Ветэраны, так трымаць!

0
264

Ветэраны, так трымаць!

Напрыканцы мінулага месяца ў горадзе Гомелі прайшла VI-я абласная спартакіяда сярод ветэранаў і кіраўнікоў раённых ветэранскіх арганізацый фізічнай культуры і спорту, прысвечаная Дню Перамогі.

Значная спартыўная падзея праводзілася ў адной з цэнтральных спартыўных арэн – Палацы лёгкай атлетыкі. Ва ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства прынялі ўдзел кіраўнікі ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама, заслужаныя ветэраны спорту, суддзі міжнароднай і нацыянальнай катэгорый.

Пачаліся спаборніцтвы. Спартсмены паважанага ўзросту выяўлялі лепшых у дартсе, настольным тэнісе, шашках, шахматах, летнім шматбор’і “Здароўе”. Апрача гэтага, мужчыны спаборнічалі ў більярдзе. Кожная каманда налічвала па 11 удзельнікаў і прадстаўніка калектыву. Вельмі важна было прыбыць на турнір у поўным саста-ве, таму што адсутнасць удзельніка каралася 2-ма штрафнымі ачкамі і вяла да апошняга месца. Зборная Петрыкаўшчыны была прадстаўлена паўнавартасна, і ўсе без выключэння землякі імкнуліся праявіць сябе самым лепшым чынам.

Асабліва цяжкім выдалася лёгкаатлетычнае шматбор’е “Здароўе”. Мяркуйце самі: нашай зямлячцы Аксане Скрабец з першай гарадской школы выпала выступіць у бегу на 30 і 300 метраў, плаванні на 50 метраў, скачках у даўжыню з месца, згібанні і разгібанні рук ва ўпоры ад лаўкі. Капаткевіцкі спартсмен Сяргей Майорчык з ДРАЦ “Пціч” паказваў свае кандыцыі ў бегу на 50 і 500 метраў, плаванні на дыстанцыі ў 50 метраў, скачках у даўжыню з месца, падцягванні на высокай перакладзіне, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі стоячы з упора. Пагадзіцеся, праграма насычаная і складаная і тут не паказаць вынікаў без адпаведнай падрыхтоўкі.

Хацелася б нагадаць, што ў 2023 годзе мы сталі чэмпіёнамі ў камандным заліку па групе раёнаў. Вядома, хацелася б пацвердзіць свой клас, як мінімум пазмагаўшыся за прызавыя месцы, бо ўсім вядома, што куды прасцей дабіцца чэмпіёнства, чым потым яго ўтрымліваць.

Першы дзень спаборніцтваў прынёс нам не багата ачкоў – Петрыкаўская каманда запісала ў свой актыў бронзу Таццяны Антанішынай па шашках. Але былі неблагія перспектывы: наша тэнісістка Аксана Кавальчук перамагла ўсіх пяцярых апанентаў па малой ракетцы і чакала наступнага дня, каб паспрачацца за чэмпіёнства.

Золата ў настольным тэнісе было здабыта ўжо зранку другога гульнявога дня, а разам з узнагародай у кожнага нашага спартсмена палепшыўся настрой – і вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць. У напружанай інтэлектуальнай барацьбе за шахматнай дошкай бронзу здабыў Уладзімір Літош. Срэбраны вынік паказаў петрыкаўскі шашыст Юрый Юніцкі. На жаль, прайграла ў барацьбе за бронзу, але паказала прынцыповую волю да перамогі наша шашыстка Раіса Будзіловіч. Чацвёртыя месцы таксама занялі Сяргей Шпак у більярдзе, Васіль Пінчук у настольным тэнісе, Уладзімір Вабішчэвіч і Аксана Скрабец у дартсе. Дарэчы, апошняя спартсменка ўдзельнічала адразу ў дзвюх дысцыплінах і, да гэтага, у шматбор’і “Здароўе”. Нагрузка на зямлячку выпала каласальная, роўна як і адказнасць.

Мы ўсёй камандай падтрым-лівалі нашых шматборцаў і яны праявілі ўпартасць і байцоўскія якасці, не падвялі калектыў і раён у час спаборніцтваў. Урэшце, па выніках напружанай барацьбы ў актыве нашай дружыны з’явілася яшчэ два медалі: Аксана Скрабец заваявала бронзу, а Сяргей Майорчык – срэбра, што дазволіла зборнай Петрыкаўшчыны забяспечыць сабе недасягальнасць у камандным заліку!

Мы другі год запар сталі чэмпіёнамі абласной спартакіяды сярод ветэранаў па групе раёнаў, апярэдзіўшы галоўных сапернікаў з Добрушскага і Буда-Кашалёўскага раёнаў на 3 і 4 ачкі адпаведна! Апаненты вельмі сур’ёзна аднесліся да падрыхтоўкі і нашай каманды, але мы не саступілі і ўпэўнена імкнуліся да перамогі.

Ва ўрачыстай абстаноўцы нашыя спартсмены атрымалі заслужаныя ўзнагароды і камандны кубак з дыпломам І ступені ад упраўлення спорту і турызму аблвыканкама. Спадзяюся, усе разумеюць, які станоўчы псіхалагічны клімат пануе ў нашай камандзе ўвогуле і ў час спаборніцтваў у прыватнасці. Мы выступалі пад дэвізам: “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!”. Гэта перамога далася не проста, але мы вытрымалі, пераадолелі ўсе арганізацыйныя і падрыхтоўчыя складанасці.

Дзякуем усім, хто дапамагаў нам, самыя цёплыя словы ўдзячнасці заслугоўваюць і нашыя спартсмены і аматары фізічнай культуры. Вы ўсе ўвасабляеце раённы спорт ужо ветэранскага ўзросту. Моладзі ёсць з каго брыць прыклад!

Гэтае спартыўнае дасягненне мы дорым усім, хто зрабіў актыўны лад жыцця неад’емнай часткай свайго лёсу. Больш за тое, сімвалічна, што хутка, у трэцюю суботу месяца, 18 мая, у краіне будзе адзначацца Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту, да якога нам і ўдалося падрыхтаваць адмысловы падарунак.

Аляксей КАЮКАЛА,
старшыня пярвічнай 
арганізацыі БГА “Ветэраны ФКіС Петрыкаўскага раёна”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о