Пасля няўдалай хатняй сустрэчы са “Слонімам-2017”, петрыкаўскую каманду чакала серыя гасцявых матчаў, якімі завяршыўся другі і распачаўся трэці круг першай лігі Нацыянальнага чэмпіянату па футболе. Сапернікі былі моцнымі, а магчымыя паражэнні – чаканымі. Але, пэўна, ніхто не чакаў, што адданыя ўрэшце ачкі забяруць з сабою столькі нерваў у заўзятараў жоўта-чорных. Менавіта пасля такіх гульняў з’явіўся дарэчы жарт, што глядзець трансляцыю я пачаў маладым і здаровым чалавекам, а скончыў – старым і сівым, з букетам праблем сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм. Аднак, як бы ні было крыўдна, прапануем агляд апошніх сустрэч “калійшчыкаў” на выездзе.

Гуляць з “Крумкачамі” першым нумарам можна. Але ці доўга?

Апошняя сустрэча другога круга адбылася 12 верасня на мінскім стадыёне “Алімпійскі”. І “Крумкачы”, і “Шахцёр” не замаруджвалі, распачаўшы гульню з пазіцыі сілы. Футбалісты чапляліся за мяч, намагаліся гуляць на абвастрэнне з першых хвілін. Відавочна, намаганні павінны былі даць свой плён, што і адбылося на 26-й хвіліне, калі Уладзімір Старасцін замкнуў перадачу з правага кута варатар-скай зоны трапным ударам у той жа вугал брамы – 0:1 і “Шахцёр” выходзіць наперад.

З чым “Шахцёр” вяртаецца на дамашнюю арэну?
Праз чатыры хвіліны ў падобнай сітуацыі свой шанец на далейшы адрыў выкарыстаў былы ігрок рэчыцкага “Спадарожніка” Аляксандр Халадзінскі. “Шахцёр” спраўляецца з амплуа дамінуючай каманды сустрэчы, пакідаючы сапернікаў у статусе даганяючых.
Але трыумф “калійшчыкаў” цягнуўся не доўга. Праз дзве хвіліны навес са стандарта знайшоў галаву футбаліста “Крумкачоў” і мяч маланкаю скочыў у дальні ад Аляксея Станкевіча вугал – 1:2.
Ход гульні прымушаў абодва клубы прыстасоўвацца. Абарона гаспадароў трымалася больш шчыльна, закрыўшы відавочныя дзіркі ў сваёй штрафной пляцоўцы. Гульня збавіла тэмп і каманды пайшлі на перапынак.
Здавалася, што ў наступным тайме “Шахцёр” згуляе ад абароны, тым больш, што манера гульні каманды з Петрыкава цалкам дазваляла трымаць у напружанні “Крумкачоў” сіламі некалькіх нападаючых, у той час як паўабарона апусцілася б бліжэй да сваіх варот. Але ўсё адбылося наадварот: у час атакі гаспадароў на 51-й хвіліне большасць ігракоў наўпрост не паспела сустрэць саперніка, пакінуўшы аголеным увесь левы фланг. Да таго, не спрацавала і апека цэнтральнага нападаючага, які галавой замкнуў навес з перагружанага правага фланга – 2:2.
Тактычная памылка стварыла маральны цяжар. “Шахцёр” поў-насцю аддаў ініцыятыву “Крумкачам”. Атакі градам пасыпаліся на вароты Станкевіча. Па першасці розыгрышы былі даволі простыя, а ўдары – слабыя. Але на 82-й хвіліне гаспадары ўрэшце здолелі забіць – 3:2 і жоўта-чорныя пакідаюць мінскі стадыён без ачкоў.

“Арсенал” сустрэў у поўным узбраенні

Вопыт супрацьстаяння з дзяржынскім “Арсеналам” падказваў, што чарговая сустрэча будзе ніяк не лягчэйшай за гульню з “Крумкачамі”. “Шахцёр” здолеў абыграць беларускіх “кананераў” толькі аднойчы ў рамках таварыскай сустрэчы. Што да матчаў першай лігі, то тут палеская дружына двойчы прайграла: спачатку ў гасцях з лікам 0:2, а потым і ў хатняй сустрэчы – 1:3.

