На працягу двух дзён, у аўторак і сераду, Петрыкаўшчына прымала занальныя спаборніцтвы па валейболе сярод зборных каманд навучэнцаў устаноў адукацыі 2008 года нараджэння і меншых. Як і ў нядаўнім турніры па баскетболе, нашым юнакам і дзяўчатам выпала спаборнічаць з дружынамі Жыткавіцкага, Лельчыцкага і Хойніцкага раёнаў.

Спаборніцтвы паміж хлопцамі праходзілі ў спартыўнай зале ДЮСШ. Першы матч зборная раёна, якую прадстаўлялі валейбалісты з Капцэвіцкай, Конкавіцкай, Лучыцкай, першай гарадской школ і гімназіі, правяла з дружынай Жыткавіцкага раёна. Ужо напачатку гульні было зразумела, што нашыя хлопцы і тэхнічна, і камандна пераўзыходзяць сапернікаў. Як следства, дамінацыя на пляцоўцы, мноства памылак жыткаўчан і перамога ў трох партыях.

На адну партыю больш спатрэбілася нашым юным землякам, каб разабрацца са спартсменамі з Хойнікаў. Апаненты здолелі ўзяць адну партыю, але, хай ужо не крыўдзяцца суседзі, нашыя хлопцы ў гэтым перыядзе хутчэй прайгралі самі сабе, а не сапернікам. Выправіўшы хібы і згуртаваўшыся, зборная Петрыкаўшчыны ўпэўнена давяла сустрэчу да канца – 3:1.

Абедзве каманды адпраўляюцца  на абласны турнір

Разам з тым, спрытна крочыла па дыстанцыі спаборніцтваў і каманда Лельчыцкага раёна, якая абыграла спартсменаў з Жыткавіччыны і Хойніччыны з лікам 3:1. Такім чынам, галоўная інтрыга захоўвалася да апошняй гульні з гаспадарамі турніру.

Хлопцы з берагоў Убарці пачалі бадзёра і выйшлі наперад. Але, калі лік па партыях быў 1:2 на карысць гасцей, зборная Петрыкаўшчыны пачала гуляць больш якасна і абачліва: неблагія падачы, акуратная гульня пад сеткай і лоўля сапернікаў на памылках дапамаглі параўнаць лік. У фінальнай партыі землякі адарваліся па мячах, а сапернікі канчаткова згаслі – 3:2 і мясцовыя спартсмены святкавалі перамогу.

Паралельна, у спартыўнай зале гімназіі спаборнічалі дзяўчынкі. Нашу дружыну прадстаўлялі навучэнкі з Галубіцкай, Капцэвіцкай, Чалюшчавіцкай, першай гарадской школ і гімназіі.

Абедзве каманды адпраўляюцца  на абласны турнір

Валейбольны шлях дзявочай каманды быў падобны на выступленне юнацкага калектыву. У першай сустрэчы петрыкаўчанкі без перашкод разабраліся са зборнай Хойніцкага раёна – 3:0, потым з такім жа лікам “разабралі” жыткаўчанак, але не здолелі супрацьстаяць дзяўчынам з Лельчыц – 1:3, заняўшы выніковае другое месца ў занальным адборы.

Разам з тым, на абласныя спаборніцтвы адправяцца абедзве дружыны з Петрыкаўскага раёна: пераможная зборная юнакоў і дзяўчаты, што паказалі лепшы вынік сярод каманд, што занялі другое месца ў групе сярод 8-мі каманд. Жадаем поспехаў нашым землякам!

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о