Прызванне дапамагаць братам нашым меншым

0
490

Прызванне дапамагаць братам нашым меншым

Расказ пра аграпрамысловы комплекс і жывёлагадоўлю быў бы не поўным, калі б мы не пагутарылі з прадстаўніком ветэрынарнай галіны. Знаёмства з санітарам-эпізаатолагам Петрыкаўскай раённай ветэрынарнай станцыі Наталляй Камаровіч пакінула самыя прыемныя пачуцці, бо гэты чалавек можа не толькі распавесці пра шчырую працу, але падзяліцца сакрэтамі сямейнага шчасця, бо жанчына з’яўляецца Маці-гераіняй.

Родам Наталля Анатольеўна з райцэнтра. Суразмоўца падзялілася, што хоць з дзяцінства і ставілася да жывёл добра, але вырасла ў кватэры і звязаць свой лёс з ветэрынарыяй не планавала.

– У школе выявілася мая схільнасць да малявання. Неяк выпадкова я даведалася пра тое, што ў горадзе Жлобіне пры фабрыцы мастацкай інкрустацыі ёсць і профільнае ПТВ. Скончыўшы мастацкую навучальную ўстанову, першапачаткова я працавала на вытворчасці, але потым сустрэла сваё каханне. Знаёмства было выпадковым, але зараз, з вышыні пражытых разам гадоў здаецца, што нібы Бог наканаваў нам сустрэцца.

Будучы муж, Аляксандр Іванавіч, родам з Жыткавічаў, але служыў праваахоўнікам у Гомелі. Пасля таго, як мы зладзілі вяселле, вырашылі, што трэба, як то кажуць, прыбіцца да роднага берагу і пусціць карані бліжэй да родных людзей і мясцін. Акрамя гэтага, Аляксандр, які быў адзін у сям’і, хацеў шмат дзяцей, каб ягоныя нашчадкі спазналі братэрскую любоў і падтрымлівалі адзін аднаго. Я ж гадавалася ў шматдзетнай сям’і і мару мужа разумела і падтрымлівала.

Муж перавёўся ў петрыкаўскую міліцыю і неўзабаве ў нас нарадзіўся першынец Аляксандр. Пакуль будавалі дом у райцэнтры, я жыла ў свёкра і свякрухі, якія трымалі немалую гаспадарку. Менавіта ў гэты час я, так бы мовіць, блізка пазнаёмілася са свойскай жывёлай. Асабліва мне падабалася даглядаць кароў – гэтым жывёлам чалавецтва абавязана сваім дабрабытам, бо з даўніх часоў буронкі кармілі нашых продкаў, як можна ставіцца да іх інакш, калі не з любоўю?! – задаецца рытарычным пытаннем Наталля Камаровіч.

Калі маладая сям’я перабралася ў Петрыкаў – з’явілася і ўласная гаспадарка: карова, парсюкі, трусы, птушка. Дарэчы, рагулю і курэй жанчына трымае і зараз. Не абмінула сям’ю і чарговае шчасце бацькоўства: на свет з’явіліся чатыры дачушкі: Ганна, Паліна, Карына і Вольга. Самая малодшая навучаецца ў 10-м класе, мае жаданне звязаць свой лёс з медыцынай. Старэйшыя дзеці ўжо самастойныя, скончылі ВНУ і вызначыліся з працоўным шляхам.

Суразмоўца заўважае, што ў будаўніцтве жылля ў свой час істотна дапамагла дзяржава, а вось выгадаваць дзетак і вывесці іх у свет было б складана без уласнай гаспадаркі.

Не так даўно, 10 кастрычніка, Наталля Камаровіч адзначыла 20-годдзе працы ў райветстанцыі і гэта, пэўна, самая аб’ектыўная адзнака стаўлення жанчыны да сваёй прафесіі. “Работу сваю я люблю, ды і ўвогуле, лічу ветэрынарыю справай высакароднай. Калі казаць пра задачы санітара-эпізаатолага, то, па сутнасці, гэты чалавек з’яўляецца другой парай рук урача-ветэрынара: уколы, прышчэпкі, капельніцы, збор аналізаў, перавязка скаціны – словам, робім усё, што скажа ветэрынар. Усе маніпуляцыі і працэдуры патрабуюць умення і пільнасці. Напачатку працоўнага дня атрымліваем заданне і выпраўляемся на сельскагаспадарчы аб’ект. Прынцып просты: не вяртаемся ў горад, калі не зробім усю патрэбную работу. Дзеля гэтага, часам, даводзіцца працаваць і без абеду, і затрымлівацца, ці прыбываць на месца раней, напрыклад – у час ранішняй дойкі, але як інакш, калі праз нашыя рукі праходзіць, іншым разам, некалькі соцень галоў, – распавяла пра сваю работу жанчына.

На пытанне: за што вы любіце сваю работу і адкуль знаходзіце жыццёвыя сілы для гэтай нялёгкай справы?, – Наталля адказала: “У некалькім словах складана растлумачыць. Вы, пэўна, лепей бы зразумелі ўсё самі, калі б паглядзелі ў вочы пакутуючай ад хваробы жывёле. Па позірку каровы становіцца зразумела, што ёй патрэбна дапамога і калі лячэнне пачынае працаваць, а ачунеўшая буронка выглядае лепей, ты разумееш – усё было зроблена не дарма. З гэтай прычыны, за 20-ць гадоў я ніводнага разу не дапускала думкі пра змену роду дзейнасці”, – адказала Наталля Анатольеўна.

Мы заўважылі, што сучаснае пакаленне менш ладзіць з братамі нашымі меншымі, усё часцей грамадзяне адносяцца да іх з нейкай засцярогай, а здараецца – з жахам ці агрэсіяй. Мы спыталі нашу гераіню, як выправіць такую сітуацыю?

– Мне так здаецца, што асновы стасункаў з жывёламі павінны закладвацца бацькамі. Цудоўна, калі ў дзіцячым садку ёсць жывы куток, у маім дзяцінстве такія куткі былі і ў школе. Разумееце, тут гаворка ідзе не толькі пра чалавека і братоў нашых меншых: у кожнага дзіцяці павінна выхоўвацца пачуццё адказнасці ва ўсіх праявах жыцця – адказнасці за ўласныя ўчынкі, абавязкі, малодшых братоў і сясцёр, тых, хто слабейшы. Бо любові не бывае без адказнасці. А ветэрынарыі я не ўяўляю без любові да жывёлы, – мяркуе жанчына.

Рэзюмуючы нашу размову, Наталля Камаровіч падзялілася: “Я – шчаслівы чалавек. Шчаслівая вялікай сям’ёю, сваёй працай, пачуццём таго, што я патрэбная і карысная. Але трэба разумець, што шчасце – не знаходка ці нейкі падарунак. Некаторыя кажуць, што за шчасце трэба біцца, я ж упэўнена, што трэба працаваць. І выхаванне дзяцей, і поспехі на рабоце, лад у сям’і і гаспадарцы – усё гэта шчырая праца, што патрабуе цярпення, упартасці і сіл. Вось такая ў мяне жыццёвая філасофія”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о