Наша палітыка – палітыка добрасуседства

0
243

На гэтым тыдні Саветам Міністраў і Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь унесена прапанова аб прадаўжэнні на 2024 год бязвізавага рэжыму ўезду, які з 2022 года дзейнічае ў нас з Латвіяй, Літвой і Польшчай. Кіраўнік дзяржавы прапанову падтрымаў.

Чым прадыктавана такое рашэнне? У першую чаргу тым, што дзеянне бязвізавага рэжыму ў 2022-2023 гадах паказала высокі ўзровень запатрабаванасці ў жыхароў сумежных дзяржаў свабоднага наведвання Рэспублікі Беларусь.

За час дзеяння бязвізу Беларусь наведала больш 800 тысяч чалавек. Толькі сёлета мы прынялі каля 405 тысяч жыхароў суседніх краін. І гэта нягледзячы на тыя перашкоды, якія створаны на мяжы: закрыццё пагранічных пераходаў з боку заходніх суседзяў, штучнае стрымліванне праходжання чэргаў. Аднак цікавасць у жыхароў суседніх краін была, ёсць і застаецца. Шмат станоўчых водгукаў гасцей нашай краіны можна знайсці ў сацыяльных сетках. І ведаеце, іх ацэнка нашага жыцця, дабрабыту і спакою працуе на кантрасце з негатыўнай прапагандай афіцыйных уладаў.

Да таго ж, для некаторых катэгорый грамадзян прыгранічных рэгіёнаў Літвы і Латвіі, у прыватнасці пенсіянераў і маламаёмасных, паездкі ў Рэспубліку Беларусь сталі ўстойлівай крыніцай атрымання неабходных тавараў і медыкаментаў.

З другога боку, і гэтага не хавае кіраўніцтва краіны, увядзенне бязвізавага рэжыму дазваляе дэманстраваць адкрытасць Рэспублікі Беларусь да аднаўлення нармальнага раўнапраўнага ўзаемадзеяння з суседнімі дзяржавамі, захоўваць сувязі з беларускай нацыянальнай меншасцю, пераадольваць інфармацыйную блакаду з боку палітычных эліт суседніх краін праз міжасобасныя камунікацыі. Беларускі бязвіз парадзіў такое паняцце як народная дыпламатыя. Палітыкі, ідэолагі і прапагандысты могуць гаварыць многа і пераканаўча, аднак калі з Беларусі з поўным бакам таннага бензіну і багажнікам тавараў, набытых па прыемным кошце, вяртаецца сусед – аргументы ўлады пра тое, як дрэнна мы жывем, губляюць сваю моц.

Народная дыпламатыя – гэта тое, што дазваляе нам сёння супрацьстаяць пастаянным інфармацыйна-псіхалагічным атакам, якім падвяргаецца наша краіна з аднаго боку і еўрапейскае насельніцтва з другога. І гэта вельмі злуе заходніх палітыкаў, якім не ўдалося рэалізаваць свае планы па адрыве Беларусі, па блакадзе нашай краіны ад заходняга грамадства.

А нашая гісторыя і нашая культура, безумоўна, звязаныя ў тым ліку і з гісторыяй і культурай еўрапейскіх дзяржаў. І разрываць гэтыя адносіны – гэта, па сутнасці, знішчаць даўнія моцныя традыцыі ўзаемапаважлівых адносін паміж нашымі грамадствамі, што, натуральна, таксама недапушчальна. Карысталіся ж яны ў дасанкцыйныя часы бязвізам для наведвання нашага Славянскага базару і іншых міжнародных культурных і спартыўных мерапрыемстваў.

Такім чынам, гаворачы пра бязвіз у прыватнасці і пра беларускую палітыку ўвогуле, можна смела сцвярджаць, што сёння мы – прыклад для іншых еўрапейскіх дзяржаў і для ўсяго свету, бо бясспрэчны факт: адкрытая краіна не можа быць варожай.
І яшчэ, урад мяняецца, а людзі застаюцца. І яны будуць памятаць, а іх дзеці будуць ведаць, што мы не закрывалі свае межы, не ўмацоўвалі іх, не будавалі агароджы. Наша палітыка – палітыка добрасуседства.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о