Незаўважна пралятаюць не тое што дні і тыдні, а нават гады. Пэўна, кожны працуючы чалавек прыгадае, як нібы ўчора ён уладкоўваючыся на работу, знаёміўся з калектывам, унікаў у нюансы працы, рыхтаваў першую справаздачу, а сёлета да працоўнага стажу з адной ці дзвюма лічбамі варта дадаваць яшчэ адзін год. Колькі зроблена было за гэты час, які вопыт назапашаны? – асабліва цяжка падлічыць тым спецыялістам, што дасягнулі ўзросту выхаду на заслужаны адпачынак.

Пра выбар ніколі не шкадавалі

На мінулым тыдні супрацоўнікі міліцыі праводзілі на пенсію намесніка начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні, падпалкоўніка Аляксандра Блінца. У сваёй прамове першы намеснік начальніка РАУС Аляксей Забела адзначыў: “Кожная работа, тым больш служба, патрабуе пэўных якасцей: цярплівасці, адданасці, адказнасці. Сцяжына лёсу міліцыянера не самая гладкая, таму, не ўсе вытрымліваюць нагрузку, нехта шукае сабе больш павольную, магчыма, прыбытковую работу. Таму асабліва прыемна выпраўляць на заслужаны адпачынак людзей, што прысвяцілі лепшыя гады свайго жыцця праваахоўным органам роўна да дасягнення гранічнага ўзросту”, – адзначыў Аляксей Аляксеевіч.
Аляксандр Блінец – ураджэнец вёскі Грабаў. Пасля заканчэння каледжа і службы ва Узброеных Сілах Беларусі пачаў працоўную дзейнасць у 1996 годзе на паса-дзе вадзіцеля асобнага паста ваенізаванай пажарнай службы ў Бабунічах, а потым быў пераве-дзены ў аддзяленне ДАІ Петрыкаўскага РАУС. З гэтага часу Аляксандр Мікалаевіч прайшоў шлях ад інспектара да начальніка аддзела Дзяржаўтаінспекцыі, а потым, больш за 11 гадоў, служыў на пасадзе намесніка начальніка ад-дзела ўнутраных спраў Петрыкаўскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні з агульным стажам службы больш за 26 гадоў і выслугай звыш 30 гадоў. Мае ўзнагароды і падзякі, больш за 80 заахвочванняў.
Пасля віншаванняў і ўручэння падарункаў і прывітальнага адрасу Аляксандр Блінец звярнуўся да калег: “Хачу падзякаваць асабістаму саставу нашага аддзялення – з кожным з вас можна выканаць любую пастаўленую задачу. Маладым супрацоўнікам жадаю захаваць і памножыць тыя добрыя традыцыі, што склаліся ў Петрыкаўскім РАУС, і з поўнай адданасцю несці сваю службу, каб яна прыносіла грамадству поўны спакой, а вам – падзяку людзей”, – адзначыў Аляксандр Мікалаевіч.

Пазаўчора, зала аддзялення міліцыі поўнілася супрацоўнікамі з падобнай нагоды: з выхадам на заслужаны адпачынак калегі віншавалі начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, маёра Уладзіміра Аскерку.
Уладзімір Канстанцінавіч родам з вёскі Конкавічы. Пасля тэрміновай службы ва ўзброеных сілах, у 1994 годзе, распачаў працоўную дзейнасць у мясцовай гаспадарцы, а з жніўня 1995 года праходзіў службу на пасадзе камандзіра асобнага паста ваенізаванай пажарнай службы ў родных Конкавічах. Пазней быў пераведзены у патрульна-паставую службу па ахове ваеннага гарадка Мышанка, а затым больш за 6 гадоў працаваў міліцыянерам-дзяжурным ізалятара часовага ўтрымання. Напачатку 2007 года праваахоўнік быў назначаны на пасаду інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі, а з 2011 года і да нядаўняга часу з’яўляўся начальнікам гэтай інспекцыі.

Пра выбар ніколі не шкадавалі
“Гэта адзін з тых супрацоўнікаў РАУС, які не толькі ў сілу свайго ўзросту, а і з прынцыповасці свайго характару заўсёды казаў праўду і дзяліўся сваім кемлівым меркаваннем. Дзякуй вам, Уладзімір Канстанцінавіч, за службу, 26 гадоў – доўгі шлях. Дзякуй яшчэ і за тое, што многіх супрацоўнікаў вы навучылі добраму, правільнаму, шчыраму”, – адзначыў Аляксей Забела.
Уладзімір Аскерка звярнуўся да прысутных з адказным словам: “Працаваць мне падабалася. У якасці доказу, магу падзяліцца з вамі сціплым жыццёвым фактам: ніколі за тэрмін работы ў міліцыі, што большы за чвэрць стагоддзя, у мяне не было нават думкі, каб змяніць службу на іншае месца працы. Жадаю ўсім не толькі даслужыць да гэтага запаветнага часу, але і ўсвядоміць перад заслужаным адпачынкам, што нашая праца, кожнае наша памкненне было не дарма”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о