Тыдзень азнаменаваўся мерапрыемствамі, прымеркаванымі да 20-годдзя ўтварэння Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Пятая частка веку для грамадскай арганізацыі – пачатак  шляху, але мы ведаем, што карані арганізацыі прарастаюць з камсамола – цэлай эпохі савецкай моладзі. І хоць УЛКСМ – далёкая гісторыя, усё ж хочацца правесці нейкія паралелі, убачыць агульнае і знайсці адметнае ў дзейнасці арганізацый.
Быць членам самай моцнай арганізацыі СССР было жаданым і прэстыжным. Лічылася, што чалавеку з камсамольскім білетам можна давяраць адказную справу. Рукамі камсамольцаў будаваліся гарады, узводзіліся ГЭС, пракладваліся тысячы кіламетраў чыгункі. Ні адна ўдарная будоўля не абыходзілася без маладых людзей: узнімалася цаліна, будаваўся БАМ, праводзілася меліярацыя зямель беларускага Палесся. Сёння моладзь працягвае пачатыя іх бацькамі і дзядамі традыцыі: распачалася маладзёжная будоўля па рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, Саюз моладзі ўдзельнічае ў сумесным расійска-беларускім праекце па будаўніцтве касмадрома “Усходні”.
Не будзем хітрыць – час унёс свае карэктывы ў светапогляды сучаснай моладзі: камсамол вучыў нас ставіць грамадскія справы вышэй за асабістыя, сучасная моладзь, і гэта правільна, знайшла той баланс, каб жыць на карысць грамадству і з творчасцю для сябе. Прымаючы ўдзел у розных праектах, акцыях, маладыя людзі ўпэўнена дэманструюць сваю пазіцыю, прапануюць прадуманыя і актуальныя  варыянты. Так смела, адкрыта нараджаюцца лідары, якія вядуць за сабою ў водаварот цікавых спраў. Праекты “Уладар вёскі”, “Кветкі Вялікай Перамогі”, “ЛІДАРONLINE”, ініцыіраваныя Саюзам, паказваюць крэатыўнасць, разнастайнасць і важнасць маладзёжных задум. Зга-дзіцеся, мы ў свой час не выкарыстоўвалі магчымасць так гучна заяўляць пра сябе. Затое, высокія ідэалы былі часткаю нашага жыцця – чаго на маю думку  не хапае нашым дзецям. Былі імёны, на якія мы раўняліся. Паўка Карчагін, Зоя Касмадзям’янская, Алег Кашавы – нам шмат пра што гаварылі гэтыя імёны. На прыкладзе іх спраў у нас праходзіла станаўленне асобы, мы раслі патрыётамі,  вучыліся адказнасці за сябе і за людзей, якія жывуць побач.
Ці ёсць такія героі ў сучаснай моладзі? Наўрад ці. Напэўна, недзе ўпусцілі. Але, назіраючы, наколькі ў апошні час надаецца ўвага патрыятычнаму выхаванню, я ўпэўнена, што ў хуткім часе пераважная большасць юнакоў і дзяўчат выберуць накірунак на агульныя нацыянальныя  каштоўнасці.
Сёння відавочна адно: ва ўсе часы маладзёжная арганізацыя вучыць быць адказнымі за даручаную справу, працаваць  у камандзе, выхоўвае лепшыя чалавечыя якасці. Пражытыя ў ёй гады суправаджаюцца радасцю, задорам і сапраўдным сяброўствам. І сёння, згадваючы камсамольскае юнацтва, я адчуваю сваю прыналежнасць да чагосьці значнага і светлага.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о