Мітынгам на Кургане Славы завяршылася сумесная акцыя “Сімвал адзінства” Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і грамадскага аб’яднання “Патрыёты Беларусі”. Удзел у маштабнай патрыятычнай акцыі прыняла і дэлегацыя Петрыкаўскага раёна.

Трэба сказаць, што акцыя без перабольшання аб’яднала ўсю Беларусь. Імкненне бачыць сваю краіну моцнай і незалежнай працягвае аб’ядноўваць беларусаў. “Сімвал адзінства” – гэта яшчэ і даніна павагі і памяці тым, дзякуючы каму мы жывем у мірнай краіне, у адзінстве і згодзе.
Тры месяцы ўнушальная аўтакалона з дзяржаўнай сімволікай адзін за адным наведвала 118 раёнаў нашай краіны, пераадолеўшы шлях у 9 тысяч кіламетраў. 29 кастрычніка ўдзельнікі аўтапрабегу наведалі Петрыкаўшчыну.
Па словах аднаго з арганізатараў – старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіла Орды, рэспубліканская акцыя “Сімвал адзінства” накіравана на тое, каб не згубілася, не забылася ніводная падзея страшных дзён Вялікай Айчыннай вайны. Падрабязная інфармацыя пра больш за 1200 памятных месцаў была сабрана, сістэматызавана і аблічбавана сёлета патрыётамі. Ад самых вядомых, такіх як мемарыяльны комплекс “Курган Славы”, да невялікіх помнікаў і пахаванняў у рэгіёнах краіны.
Кульмінацыйны момант праекту стаў знакавым. Нагадаем, што сёлетні сімвал акцыі – шасцярэнькі. У Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў на вялікай карце Беларусі сабралі разам шасцярэнькі 118 раёнаў краіны. Паказаўшы тым самым, што любое звяно ў рабоце незаменнае і важны ўклад кожнага чалавека ў развіццё Беларусі. Так, усе шасцярэнькі разам стварылі агульны сімвал адзінства беларускага народа – гадзіннік.
Заключным акордам рэспубліканскай акцыі “Сімвал адзінства” стаў маштабны канцэрт вядомых беларускіх артыстаў. Сваю творчасць гледачам падарылі Анатоль Ярмоленка, Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, Алена Ланская, гурты “Аура” і “Дразды” і многія іншыя.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о