Гісторыя правядзення раённага турніру па футболе памяці Васіля Пінчука – папулярызатара не толькі футбола, але і арганізатара спартыўна-масавай работы, прайшоў у аграгарадку Чалюшчавічы. Дарэчы, менавіта дзякуючы Васілю Пінчуку ў гэтым населеным пункце і быў створаны стадыён і станоўча, што спартыўныя пачынанні бацькі падтрымліваюць яго сыны – Аляксандр і Вячаслаў.

У суботу, 30 верасня, адбыўся 27-мы “Кубак Пінчука”. Але, згадваючы гісторыю гэтых спаборніцтваў, з сумам зазначаеш: былой велічы і масавасці ў турніру ўжо няма… Сёлета на спаборніцтвы заявілася толькі дзве каманды: мясцовая дружына ААТ “Чалюшчавічы” і ФСК “Ураджай” з Петрыкава.

З прывітальным словам да футбалістаў і заўзятараў, якіх сабралося не мала, звярнуліся старшыня Чалюшчавіцкага сельвыканкама Павел Мазай, сын Васіля Пінчука – Аляксандр і аўтар гэтых радкоў.

Пачаўся матч. Сустрэча была баявой і цікавай, з мноствам вострых момантаў то ў адных, то ў іншых варот. Першы тайм мацнейшых не выявіў, каманды пайшлі на перапынак з лікам 1:1. У другой палове сустрэчы “гараджане” былі крыху больш агрэсіўнымі і паспяховымі. Спачатку мяч заляцеў у вароты гаспадароў, зрыкашэціўшы ад свайго футбаліста. А калі хранометр адлічваў апошнюю хвіліну асноўнага часу, госці паставілі ў гульні пераможную кропку 1:3!

Арганізатары турніру – браты Пінчукі ўручылі Кубак капітану “Ураджая” Дзмітрыю Шатырыну, выконваючы абавязкі дырэктара ФСК “Ураджай” Уладзімір Харланаў узнагародзіў спартыўныя калектывы дыпломамі сектара спорту і турызму райвыканкама.

Падводзячы вынікі турніру, нельга не заўважыць сумны факт: гэты Кубак устанавіў своеасаблівы антырэкорд па колькасці каманд-удзельніц. Памятаю, як колісь на спаборніцтвы заяўляліся па 8 дружын і нам было складана ўкласціся ў абмежаваны светлавы дзень. З цягам часу колькасць калектываў, што бралі ўдзел ў спаборніцтвах, змяншалася, разам з тым на Чалюшчавіцкую зямлю прыбывалі паспрабаваць свае сілы каманды з суседніх рэгіёнаў. Так, у мінулым годзе мы сустракалі і спаборнічалі з футбольным клубам “Добрыца” з Салігоршчыны.

Што адбываецца зараз з футболам, з самым папулярным і любімым у народзе відам спорту? Нам, ветэранам спорту, гэта складана зразумець… Чаго хаваць, раней мы жылі бядней, не было тых умоў і сродкаў, што ёсць зараз. Але пры сённяшнім дабрабыце гуляць у футбол няма каму…

Напрыканцы свайго апавядання хацелася б падзякаваць арганізатарам турніру. Работа была зроблена важкая і пачуць цёплыя словы ў той дзень можна было не раз ад заўзятараў, сярод якіх было не мала людзей сталага веку.
Традыцыю не прыпыніць – і гэта самае галоўнае. Спа-дзяюся, што Кубак Пінчука будзе не раз яшчэ грымець і абмяркоўвацца не толькі на Петрыкаўшчыне, але і за межамі нашага раёна, як годны турнір, што сабраў нямала каманд!

Аляксей КАЮКАЛА.
Фота ФСК “Ураджай”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о