З чым “Шахцёр” вяртаецца на дамашнюю арэну?“Шахцёр” кінуўся штурмаваць вароты адразу пасля свістка. Створаная напружанасць у штрафной гаспадароў дарыла надзею на будучы поспех, але тут пачала набіраць абароты “чырвоная машына”.
Дзяржынскай камандзе спатрэбілася толькі адна атака. На 14-й хвіліне, з лініі штрафной, нападаючы гаспадароў з лёгкасцю адарваўся ад двух абаронцаў “калійнай” дружыны (якія, шчыра кажучы, не надта і спяшаліся за сапернікам), выйшаў сам-насам з Аляксеям Станкевічам, але прабіваць з кута, што з кожным імгненнем станавіўся ўсё больш вострым, не стаў, аддаўшы тэрмі-новую і трапную перадачу таварышу па камандзе і адрэзаўшы тым самым, ад гульні варатара. Другі нападаючы “збройнікаў” апошнім скокам кінуўся да мяча, штурхнуўшы снарад у паветры ў супрацьлеглы вугал варот – 1:0.
Далей ціск толькі нарастаў. Ужо праз 4-ы хвіліны навес з цэнтра поля дакладна трапіў у ногі нападаючага гаспадароў, каля якога знаходзілася пяць (!) футбалістаў “Шахцёра”. Але гэта не перашкодзіла “кананіру” няспешна прыняць, апрацаваць мяч і зрабіць перадачу таварышу, які знаходзіўся метрах у 5-ці, але застаўся без апекі. Перавод паса адным крананнем у створ варот – 2:0.
Арсенал працягваў дамінаваць. І хоць лік пасля першай паловы гульні застаўся нязменным, але ігракі ў чырвонай форме паказалі прыгожую гульню, спрабуючы забіць то галавой, то пятою. Адказы “Шахцёра” выглядалі крыху нязграбнымі: калі мяч пасля ўдара не трапляў у абаронцаў “Дзяржынска”, то ляцеў далёка ад варот саперніка.
У другім тайме гаспадары працягвалі ціснуць, з чым абарона гасцей без грубасці ў сваёй штрафной справіцца не здолела. Як вынік – пенальці на 49-й хвіліне і лік 3:0.
Апошнія хвілін 20-ць асноўнага часу падапечныя Сяргея Нікіфарэнкі намагаліся скараціць адставанне, але, кажучы шчыра, прапанаваць нешта па-сапраўднаму вострае не здолелі. Акрамя гэтага расклеілася абарона, якая дазволіла ў час навесу знаходзіцца на лініі варот поруч з Аляксеям Статкевічам адразу двум нападаючым “Арсенала”. Выдатная гульня галавой і крыўдны мяч заляцеў у сетку варот на першай дабаўленай хвіліне – 4:0.

“ХВАЛЯванне” ў Пінску

Чарговае палескае дэрбі пакідала надзею. “Хваля” на дыстанцыі чэмпіяната не зарабіла ніводнага ачка ў гульнях з “Шахцёрам”. Апрача таго, пінская дружына, як і петрыкаўскі калектыў, лепей выступала на выяздах, чым дома. Згодна з гэтай статыстыкай, ад жоўта-чорных можна было чакаць перамогі і, напачатку, чаканні гэтыя апраўдваліся.
Абедзве каманды паказалі баявы настрой, моманты каля варот станавіліся ўсё небяспечней. На гэтым фоне перадача з цэнтра поля на Малкандуева магла здацца бесперспектыўнай, бо нападаючы “Шахцёра” выходзіў супраць траіх пінчан. Але тыя, хто ведаюць узровень майстэрства і разуменне гульні Аліхама, пэўна, не спяшаліся спісваць з рахунку яго атаку. Нападаючы абагнаў лінію абароны, а потым дзёрзка пайшоў поперак поля да цэнтра, абыграўшы дваіх сапернікаў і дакладна прабіўшы ў ніжні левы кут варот – 0:1.
На 38-й хвіліне, у час чарговай атакі “Шахцёра”, мяч пасля ўдара трапіў у руку іграку “Хвалі”, які знаходзіўся ў сваёй штрафной. Крананне было няўмысным, але з-за зрыва атакі рэферы паказаў на 11-мятровую кропку – 0:2.
У другім тайме каманды паказвалі адносна роўны, шчыльны футбол з невыразным заканчэннем атак, спачатку пры перавазе гасцей, а потым – гаспадароў. Хранометр адлічваў 82-ю хвіліну. Улічваючы брак выканаўцаў на завяршальнай стадыі штурмаў, чакаць істотнага змянення сітуацыі не выпадала, але “Хваля” разыграла простую, але неверагодную з пункту гледжання трапнасці камбінацыю: навес каля правага кута поля дакладна трапіў пад нагу набягаючаму нападаючаму ў раёне левага боку варатарскай зоны – 1:2.
Заставалася 7 хвілін асноўнага часу. Трэнерскі штаб “Шахцёра” пачаў выкарыстоўваць апошні козыр: 5 замен, што нібыта наўмысна былі “прыхаваныя”, каб збіць тэмп саперніка і замарудзіць час. Да таго ж, футбаліст “Хвалі” атрымлівае другую жоўтую картку і пакідае сваю каманду ў меншасці. Але і гэта не дазваляе “калійшчыкам” стрымаць пінчан: гаспадары нібы не адчуваюць недахоп іграка і пачынаюць так моцна ціснуць, нібы змагаюцца за тытул чэмпіёна.

З чым “Шахцёр” вяртаецца на дамашнюю арэну?Апошнія хвіліны дабаўленага часу, пытанне з вынікам гульні застаецца адкрытым, а вось псіхалагічна “Хваля” ўжо разграміла гасцей. За два футбольныя сезоны давялося пазнаёміцца з розным, але такой дызмаралізацыі петрыкаўскага калектыва я не бачыў яшчэ ніколі: нават застаўшыся ў большасці “салевікі” нагадвалі хутчэй аматарскую каманду, што выйшла згуляць з прафесіяналамі.
Намаганні гаспадароў былі апраўданыя… На 2-й дадатковай хвіліне паўабаронца “Хвалі”, атрымаўшы мяч за метраў 5-ць ад штрафной, моцна прабіў пад перакладзіну, бліжэй да правага боку – 2:2 і петрыкаўскі клуб абсалютна справядліва атрымлівае сумны ўрок мэтанакіраванасці і вязе дадому только адно ачко з трох гульняў.
Такім чынам, “Шахцёр” мае 31 ачко і застаецца на 8-м радку турнірнай табліцы. Наступны матч каманда згуляе на дамашняй арэне спорткомплекса “Прыпяць” 3 кастрычніка ў 15 гадзін з гомельскім “Лакаматывам”. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.

Фота Ільі ШЭЛЕГА і прэс-службаў ФК «Арсенал» і «Хваля«

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о