А воз і цяпер там…

0
1298

На старонках газеты мы штотыдзень публікуем матэрыялы пра тое, як на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях раёна дапускаюцца факты парушэння працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны, што, дарэчы, не лепшым чынам адбіваецца на паказчыках работы.

Ці ёсць змены на згаданых у публікацыях аб’ектах? Так, ёсць, але не па ўсіх адрасах. Да таго ж, пра ўхіленне выкрытых недахопаў мы павінны праінфармаваць вас, паважаныя чытачы, абапіраючыся на факты з лістоў, дасланых на наш адрас юрыдычнымі асобамі, што падпалі пад крытыку. На справе – тут далёка не ўсё гладка.

Пра існуючы парадак рэагавання службовых асоб на крытыку ў сродках масавай інфармацыі кіраўніцтва, канешне ж, ведае. І тым не менш, з нашага боку, на ўсялякі выпадак, у апавяшчэннях пра публікацыю праінфармавана дадаткова. У прыватнасці, у тэксце апавяшчэнняў паведамлялася, што, згодна Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 630 “Аб рэагаванні службовых асоб на крытычныя выступленні ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі”, трапіўшыя пад крытыку кіраўнікі павінны, па-першае, забяспечыць разгляд апублікаваных у газеце крытычных матэрыялаў і прыняць меры, прадугледжаныя заканадаўствам. Па-другое, накіраваць на адрас рэдакцыі інфармацыю пра разгляд паведамлення і прынятыя меры па ўхіленні указаных парушэнняў. На выкананне гэтых патрабаванняў прадугледжаны месяц з моманту апублікавання крытычнага матэрыялу. Месяц па некаторых публікацыях, як вы разумееце, мінуў даўно, але адказы мы атрымалі не на ўсе крытычныя артыкулы.

Пры тэлефонных і асабістых размовах з адказнымі асобамі штораз чулі запэўніванні ў тым, што ўсё, ці амаль усё, ужо выпраўлена ці плануецца ўхіліць у бліжэйшы час. Аднак, як вядома, адна справа – вусныя запэўніванні і зусім іншая – афіцыйны адказ, падмацаваны фотаздымкамі. Ну а часам пачутае “забылі”, “не прыдалі значнасці” гучыць па меншай меры несур’ёзна. Хаця б таму, што дакументам дакладна вызначана: персанальная адказнасць за выкананне патрабаванняў дадзенага заканадаўчага акта ляжыць на кіраўніку арганізацыі, а невыкананне без уважлівых прычын пунктаў Указа Прэзідэнта цягне прымяненне да службовых асоб дысцыплінарнай адказнасці літаральна да пазбаўлення займаных пасад.

Сродкі масавай інфармацыі ў сваю чаргу павінны своечасова адлюстроўваць на старонках газеты вынікі рэагавання на крытычныя матэрыялы. А яшчэ заканадаўствам прапісана неабходнасць паведамляць у кантралюючыя органы пра факты нерэагавання службовых асоб на крытычныя публікацыі ў СМІ. Між іншым, курыруе выкананне патрабаванняў Указа Прэзідэнта № 630 Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Таму, паважаныя кіраўнікі, наперад разлічваем на вашу адказнасць і прафесіяналізм у вырашэнні агучаных пытанняў. Пагадзіцеся, своечасовая рэакцыя кіраўніка на крытыку на старонках газеты – гэта свайго роду паказчык зацікаўленасці адказнай асобы ў тым, каб выправіць сітуацыю, не дапусціць надалей фактаў безгаспадарлівасці. Робім высновы, і калі ўжо трапілі пад крытыку, выходзім з-пад яе па літары закону.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о