Раённы этап сямейнага фестывалю па масавым футболе “Тата, мама, я – футбольная сям’я”, які прайшоў у мінулую суботу на гарадскім стадыёне, стаў сапраўдным падарункам не толькі для сямейных пар, а і для ўсіх жыхароў Петрыкаўшчыны. З раніцы стадыён зайграў яркімі фарбамі. Гэта таты, мамы і дзеці апранулі рознакаляровыя камандныя майкі. Трыццаць тры сям’і ў поўным складзе!

На футбольным полі можна сказаць, яблыку не было дзе ўпасці. Абавязковая ўмова фестывалю – гуляць у футбол павінны дзеці, таты, маці. Адразу скажу, што на працягу мерапрыемства панаваў пазітыўна святочны настрой, удзельнікі каманд сур’ёзна падышлі да справы: дзеці перажывалі за бацькоў, бацькі ў сваю чаргу падтрымлівалі сваіх чад – сем’і дэманстравалі адзінства і клопат адзін за аднаго. Гульні праходзілі адначасова на некалькіх пляцоўках. У дзяцей было па тры каманды кожнай узроставай катэгорыі – хлопчыкі і дзяўчынкі гулялі разам, у дарослых – па тры каманды мыжчын і жанчын – таты і маці гулялі асобна.

На мой погляд, найбольш захапляльна выглядалі баталіі сярод самых юных футбалістаў і сярод матуль. Кожны ўдзельнік, у залежнасці ад занятага месца сваёй каманды, прыносіў ачкі ў агульную сямейную скарбонку. Па найбольшай іх колькасці і вызначыліся тры сям’і-пераможцы, якія гэтай восенню выступяць у рэспубліканскім фінале фестывалю. Трэцяе месца заняла сям’я Урбанчык, другое – сям’я Рыжыкаў, першае – сям’я Якубенка, у якой налічваецца адзінаццаць членаў сям’і. Пераможцы ўзнагароджаны кубкамі ад Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”.

Яны выбіраюць актыўнасць і рух

Арганізатары фестывалю адзначалі сертыфікатамі на наведванне трэніровачнай залы сем’і Шэлег і Шэлест, а самым юным удзельнікам Дзмітрыю Хамцу і Міраславе Урбанчык былі ўручаны заплечнікі. Кожная сям’я, удзельніца футбольнага фестывалю, атрымала ў якасці памятных сувеніраў футболкі і футбольны мяч. Прызёрам і пераможцам каманд сярод татаў, мамаў і дзяцей у розных узроставых групах  былі ўручаны памятныя медалі.

Радуе, што на Петрыкаўшчыне многа любячых, моцных сем’яў, для якіх здаровы лад жыцця, пастаяць камандай за агульную справу з’яўляецца нормай.
Ну а мы развітваемся з фестывалем роўна на год, каб зноў вярнуцца ў атмасферу радасці, пазітыву і запалу.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о