Галіна Галота: У пчол ёсць дэвіз – працаваць старанна і разам

0
407

У пчол ёсць дэвіз – працаваць старанна і разам

Забягаючы наперад, адзначу, што пчалярства сапраўды вельмі захапляльны і цікавы занятак. Тыя, хто займаецца гэтай справай, людзі неверагодна працавітыя, як і самі пчолы.

Галіна Галота: У пчол ёсць дэвіз – працаваць старанна і разам

Колькі трэба сіл прыкласці пчале, каб здабыць мёд, гэтулькі і чалавеку, каб арганізаваць увесь працэс: кожныя год-два абнаўляць пчаліныя сем’і, клапаціцца пра здароўе сваіх маленькіх працаўнікоў, заўважаць прыкметы хваробы яшчэ на пачатковай стадыі, ведаць іх характар і настрой у залежнасці ад надвор’я і пары года.

Сённяшняя гераіня артыкула якраз з такіх. Галіна Галота, паказваючы нам свой пчальнік, папярэ-джвае, што сёння спякота, ад пчол лепш трымацца далей. У такое надвор’е яны вельмі нервовыя.

Пакуль мы з асцярожнасцю ў абмундзіраванні рабілі фатаграфіі для газеты, гераіня расказала гісторыю пра тое, як пачала займацца пчалярствам.

“15 гадоў таму мой муж Пётр Галота, дастаткова вядомы чалавек у горадзе, загарэўся пчоламі па парадзе сябра. Вядома, інтэрнэту, дзе можна атрымаць усю патрэбную інфармацыю па пчалярстве, тады не было. Ён пачаў скупляць спецыялізаваную літаратуру. Шмат размаўляў з мясцовымі жыхарамі, вопытнымі людзьмі ў гэтай справе, распытваў, як даглядаць вуллі.

Праз метад спроб і памылак, нарэшце развёў пчол на дачы ў Макарычах. Вядома, муж у тыя часы быў капітанам цеплахода, і калі прыходзіў час сыходзіць у плаванне па рацэ, “гаспадарка” заставалася на мне. З цягам часу я налаўчылася кіраваць роем, разумець характар здабытчыкаў мёду, і зараз ужо ва ўсю працягваю справу, распачатую мужам”.

Тут мая гераіня расказала яе гісторыю знаёмства з Пятром Васільевічам:

“Жылі па суседстве, ведалі адзін аднаго з малых гадоў. Нягледзячы на тое, што ён значна мяне старэйшы, нашаму саюзу гэта не перашкодзіла, хоць я доўга не давала яму станоўчы адказ. Памятаю, як аднойчы ўцякала ад аднакласнікаў на танцах і «ўрэзалася» ў маладога марака. А ён такі прыгожы, падцягнуты і ў форме. Вачэй не адвесці! Я тады не паверыла, што гэта той самы сусед Пеця”.

Галіне Мікалаеўне пасля таго, як не стала яе любімага 7 гадоў таму, першыя часы было вельмі цяжка і на пчальніку дапамагала пляменніца, а зусім нядаўна ў памагатыя запісаўся сусед, што побач купіў з жонкай дачу ў Макарычах. Малады вучань ва ўсю асвойвае новую прафесію і, паводле слоў гераіні, зараз з’яўляецца незаменным работнікам.

“Далёка не кожны чалавек можа завесці свой пчальнік, – працягвае суразмоўца. – Як бы банальна не гучала, але гаспадар павінен быць добрым чалавекам. Тым, хто жадае заняцца пчалярствам, магу параіць адно: мець жаданне, любоў і цярпенне. Пчолы хоць і дзікія, але міралюбівыя. Важна – любіць сваю справу!”

Галіна Галота працуе санітаркай у Петрыкаўскай бальніцы, у вольны час жанчына паспявае набраць і некалькі вёдраў чарніц. Яе дача ў Макарычах – прыклад для многіх садаводаў і агароднікаў. Апроч таго, што двор упрыгожвае неверагодная колькасць дэкаратыўных кветак і раслін, у агародзе таксама не пуста: ёсць практычна ўсё, што трэба сучаснаму чалавеку. Вось-вось пачырванеюць памідоры, а плады агрэсту такі і просяць, каб іх хутчэй сарвалі.

Галіна Галота: У пчол ёсць дэвіз – працаваць старанна і разам Галіна Галота: У пчол ёсць дэвіз – працаваць старанна і разам

Немалы прысядзібны ўчастак – добрая меданосная база для крылатых меданосаў. Тут адразу за домам размешчаны і пчальнік – каля пятнаццаці вулляў.

“Пчалярства выпрацоўвае працавітасць, увагу, акуратнасць, кемлівасць. Безумоўна, пчала адчувае свайго гаспадара, яна адчувае энергетыку чалавека і яго эмацыянальны стан. Вопытныя пчаляры не толькі ведаюць, колькі часу жыве пчала, але і з лёгкасцю могуць прадказаць вынік медазбору.

Як мне здаецца, далёка не кожны чалавек разумее, наколькі важныя пчолы для нашага свету. Галоўная функцыя пчалы ў прыродзе – апыленне. Яны спрыяюць росту і размнажэнню агародніны, ягад, пладовых і лекавых раслін. Як мне здаецца, у пчол існуе дэвіз – працаваць старанна і разам.

Якім бы быў свет сёння без нашых меншых таварышаў, цяжка адказаць у некалькіх словах, але кожны раз, спрабуючы мёд на смак, важна памятаць, колькі працы было ўкладзена нават у маленькую порцыю гэтага салодкага прадукту!”

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Фота аўтара.

 

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о