Быць на крок наперадзе

0
362

Быць на крок наперадзе

Ці лёгка быць моцнай і паспяховай жанчынай, застаючыся пры гэтым клапатлівай і любячай жонкай, маці, бабуляй – пра гэта мы пагаварылі з дэпутатам раённага Савета дэпутатаў Нінай Марціновіч.

Ніна Марціновіч, чалавек вядомы на Петрыкаўшчыне сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй: дэпутат, актывістка грамадскіх раённых арганізацый і аб’яднанняў былы кіраўнік Муляраўскай пачатковай школы з 25-гадовым стажам. Дзе б ні “прыклала руку” Ніна Савельеўна, усюды бачны вынік.

– Больш за сорак гадоў таму я зрабіла выбар на карысць складанай, але цудоўнай прафесіі педагога і не шкадую пра гэта ні дня. Установу, якую я доўгі час узначальвала, а зараз працую настаўнікам – лічу самай лепшай, а калектыў для мяне даўно стаў камандай аднадумцаў, – пачынае размову дэпутат. – За гады працы у школе, зносін з дзецьмі і іх бацькамі, бабулямі, дзядулямі, не чужымі для мяне сталі і жыхары Муляраўкі. Напэўна, маё імкненне зразумець чалавека, прыйсці пры неабходнасці на дапамогу дало падставу землякам для абрання мяне ў дэпутацкі корпус Петрыкаўшчыны. Як у прафесіі, так і ў грамадскай дзейнасці прытрымліваюся дэвізу: выконваць даручаную працу лепш, чым учора, а заўтра – лепш, чым сёння.

Суразмоўца дзеліцца, што справы дэпутата заўсёды ў полі зроку жыхароў. А калі казаць пра вясковае насельніцтва, то народны выбраннік для іх быў і застаецца тым чалавекам, да якога можна звярнуцца па любым пытанні. Для таго, каб вырашаць праблемныя моманты насельніцтва, вельмі важна працаваць адной камандай з мясцовай выканаўчай уладай, раённымі структурамі прафілактыкі, калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый. Асаблівую ролю, акрамя паўсядзённых абавязкаў, дэпутат надае рэалізацыі Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Пра жыццё кожнай сям’і ў пасёлку ведае не па чутках: кантактуе з усімі бацькамі, удзельнічае ў працы назіральнай камісіі пры Муляраўскім сельвыканкаме. Ніна Савельеўна звяртае ўвагу, што ў дадзеным напрамку вялікае значэнне мае работа на прафілактыку.

– У апошні час мы змянілі некаторыя моманты ў зносінах з бацькоўскай грамадскасцю. Калі раней вялі гутаркі на хвалюючыя тэмы ў асноўным у сценах установы адукацыі, то зараз, пры неабходнасці, выходзім у працоўныя калектывы, – дзеліцца суразмоўца. – Хачу адзначыць, што педагогі Муляраўскай школы праводзяць значную работу, накіраваную на фарміраванне сямейных каштоўнасцей, арганізацыю сумеснай дзейнасці бацькоў і дзяцей.

Да парад Ніны Савельеўны маладыя бацькі прыслухоўваюцца. А як іначай? Жанчына падае асабісты прыклад у пытаннях сямейных адносін. Больш за 43 гады шчаслівая ў шлюбе, выхавалі з мужам траіх дзяцей, якія сёння праяўляюць сябе на адказных і прэстыжных пасадах арганізацый краіны. Радуюць і шасцёра ўнукаў, якія чаканыя госці на Петрыкаўшчыне. Жанчына прызнаецца, што праца ніколі не замінала надаваць час родным людзям, адпачываць усёй сям’ёй.

– Лічу, што жанчыну-кіраўніка адрознівае ад мужчын такога ж статусу тое, што нягледзячы на нашу занятасць і стомленасць, мы застаёмся мамамі, жонкамі і гаспадынямі. Гэтыя, галоўныя для жанчыны абавязкі, ніхто не адмяняе. І калі ты плануеш узяць на сябе грамадскую нагрузку, трэба будзе навучыцца ўсюды паспяваць, – рэзюмуе дэпутат.

Па словах Ніны Савельеўны, вялікую падтрымку ва ўсіх яе пачынаннях, ініцыятывах ёй аказвае калектыў, які пад яе кіраўніцтвам неаднаразова выходзіў на перадавыя пазіцыі сярод устаноў адукацыі раёна. Разам з калегамі, грамадскасцю пасёлка Ніна Савельеўна ўкараняе новыя формы работы з насельніцтвам у патрыятычным, эстэтычным, экалагічным напрамках, здаровым ладзе жыцця. З яе ўдзелам праведзены акцыі “Беларусь у маім сэрцы”, “Нашы дзеці”, “Ад усёй душы”, “Пачні свой дзень з зарадкі”. Са слоў гераіні, чалавек, які вядзе за сабой грамадскасць, павінен ісці ў нагу з часам, а таленавіты лідар – гэты час апярэджваць.

– Быць адказнай за калектыў, выбаршчыкаў, родных людзей – справа складаная, – выказала думку гераіня. – Перавага і сіла жанчыны ў тым, што яна па-асабліваму любіць сваю справу, нясе ўпэўненасць навакольным, не апускае рукі на шляху да пастаўленай мэты. Адпавядаць свайму статусу і сказанаму слову – не лёгка. Сілы дае радасць ад будучага выніку, любоў і падтрымка блізкіх, давер і ўдзячнасць землякоў.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота з архіву Муляраўскай пачатковай школы.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о