У нядзелю ў спартыўнай зале ДЮСШ Петрыкаўскага раёна прайшла шостая раённая спартакіяда сярод ветэранаў фізічнай культуры і спорту Петрыкаўшчыны, прымеркаваная да Году міра і стварэння і 500-годдзю першага ўзгадвання горада ў пісьмовых крыніцах.

З цёплымі словамі да ўдзельнікаў, якіх сабралася амаль тры дзясяткі чалавек, звярнуліся намеснік старшыні райсавета ветэранаў Мікалай Жукоўскі і старшыня “пярвічкі” “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна” Аляксей Каюкала. Мужчыны павіншавалі прысутных са святамі Благавешчання і каталіцкага Вялікадня Пажадалі захоўваць бадзёрасць духу і цела і надалей крочыць са спортам поруч. Далей Аляксей Міхайлавіч уручыў пасведчанні пярвічнай арганізацыі яе новым членам: Сяргею Каржу, Валерыю Такуну і Уладзіміру Вараб’ёву.

Далей распачалася спартыўная частка турніру. Так, у традыцыйных мужчынскіх відах спорту, більярдзе і шахматах, перамогу святкаваў Уладзімір Літош, што прадстаўляў пярвічку Ветэранаў ФКіС. Самымі трапнымі ў дартсе былі Галіна Веракса (Ветэраны ФКіС) і Уладзімір Вабішчэвіч (Капаткевіцкі сельсавет). Сярод майстроў малой ракеткі не было роўных Аксане Кавальчук (райсавет ветэранаў) і Васілію Пінчуку (Капаткевіцкі сельсавет). А ў спаборніцтвах па шашках першая прыступка п’едэстала скарылася Раісе Будзіловіч (райсавет ветэранаў) і Пятру Юніцкаму (Петрыкаўскі раён электрычных сетак).

Па выніках турніру ўжо фарміруецца раённая зборная, што будзе бараніць спартыўны гонар Петрыкаўшчыны на абласных спаборніцтвах 3-4 мая.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о