Слухаючы “Луную санату” Бетховена ў выкананні Ганны Мішчук, настаўніка музыкі першай гарадской школы, я аналізавала нашу нядаўнюю размову. Прыйшла думка, што ў жыцці, як і ў музыцы: тэмп можа быць павольным, лагодным, а пасля раптам урываюцца трывожныя акорды, раздзіраючыя душу, і здаецца, што эмацыянальны напал ніколі не знікне, але на змену прыходзіць мелодыя мерная і суцяшальная. Так і ў лёсе маёй гераіні: са светлых і шчаслівых дзён ёй давялося апынуцца ў буднях поўных страху і разгубленасці. Родная зямля і людзі, што жылі на ёй, працягнулі руку дапамогі, каб вярнуць былы спакой і ўпэўненасць у будучыні. Пры сустрэчы першае, што сказала мая гераіня: “Я ведаю кошт шчаслівага жыцця ў Беларусі”.

Мы – сям’я беларусаў

Жыццёвы шлях нашай зямлячкі пасля заканчэння дзевяці класаў сярэдняй школы № 1 ішоў па запланавыным накірунку. Дзяўчына захаплялася музыкай, наведвала музычную школу і яе рашэнне працягваць навучанне ў Мазырскім музычным вучылішчы нікога не здзівіла. Ведаючы цвёрды характар і сілу волі да ажыццяўлення намечанага – падтрымалі яе выбар і родныя. Горад над Прыпяццю прынёс студэнтцы не толькі асалоду авалодання светам нот, але і сапраўднае каханне, дзеля якога яна не пабаялася на кардынальныя змены ў жыцці.
– Будучы муж быў грамадзянінам Украіны, прыязджаў на Палессе да бабулі. Пачуцці, якія паміж намі ўспыхнулі, не знікалі з гадамі, – успамінае настаўніца. – Пасля трэцяга курса майго навучання мы зладзілі вяселле. Што за сям’я, калі я ў Беларусі, а ён на Украіне? Я прыняла рашэнне і пераехала ў далёкі і невядомы мне горад Першотравенск Днепрапетроўскай вобласці, дзе і атрымала музычную адукацыю.
Украіна па-брацку сустрэла беларуску. Ганна Аляксандраўна не хавае, гэта былі шчаслівыя гады для сям’і: муж працаваў шахцёрам, яна – музычным кіраўніком у дзіцячым садку. На ўкраінскай зямлі яна пазнала шчасце мацярынства. Маладыя абжываліся, працы не баяліся, выкарыстоўвалі любую магчымасць, каб уладкаваць годна і камфортна свой дом, у якім збіраліся пражыць жыццё, выгадаваць дзяцей і сустрэць унукаў.
– Усё памянялася ў 2014 годзе. Калі слухаю па тэлебачанню пра зверствы бандытаў на Украіне – робіцца страшна, бо я бачыла, як усё зараджалася. У адзін з дзён у горад прыехалі дзесяць машын з узброенымі людзьмі. Тады мы пачулі слова “неанацысты”. Захапілі мясцовыя органы ўлады: міліцыю, райвыканкам, у бліжэйшых населеных пуктах – сельвыканкамы. З насельніцтвам вялі сябе пахабна, мы баяліся выходзіць лішні раз на вуліцу, – расказвае гераіня. – Вы ўяўляеце, я з працы дадому бегла, трымаючы за руку дачушку, баялася, каб не спынілі. Прычынай іх незадаволенасці магла стаць любая падстава: не на той мове гаворыш, не падтрымліваеш іх законы. Я бачыла шмат страшных рэчаў на свае вочы. Памятаю, на пешаходным пераходзе “новыя гаспадары” збілі маці з дзіцям і ніхто не разбіраўся – яны ж улада. У горадзе пачаліся разбоі, беззаконне чынілі ў дачыненні да шахцёраў, рускамоўных. У душы пасяліўся страх. Думкі ўжо былі не пра тое, колькі сіл і сродкаў пакладзена на будаўніцтва сямейнага гнязда, а як вярнуцца да спакойнага і ціхага жыцця. І як нам цяжка не было – мы прынялі рашэнне з мужам пераехаць на маю малую радзіму.
У той час проста так з’ехаць з Украіны практычна было немагчыма – не давалі дазволу на выезд. Маёй гераіні дапамог той факт, што ў свой час яна не адмовілася ад беларускага грамадзянства. Як грамадзянка сваёй краіны, яна магла ехаць да сябе на радзіму, а сям’я разам з ёю. Іначай ім давялося б з’язджаць нелегальна і быць у вышуку.
На Петрыкаўшчыне сям’я пачала жыццё нанова. За сем гадоў пабудавалі дом, нарадзілі яшчэ адну дачушку. Гаспадар працуе на горнаабагачальным камбінаце, яна – настаўніцай музыкі і з гэтага году стала студэнткай завочнай формы навучання адной са сталічных ВНУ. Два гады таму муж атрымаў беларускае грамадзянства, а летась свякруха, якую яны забралі з сабою пры пераездзе.
– Ведаеце, мы дома абмяркоўваем, чаму такі лёс нашай краіны-суседкі. Не было ў іх лідара, якому б верылі, якога б слухалі і паважалі. Такога, як наш Прэзідэнт: каб не ўцякаць з краіны пры першай небяспецы, а са зброяй выйсці і стаць побач да тых, хто стаў на абарону нацыі.
Што для яе сям’і Беларусь, зямлячка можа расказваць доўга. Гэта і дапамога пры працаўладкаванні, магчымасць бясплатна атрымліваць адукацыю і медыцынскую дапамогу. Гэта, калі з любым здарылася бяда і стала пытанне жыцця або смерці, арганізацыя, дзе ён працуе, сумесна з прафсаюзам і проста неабыякавымі людзьмі, былі побач і зрабілі ўсё магчымае. І Дзень народнага адзінства для Ганны Аляксандраўны – адметны. Гэта доказ таго, што беларускі народ не захацеў згінаць калені перад нелюдзямі, якія аб’язджаюць збітых імі маці з дзіцям на дарозе, не забіраюць у старых кавалак хлеба. Гэтае свята – упэўненасць, што краіна не кіне ў цяжкую хвіліну не толькі сваіх сыноў і дачок, але і тых, каму патрэбна дапамога.
З-пад прыгожых рук Ганны Аляксандраўны льецца лёгкая і ціхая мелодыя. Клавішы музычнага інструмента віртуозна паддаюцца выканаўцы, пераносячы кожную з нас у свет асабістых думак, планаў на будучыню і светлых мрой.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота з архіва сям’і Мішчук.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о