Ехаць на такія сустрэчы заўсёды хвалююча. Калі тэлефануюць жыхары населенага пункта і расказваюць пра сваіх землякоў, то разумееш – героі будучых артыкулаў нечым адметныя, бо заслужыць павагу сярод людзей зможа не кожны. Тэлефонны званок ад жыхароў вёскі Конкавічы неадкладна сабраў нас у дарогу. Нагода шыкоўная: муж і жонка, Аляксей Іванавіч і Валянціна Аляксееўна Міцуры, у студзені адзначаюць сваё 90-годдзе. “Абодва ветэраны педагагічнай працы: ен былы настаўнік рускай мовы і літаратуры, яна – беларускай. Усё жыццё маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю і сёння служаць прыкладам для землякоў. А якія цікавыя пюдзі! Прыязджайце, упэўніцеся самі!” – сказалі на тым канцы провада.

Сустракаюць 90-ю зімуСкажу наперад: упэўнілася ва ўнікальнасці сваіх герояў я спаўна. Для мяне 90-гадовыя юбіляры сталі сапраўдным адкрыццём. Нягледзячы на сталы ўзрост, кожны з іх, як бы гэта высокамоўна не гучала, захаваў маладосць душы. Прытым, новыя знаёмыя аказаліся гасціннымі гаспадарамі і цікавымі суразмоўцамі. Пражыць 63 гады разам – факт, які сам па сабе ўражвае. Гэтая сталая пара – прамы доказ, што каханне ўсё ж існуе.

Пачыналіся іх лёсы ў далёкім 1932 годзе. Аляксей Іванавіч родам з вёскі Міцуры, што на Петрыкаўшчыне. Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка і саўгасніцы, дзе выхоўвалася трое сыноў. Складанае дзяцінства і юнацтва дасталася юнаку. Цяжка было людзям у ваенны час, кругом нястача, а дапамогі і падтрымкі чакаць не даводзілася.

У суседніх Конкавічах скончыў сямігодку і паступіў у Шчучынскі заатэхнічны тэхнікум. Правучыўшыся пэўны час, юнак захацеў быць бліжэй да роднага дома і перавёўся ў Калінкавіцкі тэхнікум. Пасля заканчэння ўстановы маладога спецыяліста нактравалі на працу ў Лоеўскі раён, вёску Уборкі, дзе ён і сустрэў сваю другую палову і каханне на ўсё жыццё.

– У клубе ладзіліся танцы. Мне спадабалася дзяўчына, я запрасіў яе на вальс і сказаў па-літаратурнаму: “Я прапаную вам сяброўства на доўгія гады”. А яна мне ў адказ песняй: “Ничего мне на свете не надо, только видеть тебя, милый мой…”, – пачаў свой аповед гаспадар дома, прытым песню выканаў да канца і вельмі прыгожа. – Другі раз яе сустрэў на партыйным сходзе. Яна сядзела перада мною. Я напісаў ёй запіску. Яна адказала. Так і пачаліся сустрэчы.

Валянціна Аляксееўна была маладой настаўніцай. Яе маці выхоўвала адна траіх дачок. Бацька яшчэ ў трыццатыя гады быў рэпрэсаваны. Гэта цёмная старонка ў яе жыцці. Па словах маці, бацька працаваў у калгасе, быў пры пасадзе. Яму загадалі ўвесь ураджай з гаспадаркі аддаць на выкананне дзяржпастаўкі. Той адмовіўся – не мог пакінуць калгаснікаў без хлеба. Ноччу прыехала машына і бацьку забралі. Праз нейкі час прыйшоў ад яго ліст з Чыты, пасля з Камсамольска-на-Амуры. А з цягам часу навіны ўвогуле перасталі прыходзіць. У 1987 годзе Савецкая ўлада рэабілітавала яго. Пасмяротна.

З дзяцінства дзяўчына шмат працавала, затым імкнулася атрымаць годную адукацыю. Пасля заканчэння сямігодкі паступіла ў Рэчыцкае педагагічнае вучылішча. Праз пэўны час набыла завочна вышэйшую адукацыю ў Гомельскім дзяржаўным інстытуце.
Сустрэча з маладым заатэхнікам змяніла яе жыццё.

– Год сустракаліся, Аляксей прыходзіў да мяне дадому, пісаў лісты. Адносіны былі трапяткія, шчырыя, ніякіх вольнасцей сабе не дазвалялі, – успамінае суразмоўца.
Праз год знаёмства маладыя людзі вырашылі ўзаконіць адносіны і паехалі на радзіму мужа ў Петрыкаўскі раён. Гаспадар працаўладкаваўся ў Капаткевіцкае сельгаспрадпрыемства, а ў 1964 годзе прыняў для сябе лёсавызначальнае рашэнне: паступіў у Мазырскі педагагічны інстытут, каб атрымаць педагагічную адукацыю, як жонка. У той час гэтая вышэйшая ўстанова не прапанавала завочнай формы навучання, а на Петрыкаўшчыне была ўжо сям’я – патрэбна было быць разам з жонкай. Аляксей Іванавіч перавёуся на завочную форму навучання Гомельскаі дзяржаўны інстытут і пачаў сваю педагагічную дзейнасць.

– Да працы ў Конкавіцкай школе мы працавалі ў вёсцы Церабаў, Замосце Калінка-віцкага раёна, – успамінае Валянціна Аляксееўна. – А ў 1967 годзе даведаліся, што на радзіме мужа ёсць вакантныя месцы настаўнікаў, купілі дом і прыехалі ўжо з трыма дочкамі сюды. Пачалі ўладкоўваць сямейнае гняздо.
Муж з жонкай разглядаюць фотаздымкі. Тут жа ляжаць ганаровыя граматы за іх нялёгкую і плённую працу. Чытаю ўдзячнасці, адрасаваныя Аляксею Іванавічу: “за стварэнне музея гісторыі…”, “Председателю общества “Знание”, “за поспехі ў камуністычным выхаванні падрастаючага пакалення”, “старшыні прафсаюзнай арганізацыі”, “пазаштатнаму карэспандэнту раённай газеты”. Па ўсім відаць: жыццё пражылі поўнае і насычанае. За 63 гады іх шлюб вытрымаў выпрабаванні на трываласць, прайшоў сапраўдную жыццёвую загартоўку, умацаваўся трыма дочкамі, чатырма ўнукамі, васьмю праўнукамі. Дочкі Тамара, Вольга і Таццяна жывуць у далечыні ад іх, але пры любой магчымасці наведваюць бацькоўскую хату. Не забываюць пра маіх суразмоўцаў і былыя вучні, калегі.

У канцы размовы гаспадыня нечакана дадала:
– Каб не муж, цяжка было б мне. Гаспадар ён добры і чалавек надзейны.
– Дык і жонка пра мяне ўсё жыццё клапоціцца, добрая яна гаспадыня, працавітая, адказная, – не застаўся ў баку Аляксей Іванавіч.

На пытанне, у чым жа сакрэт сямейнага шчасця, Валянціна Аляксееўна сціпла ўсміхнулася і прызналася:
– У сямейным жыцці нават не каханне на першым месцы павінна быць, а цярпенне і ўзаемадапамога. А яшчэ трэба ўмець саступаць адзін аднаму.
А Аляксей Іванавіч дадаў:
– Мы шчаслівыя, бо дагэтуль разам.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о