евічу прапанавалі пасаду намесніка начальніка аддзела па аператыўна-тактычнай рабоце на Брагіншчыне, праз год ён заняў такую ж пасаду ўжо ў Петрыкаве, але не на доўгі тэрмін. Літаральна праз чатыры месяца выратавальнік быў прызначаны начальнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Дарэчы, перавод у Брагін вызначыў і асабісты лёс мужчыны. Дзякуючы камандзіроўкам у Гомель, падчас якіх трэба было здаваць справаздачы, Мікалай і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, якая працавала эканамістам у абласным упраўленні МНС.

– Вось так мы і пазнаёміліся, а потым я забраў яе з сабой у Петрыкаў! – з цёплай усмешкай гаворыць Мікалай Карабец.

Пытанняў у дзяўчыны на конт пераезду ў правінцыю не ўзнікла. Кацярына адзначыла: “Дзе муж, там і я”. А год і чатыры месяцы таму ў сям’і нарадзілася дачушка Валерыя.
Зразумела, што сямейнае шчасце і дабрабыт дабаўляюць кожнаму з нас упэўненасці ў жыцці. Ведаць, што цябе чакаюць дома, вельмі важна, асабліва для тых, чый прафесійны лёс не проста работа, а служба, на якой трэба ратаваць людзей і, часам, рызыкаваць сваім жыццём.

Але складанасці пажарнай справы крыюцца не толькі ў момантах рызыкі… Па вялікім рахунку напружанасць існуе заўсёды:

– Мы выязджаем на пажары і іншыя месцы здарэнняў. Бачым гора людзей. На мой погляд, самае складае ў нашай справе, асабліва па першасці – пераадолець уласны страх. Так, выратавальнікі таксама баяцца, мы – людзі і нам уласцівыя натуральныя чалавечыя пачуцці. Памятаю свае першыя выязды на пажары, калі не знаходзіў сабе месца ў машыне, пакуль ехалі на здарэнне. Прыехалі, пачынаем разгортвацца, а вакол мітусня, людзі панікуюць, нехта галосіць. Усё гэта, канешне, аказвае ціск на псіхіку. Таму галоўнае – сабрацца і якасна, адказна зрабіць сваю справу, выратаваць людзей, патушыць узгаранне і максімальна захаваць не кранутай агнём маёмасць пацярпелых. Усё гэта трэба рабіць пры поўным выкананні патрабаванняў тэхнікі бяспекі, бо яшчэ адна задача, якая стаіць перад намі – жывымі і здаровымі вярнуцца дадому, – падкрэсліў Мікалай Карабец.

Псіхалагічны ціск дапамагае пераадолець сям’я і калектыў. Гэтыя паняцці, па меркаванні Мікалая Юр’евіча, у выратавальніка маюць шмат падобнага:
– Лічыце самі, мы працуем суткі праз двое. Атрымліваецца, што траціну працоўнага жыцця мы праводзім на службе. Зразумела, гэта пастаянныя стасункі з калегамі і калектыў становіцца, па вялікім рахунку, другой сям’ёй. Мы падтрымліваем адзін аднаго, калі ў гэтым ёсць патрэба. Таму не дзіўна, што нават у вольны час калегі са сваімі сем’ямі адпачываюць разам, ходзяць адзін да аднаго ў госці ці выбіраюцца на прыроду. Можна, канешне, звярнуцца за псіхалагічнай дапамогай да замацаванага за аддзелам псіхолага ці наведаць пакой псіхалагічнай разгрузкі ў абласным упраўленні, але на маёй памяці такія меры не былі запатрабаваныя сярод нашых супрацоўнікаў, што ўскосна гаворыць пра добразычлівую атмасферу ў калектыве, – дадаў Мікалай Юр’евіч.

Напрыканцы размовы начальнік РАНС павіншаваў калег з прафесійным святам і пажадаў моцнага здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту. “Няхай лёс багата адорвае вас прыемнымі момантамі, што дапамагаюць упэўнена крочыць па жыцці наперад!” – прамовіў Мікалай Карабец.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о