Ілья Марчанкоў стаў чэмпіёнам свету па паўэрліфтынгу ў жыме лежачы

0
1030

Ілья Марчанкоў стаў чэмпіёнам свету па паўэрліфтынгу ў жыме лежачы

Самы тытулаваны спартсмен гарадскога пасёлка Капаткевічы – упэўнены ў сабе чалавек, які моцна трымае штангу ў руках. Ён раскрывае формулу поспеху, звяртаючыся да “пакалення смартфонаў”:

“Не бывае хуткага поспеху. Без працы нічога не атрымаецца, але і без любові да справы таксама нельга. Недастаткова строгай дысцыпліны, знясільваючых трэніровак, збалансаванага харчавання і іншага “неабходнага”, павінен быць яшчэ нейкі ўнутраны рэсурс. Трэба быць улюблёным у тое, чым займаешся. Сёння, у час інфармацыйных тэхналогій, лічу, што спорт проста абавязаны прысутнічаць у жыцці падлеткаў”.

Наш герой не з роду волатаў, моцным і мужным ён зрабіў сябе сам. Калі ўпершыню прыйшоў у спартзалу ў 10-гадовым узросце, зразумеў: жым лежачы – менавіта тое, чым ён будзе займацца ўсё жыццё.

“Генетычна я не быў схільны да сілавога віду спорту, першапачаткова я быў шчупленькім хлопцам”, – распавёў  Ілья.

Наш герой падрабязна спыніўся на мерапрыемствах, у якіх ён прыняў удзел гэтай зімой.

“У сярэдзіне снежня 2022 года быў на чэмпіянаце свету ў горадзе Суздаль Расійскай Федэрацыі. У намінацыі “Ваенны жым” стаў абсалютным чэмпіёнам, паціснуўшы 200 кілаграмаў. Канкрэтна ў гэтым спаборніцтве зразумеў: гэта намінацыя, дзе я магу канкурыраваць. У класічным жыме лежачы стаў пятым.

Спаборніцтвы, якія ўразілі абсалютна ўсім, прайшлі ў Мінску ў канцы мінулага года – “Гран-Пры адрэналін”. У турніры прынялі ўдзел зоркі паўэрліфтынгу сусветнай велічыні, на адным памосце – прадстаўнікі 5 краін, прызавы фонд 10 тысяч беларускіх рублёў. Вынік: я – у ліку прызёраў.

Падводзячы размову да вынікаў галоўных спаборніцтваў па паўэрліфтынгу, суразмоўца ўдакладніў: “Трэба разумець, што ў нашым відзе спорту тытул “Чэмпіён свету” не пераходзячы. Калі заўтра нехта пацісне больш за мяне, статусу я не пазбаўлюся”.

Апошнія спаборніцтвы па паўэрліфтынгу паказалі: калі імкнешся да спартыўных вяршыняў, упэўнены, што ўсяго дасягнеш, так і будзе.

“Такім чынам, на Кубку, прысвечаным памяці Сяргея Капырына, які прайшоў у Мінску, у вагавой катэгорыі да 100 кілаграмаў у жыме лежачы я паціснуў 217 кілаграмаў і тым самым абнавіў сусветны рэкорд. А таксама выканаў нарматыў майстра спорту міжнароднага класа Нацыянальнай Асацыяцыі Паўэр- ліфтынгу ў строгім уздыме на біцэпс”.

Нягледзячы на неверагодныя асабістыя вынікі, сапраўдны гонар для спартсмена – яго вучні, якія займаюцца на базе ДЮСШ.

“Днямі ў зале сабралася 18 хлопцаў. Актыўныя, зацікаўленыя, працавітыя. Мне такая апантанасць падабаецца. Пакуль сказаць, што хтосьці з іх стане лаўрэатам спаборніцтваў, яшчэ рана. Адзначу, што вынікі, якія дасягнуты ў трэніровачнай зале, яшчэ ні пра што не сведчаць. Куды больш істотна сабраць волю ў кулак, засяродзіцца, не перанервавацца і паказаць сябе менавіта на спаборніцтвах, калі на цябе глядзяць дзясяткі знакамітых спартсменаў-канкурэнтаў”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о