Мы часта на старонках газеты расказваем пра работу аграномаў, механізатараў, аператараў зернесушыльных комплексаў, вадзіцеляў, але ёсць спецыялісты, работа якіх на першы погляд незаўважная, але яна адыгрывае немалаважную ролю ва ўборачнай кампаніі. Варта толькі маленькай шрубцы выйсці з сістэмы, як парушаецца праца розных людзей.

Клопатаў у інжынернай службы заўсёды шмат

Разам са старшынёй райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Аленай Галеня да інжэнера ААТ “Пціч-Агра” Руслана Акуленка завітала і наш карэспандэнт. Алена абследавала ўмовы пражывання маладога спецыяліста, а мы скарысталіся момантам і пагутарылі са спецыялістам.
Руслан родам з Добруша, прыехаў у Петрыкаўскі раён па размеркаванні.
– Мне вельмі важна было атрымаць вышэйшую адукацыю, менавіта таму я пасля заканчэння Добрушскага дзяржаўнага прафесійнага палітэхнічнага ліцэя паступіў у Мінскі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, – падзяліўся з намі Руслан. – Спецыяльнасць зваршчыка-вадзіцеля лічу адной з патрэбных у нашай краіне. Без працы не застанешся.
На пытанне, хто ж галоўная фігура ва ўборачнай кампаніі, малады чалавек адказвае, што кожны спецыяліст звяна можа прэтэндаваць на лідарства.
– Вядома, я працую толькі 5 месяцаў, але ўжо дакладна разумею, што ад кожнага з нас залежыць агульны вынік. Многае залежыць і ад інжынера. Мне важна, каб своечасова выйшаў камбайн на поле, каб быў парадак на мехдвары, спраўная тэхніка для перавозкі збожжа. Цяпер вось дэталі для карбюратара прыйдуць – будзем правіць некаторую тэхніку.
Ёсць меркаванне, што гарачая пара ў інжынераў пачынаецца з пасяўной, але гэта не так. Усю зіму мы склаўшы рукі не сядзім, у нас шмат работы з тэхнікай: клопат пра тэхнічны стан машын, забяспечанасць запчасткамі. Наступіла восень, працаваць стала складаней з-за таго, што надвор’е мяняецца, ды і светлавы дзень памяншаецца.
На пытанне, як прынялі маладога спецыяліста калегі, Руслан з усмешкай зазначыў, што добра.
– Мне прыемна, што мяне падтрымліваюць, штосьці падказваюць. Вядома, бывае, на першую пару я яшчэ не знаёмы з усімі нюансамі працы, але гэта выпраўляецца своечасова. З жыллём тут таксама дапамаглі, умовы годныя.
Для Руслана зараз гарачая пара не толькі ў працы, а і ў асабістым жыцці. Малады чалавек днямі ажаніўся. Мы віншуем маладых з вяселлем, пажадаем з поспехам заканчваць любыя справы, здзяйсняць задуманае, быць у згодзе са сваімі думкамі і марамі!

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о