Лепшая абарона церпіць ад слабога нападзення

Апошняя гульня петрыкаўскага “Шахцёра” стала сапраўднай сенсацыяй, але, на вялікі жаль, не на карысць клуба. Здавалася б, што магло пайсці не так? Фаварыт першай лігі, які забіў больш за астатнія клубы, а прапусціў менш за ўсіх, прымаў у хатняй сустрэчы аўтсайдзера – “Слонім-2017”: каманду, што два тыдні таму займала апошняе месца ў бягучай турнірнай табліцы і мела за 20-ць тураў усяго 13 забітых мячоў – найгоршы паказчык дывізіёна. Многія мясцовыя аматары прадракалі “калійшчыкам” разгромную перамогу і лёгкія тры ачкі.
Але такі погляд на падзеі мае рацыю толькі ў моманце: калі капнуць крыху глыбей, то стане зразумела, што паражэнне “салевікоў”, няхай і не заканамернае, але з’яўляецца вынікам спалучэння многіх непрыемных абставін. Акрамя становішча ў табліцы трэба іншы раз глядзець, як выступаюць калектывы ў апошніх матчах. Калі “Шахцёр” у мінулым супрацьстаянні даганяў “Хвалю”, вырваўшы ўрэшце нічыю 1:1, то “Слонім” у гэты час “разбіраў па вінціках” “Баранавічы”, скончыўшы спарынг з лікам 6:2. Трэба разумець, што акрамя натуральнага ўздыму пачалі працаваць і некаторыя напрацоўкі клуба з Гродзеншчыны.
Надвор’е ў нядзелю, 16 кастрычніка, выдалася самае зайздроснае. Гульня стартавала традыцыйна: гаспадары распачалі высокім тэмпам, намагаючыся адразу стварыць задзел на перамогу і аформіць хуткі гол. Але, на мой погляд, як раз высокая хуткасць не дазволіла якасна рэалізоўваць штурмы. Асабліва гэта адчувалася па напружанасці нападаючага жоўта-чорных Арсенія Ачапоўскага, які не раз выходзіў на мяч, але то не паспяваў, то адпраўляў снарад міма брамы. Атмасфера давіла, а футбалісты са Слоніма перабудавалі абарону і сустракалі “Шахцёра” больш шчыльна.
Урэшце, у сярэдзіне тайма назіраўся пэўны парытэт, а ў час атакі гасцей абаронцы “Шахцёра” парушылі правілы ў сваёй штрафной пляцоўцы.

  • Некаторыя гледачы запэўніваюць, што суддзя памыліўся з назначэннем 11-мятровага, маўляў, абарона была ў рамках правілаў, але, перагледзеўшы момант на відэа некалькі разоў, магу адзначыць, што на пенальці момант, як кажуць, цягнуў.

Кіпер “салевікоў” кінуўся крыху правей, у той час як мяч быў пакладзены бліжэй да цэнтра – 0:1 на 17-й хвіліне.
Праз 9-ць хвілін непрыглядны звонку момант павялічыў адрыў: слонімчанін страціў мяч на палове поля гаспадароў, але абаронцы памыліліся і зноў адправілі круглага саперніку, які, знаходзячыся ў некалькіх кроках ад паўкруга штрафной, адправіў снарад па прыгожай дузе акурат у левую дзявятку – 0:2.
Затым госці прынялі адзінае, на мой погляд, правільнае тактычнае рашэнне: разумеючы, што гуляць на захаванне ліку да канца тайма прыйдзецца шмат часу, а “Шахцёр” мае ўсе магчымасці, каб скараціць перавагу ці ўвогуле параўнаць лік, слонімчане натуральна не давалі прадыхнуць саперніку. Такая тактыка дала свой плён і на 41-й хвіліне нападаючы “Слоніма-2017” літаральна расстраляў вароты Шчэрбачэні з левага флангу – 0:3. Столькі “Шахцёр” у гэтым сезоне не прапускаў не тое што за палову, а нават за цэлы матч!
Прысутныя спадзяваліся, што “салевікі” апраўдаюць неафіцыйны статус “каманды другога тайма”. Так усё і пачалося: на 55-й хвіліне Вадзім Курловіч адыграў на супрацьходзе кіпера гасцей, а ўжо праз 90 секунд свой момант нарэшце рэалізаваў Арсеній Ачапоўскі – 2:3.
Час для актыўных дзеянняў заставаўся, ды і моманты “Шахцёр” меў неблагія. Але мітусня, напружанасць і, як следства, недакладнасць, зрабілі сваю справу. У пагоні за нічыйным лікам гаспадары загубілі самую галоўную ў такіх выпадках якасць – халодны разлік. Замест адной-двух прадуманых, якасных атак з некалькімі сцэнарыямі развіцця, мы бачылі спешкі, удары міма варот, тэхнічны брак і пэўную стомленасць, за якімі надышло нечаканае, яшчэ гадзіну таму, паражэнне. Карацей, калі настала чарга прымаць тактычнае рашэнне жоўта-чорным, яны не здолелі зрабіць правільны выбар.
Урэшце, “Шахцёр” захоўвае за сабой другі радок у “табелі аб рангах” дывізіёна, маючы на рахунку 43 ачкі. Але становішча хісткае: “Нафтан” адстае ад “калійшчыкаў” на крытычныя 2 балы. Акрамя гэтага трэба памятаць, што “нафтавікі” ўжо прапусцілі гульню ў гэтым крузе, а вось “салевікі” яшчэ чакаюць свой перапынак у перад-апошнім, 25-м туры. Гэта значыць, што пакуль петрыкаўская дружына будзе “адпачываць”, каманда з Наваполацка будзе мець магчымасць папоўніць баланс сваіх ачкоў.
Між іншым, федэрацыя футбола паведаміла, што павышэнне ў класе ў сёлетняй першай лізе адбудзецца без удзелу петрыкаўскага “Шахцёра”, бо каманда з’яўляецца фарм-клубам калектыву з Салігорска, што выключае яе ўдзел у вышэйшым дывізіёне чэмпіянату Беларусі па футболе. Таму “Смаргонь”, што мае дастатковы запас ачкоў, становіцца пераможцам першай лігі датэрмінова. Будзем сачыць за сітуацыяй па меры таго, як атрымаем новую інфармацыю.
Наступную гульню петрыкаўская дружына правядзе заўтра ў гасцях у гомельскага “Лакаматыва”, а праз тыдзень – 30 кастрычніка, будзе прамыць на стадыёне “Прыпяць” футбольны клуб “Баранавічы”. Пачатак сустрэчы ў 15 гадзін. Магчыма, апошняя хатняя сустрэча пройдзе пры пустых трыбунах – дысцыплінарны камітэт федэрацыі футбола пакараў клуб за непрымальныя паводзіны на адрас суддзі з боку каманды і заўзятараў.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о