Вось і дачакаліся мясцовыя аматары самай папулярнай гульні ў свеце: пачатку сезона першай лігі Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе. Навін багата і знаёміць вас з імі варта ў храналагічнай паслядоўнасці.

Задума застаецца, састаў змяняецца
Адна з заяўленых функцый петрыкаўскага “Шахцёра” – быць камандай для “абкаткі” і чарговым клубам для футбалістаў салігорскага дублю – была поўнасцю рэалізавана ў гэтым сезоне. Рэалізавана нават неяк катэгарычна: састаў быў зменены поўнасцю і ўкамплектаваны маладымі футбалістамі. Зараз “Шахцёр” мае статус самай маладой каманды дывізіёна – сярэдні ўзрост калектыву складае 18 з невялікім гадоў.
У падрыхтоўчым этапе маладыя “калійшчыкі” згулялі сем матчаў, дзе прайгралі “Маладзечна”, “Іслачы”, салігорскаму “Шахцёру”, разышліся нічыёй з брэсцкім “Дынама” і адолелі “Мінск”, “Астравец”, “Баранавічы”. Але, уласна на мой густ, не варта надаваць гэтым матчам празмерна багата ўвагі, усё ж, галоўная задача ў гэтых сустрэчах не перамагчы, а атрымаць вопыт і паглядзець, якія задумы трэнераў спрацуюць, а ад якіх трэба адказацца.

Першы матч, ён цяжкі самы
Дэбютная сустрэча для петрыкаўскай дружыны абяцала быць складанай: стартаваць выпала ў гасцях у каманды, што паказала летась лепшыя вынікі. Зразумела, паказчык гэты адносны, але 14-е месца ў элітным дывізіёне падказвае, што дзяржынскі “Арсенал” няхай зорак з неба не хапае, але ўдар трымаць здатны. Ва ўсялякім разе трэба было зразумець, што каманда ўвесь мінулы год гуляла з куды мацнейшымі сапер-нікамі і мае багаты вопыт.
Доўга чакаць яскравых падзей не прыйшлося. Спачатку капітан “Шахцёра” Станіслаў Быліновіч сфаліў у абароне на нападаючым саперніку і атрымаў выдаленне ўжо на 8-й хвіліне. А потым, пасля некалькіх момантаў, мяч трапіў у руку “салевіка” ў штрафной пляцоўцы “Шахцёра” і арбітр паказаў на 11-мятровую кропку.
Гаспадары рэалізавалі пенальці, калі хранометр адлічыў 13 хвілін, потым вызначыліся з лініі штрафной пляцоўкі на 20-й хвіліне і замацавалі вынік праз 63 секунды лікам – 3:0.
“Шахцёр” здолеў адказаць на 34-й хвіліне праз высокі закід у час стандарта ад сярэдзіны поля, але на большае моладзі не хапіла.
У другой палове гульні “арсеналаўцы” павялічылі адрыў яшчэ на два мячы, адзін з якіх быў рэалізаваны ў дадатковы час – 5:1.
І тут можна было б падвесці рысу і падзяліцца ўражаннямі ад першай сустрэчы, але другі, ужо дамашні матч “салевікоў” быў вельмі падобны на першы, таму прапаную спачатку агляд спарынгу на стадыёне “Прыпяць”.

Бадзёры пачатак, нязграбны канец
Трэба разумець, што гомельскі “Лакаматыў” быў 8 красавіка далёка не такі моцны, як клуб з Дзяржынску тыдзень таму. Гэта дазволіла гаспадарам завалодаць, хоць і не яўнай, але ініцыятывай і забіць першымі ў імклівай атацы. Але потым штурмы літаральнай пасыпаліся на вароты прымаючага боку. У першым тайме кіпер “Шахцёра” Мікіта Доўнар паспяхова спраўляўся з вострымі момантамі і не раз выратаваў сваю каманду. Але ў другім тайме стандарт і дабіванне прынесла “чыгуначнікам” запаветнае параўнанне ў ліку – 1:1.
Да таго, напачатку другой паловы адбылося ўжо традыцыйнае выдаленне за небяспечную гульню. Петрыкаўская дружына аказалася ў меншасці.
Стрыманая гульня гаспадароў не давала аніякіх надзей на тое, што “калійны” калектыў здолее забіць і запісаць на свой рахунак пераможныя тры ачкі. Пытанне ставілася іншым чынам: ці здолее “Шахцёр” захаваць нічыйны лік? Усё паказвала, што ачкі будуць падзелены, але неабачлівая гульня ў час выканання вуглавога прывяла да расстрэлу варот “салевікаў” на апошняй, 93-й хвіліне матча. “Разысціся мірам” не атрымалася і ў літаральным сэнсе – паміж ігракамі каманд распачалася зварка з кулакамі, якія першым распусціў футбаліст “Шахцёра”.
У выніку варта канстатаваць з уласнага погляду наступнае: ці трэба было змяняць увесь састаў цалкам, не пакідаючы ніводнага старэйшага таварыша? Магчыма, дасведчаны і вопытны калега як раз бы і стрымліваў гарачыя характары моладзі на полі?..
“Шахцёр” славіўся сваёй абаронай. Так, не ўсё было ідэальна, але такіх дзіцячых памылак былыя футбалісты не рабілі. Ад слабой сыгранасці, мабыць, зараз можна бачыць, што ў штрафной у саперніка ёсць час і прастора не толькі каб прабіць, дык яшчэ і мяч апрацаваць для прыёму і ўдару магчымасцей хапае!
Што да нападзення: то за дзве гульні я яшчэ нейкіх зладжаных штурмаў не пабачыў. Адзін годна выкананы стандарт, адна імклівая атака – але на гэтым далёка не ўедзеш. Ну і, як вішанька на торце: слабое завяршэнне гульні, што каштавала гэтым разам “Шахцёру” свайго першага ачка. Спадзяюся, што акрэсленыя хібы клуб будзе выпраўляць ад гульні да гульні.
Наступная гасцявая сустрэча адбудзецца ў гэтую суботу ў Баранавічах, пасля чаго “Шахцёр” будзе прымаць на петрыкаўскім стадыёне “Слонім”.
Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о