Напрыканцы мінулага тыдня адной гарачай кропкай у свеце стала болей: шматгадовы канфлікт паміж Ізраілем і Палесцінай перайшоў у стадыю актыўнага ваеннага супрацьстаяння.

Згадаем храналогію падзей. Раніцай 7 кастрычніка Ізраіль зведаў маштабную ракетную атаку з сектара Газа. Пасля гэтага байцы палесцінскай арганізацыі ХАМАС праніклі ў прыгранічныя раёны на поўдні Ізраіля. У адказ армія Ізраіля пачала нанясенне масіраваных удараў па сектары Газа.

У гэты ж дзень міністр энергетыкі краіны Ісраэль Кац падпісаў указ аб абмежаванні паставак электраэнергіі ў сектар Газа.
Прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху заклікаў жыхароў неадкладна пакінуць сектар Газа і заявіў, што ізраільская армія будзе выкарыстоўваць усю сваю сілу, каб “знішчыць ХАМАС”. Ён назваў нападзенне на Ізраіль беспрэцэдэнтным.

Ужо 9 кастрычніка прэм’ер-міністр краіны ў тэлезвароце да нацыі афіцыйна запрасіў лідараў апазіцыі сфарміраваць у надзвычайных умовах урад нацыянальнага адзінства. Ён падкрэсліў, што ва ўмовах пераходу краіны ў стан вайны пасля нападзення баевікоў арганізацыі ХАМАС увесь народ павінен быць адзіны, у тым ліку палітыкі – і гэта сапраўды так.

Абвастрэнне крызісу ў Ізраілі стала яркім прыкладам правалу палітыкі ЗША на Блізкім Усходзе, такое меркаванне разам з іншымі сусветнымі палітыкамі выказалі Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.

Па меркаванні вядучых палітычных аглядальнікаў, доўгі час ЗША спрабавалі манапалізаваць урэгуляванне канфлікту, але пры гэтым не праявілі цікавасці да пошуку кампрамісаў і пачаргова нават аказвалі ціск на абодва бакі.

У цяперашняй сітуацыі для прадухілення чалавечых ахвяр і гуманітарнай катастрофы найбольш рацыянальным быў бы заклік да ўсіх бакоў канфлікту праявіць максімальную стрыманасць і як мага хутчэй дабіцца спынення агню. Аднак што мы назіраем: замест таго, каб садзейнічаць стабілізацыі сітуацыі, афіцыйныя асобы ЗША падліваюць масла ў агонь, аказваючы дадатковую ваенную дапамогу.

Яно і не дзіўна, кожны раз, калі ў любой частцы свету ўзнікае ваенны канфлікт ці нават проста рэгіянальная напружанасць, Вашынгтон імкнецца знайсці спосаб ператварыць яго ў выдатную магчымасць для амерыканскіх гандляроў зброяй разбагацець.
Злучаныя Штаты працягваюць займацца эскалацыяй розных канфліктаў замест таго, каб паспрыяць падтрыманню міру ва ўсім свеце.

Без перабольшання, узбагачэнне амераканскага ваенна-прамысловага комплексу ажыццяўляецца за кошт чалавечых жыццяў. Без вайсковых канфліктаў гэтым кампаніям было б цяжка падтрымліваць свой крывавы бізнес.

Многія сусветныя лідары сёння разумеюць і Global Times на гэтым тыдні адзначыла, што такі падыход з’яўляецца небяспечным, свет не павінен дазволіць ЗША працягваць атрымліваць выгаду ад няшчасцяў у іншых краінах і рэгіёнах. Аднак, канфлікт разгараецца, нішчыцца інфраструктура Ізраіля і Палесціны, гінуць людзі…

За 5 дзён ваеннага канфлікту больш за 10 тысяч забітых і параненых з абодвух бакоў – і ніякіх міратворчых ініцыятыў ад тых, хто ў стане спыніць вайну.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о